. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




12/21/13

Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва»

Паўла Урбан


   Пытаньне гэтае тым больш важнае, што ад даўжэйшага часу савецкая гістарыяграфія, у тым ліку й гістарыяграфія БССР, усялякімі магчымымі спосабамі выкрыўляе й хвальшуе гістарычнае мінулае беларускага народу.
Што-ж тычыцца літоўскага пэрыяду ў гісторыі нашага народу, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дык пэрыяд гэты, выражаючыся лагодна, зусім выкінуты з нашага гістарычнага мінулага. І гэта зроблена зусім сьведама й зроблена таму, каб ня шкодзіць цэласьці канцэпцыяў гэтай гістарыяграфіі пра беларускі народ, як «безьдзяржаўны народ» у мінулым, пра так званую «гістарычна-нацыянальную супольнасьць» беларускага народу з расейскім. З гэтае прычыны мы ня маем ніводнае гістарычнае працы, якая была-б выдадзеная ў БССР ды спэцыяльна была-б прысьвечаная гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ці гісторыі беларускага народу гэтага літоўскага пэрыяду. Калі ня ўлічваць пару выняткаў, няма іх і ў вагульнасавецкай гістарыяграфіі. У тым выпадку, калі ў тых ці іншых абагульняльных гістарычных працах і закранаецца гісторыя беларускага народу гэтага літоўскага пэрыяду, дык яна насьвятляецца ў такі спосаб, што ствараецца ўражаньне, нібы ў гэтым літоўскім перыядзе беларускі народ перажываў «нацыянальнае прыгнечаньне», а ягоная гістарычная дзейнасьць зводзілася да «пакутніцтва за рускую справу» й няспыннага змаганьня супраць «прыгнятальнікаў» «за аб'еднаньне з Маскоўшчынай» ці «вялікім расейскім народам»[1]. Пры гэтым хвальшаваньне гісторыі заходзіць так далёка, што навет дапускаецца падобная нелягічнасьць:
«Да Расейскай дзяржавы, - чытаем мы ў «Истории БССР», - цягнулася й частка праваслаўных феадалаў Беларусі, якія былі незадаволеныя прыгнечаньнем літоўскіх магнатаў. Напрыклад, у 1481 г. князі Міхаіл Алелькавіч, Фёдар Гальшанскі й Фёдар Бельскі ачолілі змову, якая ставіла сваёй мэтай аддзяліць ад Літвы беларускія землі й далучыць іх да Расейскага гаспадарства. Гэтая змова, аднак, была выкрыта. Алелькавіч і Гальшанскі былі пакараныя сьмерцяй, а Бельскі зьбег да Масквы»[2].

Найперш неабходна адцеміць, што змова гэтая, ачоленая названымі князямі, у тым ліку й Іванам Гальшанскім, а ня Фёдарам, мела зусім іншыя палітычныя мэты. Заняўшыся сваей дынастычнай і прапольскай палітыкай у Чэхіі й Вугоршчыне, вялікі князь літоўскі й адначасна польскі кароль Казімер занядбаў нацыянальна-палітычныя інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе. Гэта выкарыстаў маскоўскі князь Іван ІІІ для свайго наступу на Вяліканоўгарадзкую рэспубліку, якая дасюль адыйгрывала ролю буфэрнае дзяржавы між ВКЛ і Маскоўскім княствам. Не зважаючы на тое, што ноўгарадзкае баярства неаднаразова зьвярталася за дапамогай да ВКЛ і самога князя Казімера, прапануючы пры гэтым заключэньне больш цеснага саюзу між двума гаспадарствамі й вуніі ў васобе вялікага князя літоўскага, а таксама не зважаючы на дамаганьні Вялікакняжае Рады абвясьціць вайну Маскоўшчыне, Казімер заставаўся нібы глухім да ўсяго гэтага. Ён таксама адмовіўся выкарыстаць абставіны 1480 году, калі ўзбунтаваныя браты Івана ІІІ князі Барыс і Андрэй Старэйшы зьвярнуліся за дапамогай да ВКЛ і атрымалі рашучую адмову ды калі хан Залатой Арды Ахмат змушаны быў дарэмна чакаць літоўскае падтрымкі, стоячы на ўзьмежжы Маскоўскага княства. Вось-жа ў гэтых крытычных для ВКЛ абставінах і ўзьнікла палітычная змова супраць вялікага князя літоўскага Казімера, мэтай якое прадугледжвалася ягонае забіцьцё разам з сынамі, каб гэтым самым вярнуць бясьпеку ВКЛ на ўсходніх межах ды нарэшце пазбавіцца шкодных вунійных сувязяў з Польшчай. Дарэчы зазначыць, што вялікі князь Казімер ледзь не загінуў у падобны спосаб яшчэ ў 1453 годзе, калі на бурным сойме, на якім разглядалася спрэчка Ліцьвіноў з Палякамі за Падольле, ён быў ранены. У тым-жа годзе ўзьнікла пытаньне выбару новага вялікага князя, і на месца Казімера прапанавалася кандыдатура князя Сямёна Алелькавіча, брата Міхаіла Алелькавіча. З 1456 году справа новага вялікага князя ў васобе Сямёна Алелькавіча становіцца яшчэ больш надзённай, і ў гэтых захадах замены Казімера першарадную ролю адыйгравае князь Юры Сямёнавіч Гальшанскі. Як-бы па традыцыі кандыдатура Слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча, сына пакаранага ў 1481 годзе Міхаіла Алелькавіча, высоўвалася таксама й пры выбарах вялікага князя літоўскага ў 1492 годзе.
Гэтая маленькая экскурсія ў гісторыю тут была неабходнай з гледзішча на падобную нахабнасьць у насьвятленьні нашага гістарычнага мінулага. Але галоўнае заключаецца ў васьветчаньні: «Да Маскоўшчыны цягнулася й частка праваслаўных феадалаў Беларусі, незадаволеных прыгнечаньнем літоўскіх магнатаў». Князі Міхаіл Алелькавіч Слуцкі, Іван Гальшанскі й Фёдар Бельскі былі праваслаўнага веравызнаньня. Аднак, калі карыстацца тэрміналёгіяй савецкай гістарыяграфіі, паводля паходжаньня яны былі Літоўцамі, як і іншыя «літоўскія магнаты». Прадзедам Міхаіла Алелькавіча й Фёдара Бельскага быў князь Уладзімір, сын вялікага князя Альгерда. Князь Іван Гальшанскі, праўдападобна, паходзіў зь іншага адгаліненьня літоўскіх князёў. У Быхаўскай кроніцы князі Гальшанскія ў вадным месцы выводзяцца ад князя Міндоўга, а ў іншым месцы - з роду полацкіх князёў (з «поколеня руского»)[3]. Якім-жа цудам тыя самыя «літоўскія феадалы», «прыгнятальнікі беларускага народу», маглі выступіць супраць собскіх інтарэсаў, каб шляхам «вызваленьня» гэтага народу самым трапіць у чужацкую няволю?
З гледзішча насьвятленьня гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў ягоным першапачаткавым пэрыядзе вымоўнай зьяўляецца праца навуковага супрацоўніка Інстытуту гісторыі Акадэміі навук СССР В.Пашуты, выдадзеная ў 1959 годзе пад назовам «Утварэньне Літоўскага гаспадарства». У гэтай першай у вагульнасавецкай гістарыяграфіі спэцыяльнай працы пра ВКЛ найбольш ярка праявіліся антыбеларускія тэндэнцыі ў паглядах на гісторыю гэтага княства. Фактычна, бязь ніякіх найменшых засьцярогаў, гісторыя гэтая сьпісана на конта сяньняшняе Летувы, і беларускі народ выступае ў ёй, як аб'ект заваёваў і калянізацыі. Ды й пра беларускі народ і старажытныя беларускія княствы найменш тут гутаркі, бо яны залічаны ў склад Кіеўскай Русі й гэтак званы «старажытны рускі народ». З другога боку, прарасейская канцэпцыя гісторыі Беларусі ў ёй дае знаць пра сябе з асаблівай сілай. Адным словам, у сувязі з татарскай і нямецкай загрозай і ўпадкам Русі ўваход Беларусі ў склад ВКЛ «быў меншым злом»:
«Калі маскоўскі ўрад змог здабыцца на дастатковую сілу для змаганьня з гэтай загрозай, - працягвае В.Пашута, паўтараючы й у іншых мясцах, - узмоцніўся пацяг да яго земляў, заселеных этнічна блізкім народам. Гэта адбілася й на палітыцы пануючых праслойкаў. Пачаліся ад'езды ў Маскву... Многа пральлецца крыві, пакуль ужыцьцявіцца ўзьеднаньне расейскіх, украінскіх і беларускіх земляў»[4].
Дзіўнай ёсьць і сама тэорыя ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, якую тут праводзіць В.Пашута й трымаецца яе да канца свае працы. Гэта тэорыя эканамічнага матарыялізму, згодна якое ўзьнікненьне ВКЛ было «заканамерным рэзультатам зьменаў у гаспадарскім і грамадзкім разьвіцьці краіны», г.зн. неакрэсьленае старажытнае Літвы. Калі пасьлядоўна прытрымоўвацца гэтае тэорыі ды лічыць тую неакрэсьленую старажытную Літву, як простую папярэдніцу сяньняшняе Летувы, дык у такім выпадку як прыходзіцца разглядаць факт утварэньня Вялікага Княства Літоўскага амаль вылучна на тых землях, якія ў сілу гэтае тэорыі мелі ці прынамся павінны былі мець сваё падобнае «заканамернае» разьвіцьцё.

1

Гісторыя ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага ці Літвы, як яно звычайна называлася, даволі складанае пытаньне. І гэта таму, што час не захаваў для нас ні полацкіх, ні смаленскіх, ні наваградзкіх, ні іншых беларускіх старажытных летапісаў, якія, як сьветчаць некаторыя ведамкі, існавалі бясспрэчна й якія загінулі праўдападобна яшчэ ў ХІІІ ці ХІV стагодзьдзях. Пазьнейшыя літоўскія летапісы, пісаныя пераважна ў ХVІ стагодзьдзі, у бальшыні выпадкаў паведамляюць нам у гэтым пытаньні чыстую фантазію й кучу нязьвязаных між сабой і з часам здарэньняў і дзеяў паасобных, праўдападобна, прыдуманых пэрсанажаў. Ведамкі іншых тагачасных ці крыху пазьнейшых кронікаў і летапісаў - польскіх, Тэўтонскага й Лівонскага ордэнаў, вяліканоўгарадзкіх, маскоўскіх і галіцка-валынскіх - выпадковыя й закранаюць галоўным чынам толькі гісторыю войнаў, набегаў Ліцьвіноў на суседнія землі ці такіх-жа набегаў суседзяў на ВКЛ, Падобны незадавальняючы стан зь гістарычнымі крыніцамі мусіць, ведама, адбівацца й на паўнаце насьвятленьня гісторыі ўтварэньня ВКЛ ды спрычыняецца да ўзьнікненьня розных палітычна-прадузятых канцэпцыяў.
Пры пастаноўцы пытаньня пра нацыянальны характар гістарычнага тэрміну «Літва», «літоўскі», як наагул пры пастаноўцы пытаньня пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага, няўхільна ўзьнікае й пытаньне, хто быў першапачаткавым носьбітам гэтага тэрміну, які народ ці племя называліся ім. Гэта дапаможа ўнікнуць лішніх недаразуменьняў і непатрэбных нацяжак, дапаможа падыйсьці да праблемы ўсебакова й аб'ектыўна.
Найстарэйшай крыніцай, у якой паяўляецца тэрмін «Літва»*[5], ёсьць гэтак званыя «Анналы Квэдлінбургскія», пісаныя перад 1025 годам. Тут пра Літву гаворыцца («in confinio Rusciae er Lituae») ў сувязі з паведамленьнем аб забойстве сьв. Бруна ў Прусіі ў 1009 годзе[6]. У кроніцы Тытмэра, япіскапа Мэрзэбургскага, пісанай перад 1018 годам, таксама паведамляецца пра гэтае здарэньне, аднак у ёй апушчаны ўспамін пра Літву й гаворыцца толькі аб Прусіі й Русі[7]. Праўда, і ведамка Квэдлінбургскага летапісу для нас зьяўляецца малаважнай, бо яна й абмяжоўваецца толькі напамінам пра існаваньне гэтага тэрміну ці племя, якім апошняе называецца. Дзеля гэтага, а таксама ў сувязі з тым, што ў заходніх летапісцаў заўважаецца тэндэнцыя прыймаць старажытных Прусаў і Літоўцаў за адну й тую-ж этнічную групу, для нас больш цікавымі могуць быць «Жыцьці» сьв. Адальбэрта (Войцеха), напісаныя на пераломе Х і ХІ стагодзьдзяў Янам Канапараюсам і архіяпіскапам Брунам. У іх выказваецца шкадаваньне, чаму сьв. Адальбэрт, які быў забіты ў Прусіі ў 997 годзе, не пайшоў, як ён перш хацеў, да Люцічаў, каб сярод іх пашыраць хрысьціянства. А гэта таму, што, сам будучы славянінам і такім парадкам разумеючы й мову Люцічаў, пры найменшай небясьпецы ён мог-бы замаскавацца й ўнікнуць гвалтоўнае сьмерці («Ad ferocium quidem Liutizorum ydola surda praedicacionis equos flectere placuit, quorum linguam cognovit, et quos necdum visus, mutata veste et habitu fallere potuit»)[8]. Што іншае, нібы выводзяць жыцьцяпісцы, прарочыла cьв. Адальбэрту (Чэх з походжаньня) зусім чужая пруская зямля, даючы гэтым зразумець, што Прусія згодна іхнага дасьветчаньня не ўваходзіла ў славянскі сьвет. Між іншым, падобную думку аб Прусіі выказвае й Гал Ананім. У сваёй кроніцы, напісанай дзесьці перад 1117 годам, ён сьветчыць:
«Дык вось, ён (польскі кароль Балеслаў ІІІ - П.У.) напаў на Прусію, краіну дастаткова барбарскую, і, жадаючы знайсьці прычыну да вайны й не знайшоўшы яе, вярнуўся стуль зь вялікай здабычай, спаліўшы ўсё й захапіўшы шмат палонных. Але калі ўжо так здарылася, што мы ўспомнілі пра гэты край, дык ня будзе лішнім прыбавіць яшчэ штосьці да гэтага з апавяданьняў продкаў. Пайменна, у часы Карла Вялікага, калі Саксонія адносілася да яго няпрыхільна, варожа ставілася да ягонае ўлады й ня прыймала хрысьціянства, народ гэтай краіны перабраўся на караблёх із Саксоніі й заняў гэтую зямлю, атрымаўшы адначасна й назоў гэтай краіны (г.зн. Пpycii). Гэтак да гэтага часу жывуць яны без караля й без закону ды не забываюць ранейшага адступніцтва й дзікунства»[9].
* У пару месцах свае працы бізантыйскі імпэратар Канстантын Парфіражанэт (905-959) успамінае пра адно славянскае племя Лензанінаў ці Ленцанінаў, памяшчаючы іх побач Крывічоў, Дрыгвічоў і Драўлянаў. Гісторыкамі дасюль ня выясьнена, якое племя магло быць iмі. Магчыма бізантыйскі імпэратар тут меў на ўвазе якраз старажытных Літоўцаў (Constantine Porphyrogenitus, De Administrando Іmреrіо. Magyar-Gorog Tanulmanyok, 29, Budapest, 1949, р.57-59, 169).
Бясспрэчна, мы ня можам пагадзіцца з гэтай канцэпцыяй Гала Ананіма пра паходжаньне Прусаў, аднак яна адлюстроўвае тую-ж тэндэнцыю адносіць апошніх да зусім іншае этнічнае гpyпы.
Цікава тут заўважыць, што польскія кронікі ХІ і ХІІ стагодзьдзяў ня ведаюць тэрміну «Літва» ды ўспамінаюць толькі Прусаў. Магчыма таму, што на ўсходзе ў тыя часы Польшча сустракалася зь Кіеўскай Русьсю й уладаньнямі полацкіх князёў, якія з гледзішча на прынятую «рускую веру» таксама выступалі, асабліва ў замежных крыніцах, пад назовам Русі. Із старажытнымі Літоўцамі, якія дасюль прызнавалі зьверхніцтва полацкіх князёў, Польшча сустрэлася толькі ў ХІІІ стагодзьдзі. Ня выключана таксама й тое, што ў тыя далёкія часы плямёны гэтага абшару вазёраў, балотаў і пушчаў у польскіх паданьнях выступалі пад абагульняльным назовам «Прусы».
Тэрмін «Літва» ня сустракаецца таксама ні ў царкоўнай гісторыі Адама Брэмэнскага з апошняе чвэрткі ХІ стагодзьдзя, ні ў «Славянскай кроніцы» Гэльмольда, напісанай сто гадоў пазьней дзесьці каля 1171 году. Што-ж датычыцца Прусаў, дык, ня ў прыклад аўтарам «Жыцьцяў» сьв. Адальбэрта ні зацытаванаму тут Галу Ананіму, апошніх яны залічаюць да сям'і славянскіх народаў. У Адама Брэмэнскага гэта асабліва відаць з тых мясьцінаў, дзе ён, пералічаючы народы ўзьбярэжжа Балтыцкага мора, у вадным месцы гаворыць, што паўднёвы ягоны бераг засяляюць славяне («Itague latere illius ponti ad austro Sclavi, ad aquilone Suedi possederunt»), а ў іншым месцы, пералічаючы абтокі, якія належылі славянам, успамінае й пра «абток Землянд», заселены Прусамі («Tertia est illa quae Semland dicitur, contigua Ruzzis et Polanis; hаnс іnhаbitаnt Sеmbi vеl Рruzzi...»)[10]. Гэльмольд із свайго боку Прусаў умяшчае ў разьдзел «Пра падзел славянаў» і тут гаворыць пра іх, як пра адзін із славянскіх народаў[11]. У сувязі з гэтым цікава адцеміць, што ў сваіх успамінах Віперт, адзін із спадарожнікаў сьв. Бруна, піша, што ў Прусіі яны былі ветліва прынятыя «каралём Нотымерам», які, пераканаўшыся ў сіле хрысьціянства, зараз-жа ахрысьціўся зь іншымі сваімі дружыньнікамі ў ліку 300 чалавек[12]. Нотымер ці Нотымір - гэта адно ізь імёнаў, якія былі пашыраныя сярод славянаў.
З найстарэйшых усходняславянскіх летапісаў для нас асаблівую важнасьць мае гэтак званая «Повесть временных лет» манаха Несьцера, пісаная ў Кіеве ў пачатку ХІІ стагодзьдзя й тады-ж зьмененая й дапоўненая іншымі аўтарамі. У выглядзе апрычонага твору яна не захавалася, а найстарэйшы ейны сьпісак мы знаходзім у складзе суздальскага «Лаўрэньцеўскага летапісу з 1377 году. Зь некаторымі невялікімі зьменамі цэласьць «Повести временных лет» паўтараецца й у іншых летапісных кампіляцыях, як, напрыклад, у Іпацеўскім і Радзівілаўскім летапісах з ХV стагодзьдзя. Усе яны, аднак, чэрпалі свой матар'ял не з арыгіналу, але зь іншых кампіляцыйных летапісных зборнікаў. Аўтэнтычнасьць ведамак дайшоўшага да нас сьпіска «Повести временных лет» мы ня можам праверыць і на падставе шмат старэйшага за Лаўрэньцеўскі летапіс Ноўгарадзкага пергаменнага летапісу, бо пачатак апошняга загублены. З гэтае прычыны да «Повести временных лет» мы павінны адносіцца зь некаторымі засьцярогамі. У «Повести временных лет» тэрмін «Літва» паўтараецца некалькі разоў, і пра гэтую Літву аўтар ці аўтары адклікаюцца наступна:
«Се бо токмо Словенеск язык в Руси: Поляне, Деревляне, Ноугородьци, Полочане, Дреговичи, Север, Бужане, зане седоша по Бугу, после же Велыняне. А се суть инии языци, иже дань дають Руси. Чюдь, Меря, Весь, Мурома, Черемись, Мордва, Пермь, Печера, Ямь, Литва, Земигола, Корсь, Нерова (Норома), Либь: си суть свой язык имуще, от колена Афетова, иже живуть в странах полунощных»[13].
Значыцца, тут старажытныя Літоўцы выключаюцца з асяродзьдзя славянскіх племяў і адносяцца да іншамоўных. Між іншым гэта адзіная ведамка, якая так выразна закранае пытаньне нацыянальнага характару старажытных Літоўцаў. У іншых летапісах яна паўтараецца толькі ў кантэксьце й у сувязі з паўтарэньнем цэласьці «Повести временных лет». Паза гэтым-жа пра Літву ўспамінаецца неазначана, а таму бадай немагчыма з падобных ведамак зрабіць які-колечы выснаў. Праўда, у Іпацеўскім летапісу, які выкарыстаў у якасьці крыніцы й Галіцка-Валынскі летапіс з канца ХІІІ стагодзьдзя, пад 1258 годам ёсьць яшчэ адна заўвага пра Літоўцаў. Пайменна, летапісец паведамляе, што, будучы запрошанымі князём Данілам у паход на Кіеў і абыйдзенымі пры распадзеле здабычы, захопленай у Вазьвягле, Літоўцы ўзбунтаваліся й пачалі наракаць і сыпаць праклёны на сваёй мове («тоужахоу же и плевахоу, по своискы рекоуще янда, взывающе богы своя Андая и Дивирикса и вся богы своя, поминающе рекомыя беси»[14]). Аднак якая была гэтая мова, нам няведама. Расшыфроўваць яе, спасылаючыся на назовы бостваў, мы таксама ня можам, бо боствы з падобнымі назовамі маглі быць і ў славянаў. Яны нічуць ня розьняцца, напрыклад, ад Хорса, Сімаргла й Мокаша, успомненых у «Повести временных лет», ці ад Прове, Радагоста-Сварожыча, Подага й Сьвятавіта, успомненых у «Славянскай кроніцы» Гэльмольда. Ды на чале гэтага экспэдыцыйнага літоўскага аддзелу, пра які тут гаворыць летапісец, стаялі ваявода Хвал і князь Сірвід Рушковіч.
Пра Літву, як апрычоную зямлю ці край, і бітву зь Літоўцамі дзесьці пад Гораднем аднаго з полацкіх князёў Ізяслава Васількавіча ўспамінаецца таксама ў літаратурным творы «Слова аб палку Ігаравым», напісаным хутка пасьля 1185 году. Аднак і аўтар «Слова» ня йдзе далей гэтага напаміну, ды, дарэчы, усьлед за францускім навукоўцам А.Мазонам і некаторыя савецкія гісторыкі (напрыклад, доктар А.Зімін) прыходзяць цяпер да выснаву, што гэтае «Слова» было літаратурнай падробкай канца ХVІІІ стагодзьдзя[15].
Больш вартаснай крыніцай ці гістарычным даведнікам зьяўляецца для нас «Лівонская кроніка» Гэнрыка Лівонскага. Сваю кроніку ён пісаў дзесьці ў 1225-1226 гадох і дапоўніў яе яшчэ адным разьдзелам у 1227 ці ў 1228 годзе. Згодна практыкі тых часоў Гэнрык Лівонскі таксама не закранае пытаньня ні моваў тых народаў, дзеі якіх ён апісвае, ні наагул іхных нацыянальных асаблівасьцяў. Пад тэрмінам «Русі» ці «рускіх» ён абагульняе Полацкае княства й полацкіх Крывічоў і супрацьстаўляе ўсім «Русам» Літоўцаў, якія для яго жывуць дзесьці на поўдзень ад Дзьвіны. Толькі спасылаючыся на прозьвішчы літоўскіх князькоў, як, напрыклад, Сьвельгатэ й Даўгэрутэ, і падобныя прозьвішчы важакоў латыскіх плямёнаў, якія ён час ад часу называе, можна прыйсьці да выснаву, што тут гутарка ідзе пра неславянскія народы[16], хоць праўда, падобныя прозьвішчы не заўсёды могуць супадаць з адпаведным народам.
Пазнаньскі япіскап Богуфал (1255-1265) у сваёй кроніцы, прадоўжанай адным ізь ягоных сучасьнікаў Басткам, называе ўжо й Жамойць, прылучаючы апошнюю да Прусаў, Яцьвягаў, Літоўцаў і невядомых нам Палексіянаў (Роllехіаnі - Паляшукі ці Падляшане?). Асабліва ён зьмешвае ў вадно Прусаў і Літоўцаў, і вялікага князя Міндоўга (Mendolpho) ўважае найперш за «караля» Прусаў[17].
Як і Гэнрык Лівонскі ці пазнаньскі япіскап Богуфал, у сваёй «Сrоnіса Terrae Prussiae», напісанай у 1326 годзе, Пётра Дузбурскі не дае простага адказу на пытаньне, кім-жа былі, нарэшце, Прусы й Літоўцы. Праўда, як што да першых, так і апошніх ён цьмяна запачаткоўвае канцэпцыю пра гэтак званае іхнае «рымлянскае» ці «італьянскае» паходжаньне. Канцэпцыя гэтая пасьлей будзе падхопленая Янам Длугашам і літоўскімі летапісцамі ХVІ cтaгoдзьдзя. У Пётры Дузбурскага гэтая канцэпцыя вынікае з тых мясьцінаў, дзе ён намякае, папершае, на вайну, якая вялася быццам супраць Прусаў Юліям Цэзарам, а, падругое, цэнтры паганскіх культаў у Прусіі й Літве на чале з вышэйшым пастарам Крывэ - два ідэнтычныя месцы Ромаў - выводзіць ад Рыму[18]. Аднак, як ведама, канцэпцыю гэтую прысабечвалі шматлікія народы, у тым ліку, як сьветчыць у сваёй «Славянскай кроніцы» Гэльмольд, і Люцічы[19]. Таму нацыянальных прыметаў Літоўцаў трэба шукаць не ў вапошняй канцэпцыі, але ў іншых асьветчаньнях, якіх у Пётры Дузбурскага мы знаходзім шмат. Пайменна, неславянскае паходжаньне Літоўцаў у кроніцы Пётры Дузбурскага падцьвярджаецца, найперш, тымі мясьцінамі, дзе ён пад тэрмінам «Літва» разумее як тэрыторыю собскае Літвы, так і тэрыторыю Жамойці[20]; падругое, дзе ён гэтую тэрытарыяльную цэласьць разьдзяляе на собскую Літву ці Аўкштоту (Austechia) i тую самую Жамойць (Samethia)[21]; патрэйцяе, дзе ён Жамойтаў залічае да тых-жа Літоўцаў («Lethowini de Samethia cum omni potencia exercitus sui venerunt occulte et improvise ad castrum Raganitam et impugnaverunt illud»; «Lethowini de Samethia cum exercitu suo expugnaverunt civitatem Memelam»)[22]. Між іншым, падобнае выдзяленьне Жамойці зь Літвы й аднясеньне Жамойтаў да тых-жа Літоўцаў («Eodem anno - 1331 - magister Lyvonie cum exercitu terram Littowie, que Sameiten vocatur, intravit») мы знаходзім у «Еріtomе Gestorum Prussie» самбійскага каноніка, пісаных пасьля 1338 году[23]. З другога боку, як Пётра Дузбурскі, так і апошні самбійскі канонік у шматлікіх выпадках і ў самы падробны спосаб выдзяляюць зь літоўскага асяродзьдзя «Рутэнаў». Пётра Дузбурскі, напрыклад, Прусію мяжуе найперш з «Русіяй» і потым толькі зь Літвой, якую ад Прусіі дзеліць рака Нёман[24], залічаючы гэтым самым да гэтае «Русі» тэрыторыю сяньняшняй Аўгустоўшчыны. Далей, расказваючы пра бітвы й паадзіночныя схваткі крыжакоў зь Ліцьвінамі, у некаторых выпадках між апошнімі ён вылучае «Рутэнаў», што ў той ці іншы спосаб адлічыліся сваімі баявымі выхадкамі[25]. Самбійскі канонік, паведамляючы пра аблогу вялікім князем Віценям у 1315 годзе крыжацкае цьвярдыні Крыстмэмэля, у сваю чаргу зазначае, што Віцень меў пры сабе й «рускіх лучнікаў» («multos secum habentes sagittarios Ruthenorum»)[26]. У іншым месцы пад 1330 годам ён піша пра напад на Курляндыю вялікага войска «Літоўцаў і Рутэнаў» («Magnus exercitus Litwinorum et Ruthenorum Curoniam circa dominicam reminiscere intravit»)[27]. Наагул вялікага князя Віценя Пётра Дузбурскі тытулуе ўжо «каралём Літоўцаў і Рутэнаў» («rex Lethowinorum et Ruthenorum»)[28]. Як Пётра Дузбурскі, так і самбійскі канонік апошніх «Рутэнаў» называюць яшчэ й Крывічамі, і гэта яны робяць у тых мясьцінах, дзе апісваюць напад крыжакоў на Наваградак у 1314 годзе[29]. У іншым месцы самбійскі канонік гэтыя два тэрміны як-бы спалучае ў вадно, пішучы, што «Eodem anno fratres habebant expedicionem in fines Ruthenorum Criwicz»[30].
Аднак у Пётры Дузбурскага заўважаецца адначасна й супрацьлеглая тэндэнцыя ці тэндэнцыя ўлучаць у собскую Літву й землі гэтае «Русі», пра якую ён тут гаворыць, ці землі Заходняй Беларусі й у першую чаргу Горадзеншчыну[31]. Разам з гэтым ён вырозьнівае таксама собскую Літву ці Вялікае Княства Літоўскае, тады яшчэ ў працэсе фармаваньня, ад Жамойці, бо толькі першую разглядае, як «зямлю вялікага князя» («terra regis»)[32], выстаўляючы апошнюю часамі ў няпрыхільных адносінах да гэтага Вялікага Княства Літоўскага[33]. Дарэчы й у Іпацеўскім летапісу мы шмат знаходзім прыкладаў, якія сьветчаць пра літоўска-жамойцкую варажнечу ў ХІІІ стагодзьдзі, асабліва ў часы княжаньня вялікага князя Міндоўга. Магчыма, што ў сувязі з гэтым Пётра Дузбурскі й горадзеньскага ваяводу князя Давыда больш ужо не называе «Рутэнам», залічваючы яго гэтым самым да тых-жа Ліцьвіноў[34].
Такімі былі-б у васнаўным найважнейшыя ведамкі пра старажытную Літву, якія мы знаходзім у найстарэйшых летапісах ці кроніках. Зьвернемся цяпер да добра знанага асьветчаньня ў гэтым пытаньні вялікага князя Вітаўта, якое захавалася ў ягоным лісьце з 11 сакавіка 1420 году, ськіраваным да нямецкага імпэратара Жыгімонта. Ліст гэты ўзьнік у вабставінах гарачых спрэчак за Жамойць, якія вяліся між Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі Прусіі. Як ведама, змагаючыся зь вялікім князем Ягайлам, а потым і з польскімі палітычнымі ўплывамі ў ВКЛ, князь Вітаўт неаднаразова ўваходзіў у саюз з крыжакамі за цану Жамойці. Пасьля Грунвальдзкай бітвы згодна ўмовы 1411 году Жамойць зноў вярнулася да Вялікага Княства Літоўскага, але крыжакі з гэтым не пагаджаліся. І вось у тым-жа 1420 годзе, разглядаючы гэтую спрэчку ў Вроцлаве, дзе прысутнічалі таксама й літоўскія пасланцы, імпэратар Жыгімонт раптам вырашае гэты спор у карысьць крыжакоў. У сувязі з гэтым і паявіўся ўспомнены ліст вялікага князя Вітаўта. У ім Вітаўт даводзіў да ведама:
«Вы выказаліся й прынялі пастанову што да Жамойці, якая ёсьць нашай спадчынай і нашай уласнасьцяй, як законная спадчына ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і цяпер ды якая таксама ёсьць і заўсёды была адзінай зь Літвой, бо-ж адна й тая самая мова й адны й тыя самыя людзі. Але дзеля таго, што Жамойць ляжыць ніжэй за Літву, яна й называецца Жамойцяй, што азначае палітоўску ніжэйшая зямля. А на Жамойці Літву называюць Аўкштотай, што значыць вышэйшая зямля ў параўнаньні да самой Жамойці. Аднак на Жамойці з даўных часоў людзі называюць сябе Літоўцамі й ніколі Жамойтамі, а таму з гэтае прычыны ў нашым тытуле мы ніколі ня пішам сябе з Жамойці, бо-ж усё ёсьць адно: і людзі й зямля...»[35].
Бясспрэчна, у гэтым выпадку вялікі князь Вітаўт крыху прыманіў, бо ён усё-такі ўжываў тытул «magnus dux Littwanie, Samathie et Rusie etc.», як гэта, напрыклад, знаходзім у ягоным акце з 1417 году, якім ён заснаваў новы Мядніцкі япіскапат на Жамойці[36]. Таксама й Жамойтаў ён абазначаў у якасьці як-бы апрычонага народу («gens Samagitarum»), як гэта захавалася, напрыклад, у ягоным пасланьні з 9 верасьня 1409 году, у якім ён перад хрысьціянскім сьветам абвінавачваў крыжакоў у іхных злых намерах што да Жамойці[37]. Таму ня дзівіць, што булай з 13 траўня 1418 году папа Мартын V назначае Вітаўта сваім сьвецкім заступнікам ня толькі на Літву й Русь (Украіна й Усходняя Беларусь), але й на Жамойць, у Вялікі Ноўгарад і Пскоў[38]. Дарэчы, як сам Вітаўт зазначае ў разгляданым лісьце, навет ягоныя пасланцы, высланыя ў Вроцлаў, не маглі чамусьці растлумачыць імпэраратару Жыгімонту, што такое ёсць гэтая Жамойць і чым яна зьвязана зь Літвой[39]. Аднак, якія не наступілі-б зьмены ў суадносінах паміж Літвой і Жамойцяй, працытаванае вышэй асьветчаньне вялікага князя Вітаўта ўсе-такі не пазбаўленая асновы. Як мы маглі канстатаваць вышэй, бадай тое самае сьцьвердзіў і Пётра Дузбурскі, і дапускаць, што ў гэтым выпадку Вітаўт толькі паўтарыў сьцьверджаньне Пётры Дузбурскага, ня маем падставаў. У сувязі з гэтым зазначым таксама, што й у жамойцкай скарзе, якая была ськіравана ў 1416 годзе на Канстанцкі сабор і якая, бясспрэчна, была прадыктаваная вялікім князем Вітаўтам, гэтаксама гаворыцца пра кроўную сувязь Літоўцаў з Жамойтамі («cum eadem gente Lithwanica cuius nos caro et ossa existimus»)[40].
Зусім іншыя пагляды на Літву мы сустракаем у Энэя Сільвіюса Пікколоміні (папа Пій ІІ, 1458-1464). Як ён сам сьцьвярджае, некаторыя ведамкі пра Літву ён зачэрпнуў з гутарак, што ён меў з чэскім тэалёгам Геранімам Праскім падчас Базэльскага сыноду (1432-1434, пазьней гэты сынод працягваў сваю працу перш у Фэрары, потым у Флярэнцыі). Геранім Праскі нейкі час быў прыватным сьвятаром і скарбнікам у караля Ягайлы, а потым быў ськіраваны, праўдападобна на просьбу вялікага князя Вітаўта, у Літву, дзе ён прыняў актыўны ўдзел у хрысьціянізацыі краю. Такім парадкам ведамкі пра Літву Пікколоміні меў зь першае рукі. Ён быў зьвязаны таксама зь мітрапалітам Літвы й «усяе Русі» Ізыдорам, назначаным на гэты пасад у 1439 годзе пасьля заключэньня Флярэнтыйскае царкоўнае вуніі. Апошні, як ведама, пабываў у Літве й навет наведаў Маскоўшчыну, дзе, праўда, быў увязьнены, але змог стуль уцячы. Дарэчы, будучы ўжо папам, ён бясспрэчна, карыстаўся й іншымі даступнымі яму крыніцамі. Вось-жа, што да Літвы ці Вялікага Княства Літоўскага ён піша:
«Літва з сваімі абшарамі мяжуе з Польшчай ад усходу... Рэдкія ў Ліцьвіноў гарады, таксама ня частыя й вёскі... Мова народу ёсьць славянская. Гэтая мова найбольш пашырана й падзелена на розныя разгаліненьні. Сярод славянаў адны належаць да Рымскае царквы, як Дальматы, Харваты, Карнійцы й Палякі. Іншыя прытрымоўваюцца памылак Грэкаў, як Баўгары, Русіны й шматлікія зь Ліцьвіноў. Зноў-жа іншыя выдумалі свае ўласныя гэрэзіі, як Чэхі, Маравы й Басьнякі, зь якіх вялікая частка трымаецца бязглузьдзіцы маніхейцаў. Некаторыя яшчэ жывуць дасюль у сьлепаце паганскай, як, прыкладам, шматлікія зь Ліцьвіноў пакланяюцца ідалам...»[41].
Пра Жамойць Энэй Пікколоміні не ўспамінае ў гэтым месцы. Затое ў якасьці славянскай краіны Літва выступае й у афіцыйных актах папскае курыі з часоў ягонага пантыфікату. Пра гэтае сьветчаць, прыкладам, ягоная була з 3 верасьня 1458 году, якою папа Пій ІІ назначыў Рыгора Баўгарына на пасад мітрапаліты Літвы й «ніжняе Русі» («electo Chievensi Lituanie et totius Russie inferioris»), a таксама ягоны ліст тае самае даты й у той-жа самай справе, пісаны да польскага караля й вялікага князя літоўскага Казімера[42].
Да Энэя Пікколоміні прымыкае Ян Багемскі, які выдаў сваю працу «Omnium Gentium Mores» y 1538 годзе. У вапошняга заўважаюцца моцныя запазычаньні зь Пікколоміні, аднак ёсьць і новыя моманты, як, напрыклад, насьвятленьне ўзаемадачыненьняў Літвы й Жамойці. Пра Літву ён цьвердзіць наступнае сьледам за Энэям Пікколоміні:
«Літва знаходзіцца на ўсход ад Польшчы й злучана з апошняй мяжой даўжынёю 90.000 крокаў, у большасьці балоцістая й лясістая... Рэдкія ў Літве гарады, ня густое й насельніцтва вёсак... Мова народу, як і Палякоў, славянская, і гэтая мова шырака ведамая й ёсьць супольнай шматлікім народам, зь якіх некаторыя прытрымоўваюцца абраду Рымскае царквы, прыкладам, Палякі, Дальматы, Харваты й Карнійцы. Іншыя-ж застаюцца ў грэцкім абрадзе, прыкладам, Баўгары, Русіны й шматлікія зь Ліцьвіноў. Некаторыя зь іх маюць свае ўласныя гэрэзіі, як Чэхі, Маравы й Басьнякі. Некаторыя прытрымоўваюцца брэдняў Гуса, найбольш маніхейцаў, ды ёсьць пэўная частка зь іх, што жывуць яшчэ ў паганстве й пакланяюцца балваном; апошніх шмат ёсьць сярод Ліцьвіноў...»[43].
Ян Багемскі адначасна ўлучае Жамойць у вапрычоны разьдзел, у якім піша пра Прусію й Лівонію, ды памяшчае яе на поўнач ад Літвы побач з Прусіяй. Праўда, ён зазначае таксама, што Жамойты маюць супольную мову зь Ліцьвінамі й Палякамі, але тут-жа дабаўляе, што на Жамойці польскую мову ўжываюць сьвятары ў сваіх пропаведзях[44].
Кароценькую заўвагу пра Літву мы знаходзім таксама ў геаграфічным нарысе з 1511 году, названым «Deсаstion», дырэктара Нюрнбэрскай Лаўрэньцеўскай школы Яна Коклеса Норыка, якім ён дапоўніў «Касмаграфію» П.Мэля. Ян Норык таксама цьвердзіць:
«Пасьля Польшчы знаходзіцца Літва, даволі абшырная й абкружаная шматлікімі балотамі й лясамі... Рэдкія ў Ліцьвіноў гарады, мала й вёсак... Мову ўжываюць славянскую, часткова хрысьціяне, часткова пагане. Маюць собскага князя, часта аднак падпарадкваюцца польскаму каралю»[45].
Аналізуючы закранутае намі пытаньне, мы ня можам, ведама, прамінуць «Гісторыю Польшчы» польскага гісторыка Яна Длугаша (1415-1480) і гэта тым больш, што ён беспасярэдня сустракаўся зь Літвой ці Вялікім Княствам Літоўскім. Ян Длугаш, які спэцыяльна цікавіўся паходжаньнем Літоўцаў, у гэтым пытаньні крочыць за Пётрам Дузбурскім, «Пруская кроніка» якога (у варыяньце Мікалая Ярошына) служыць яму крыніцай ды й у якога ён запазычае таксама канцэпцыю пра «рымлянскае» паходжаньне Прусаў, Літоўцаў і Жамойтаў. Праўда, што да Прусаў ён хістаецца, ня ведаючы, да якое этнічнае групы іх аднесьці: да літоўска-жамойцкае ці да якоесь іншае. Адным словам, у 2-ой кнізе сваей «Гісторыі Польшчы» Ян Длугаш піша:
«...(Прусы) Мелі ўласную мову, часткова зродненую з лацінскай, а крыху падобную да літоўскай, і бадай тых самых багоў, абрады й урачыстасьці... Прусаў, Ліцьвіноў і Жамойтаў аб'ядноўвала супольнасьць тых самых звычаяў, мовы й паходжаньня. У часе разгулу дамовых войнаў у Італіі, што вяліся між Цэзарам і Пампеям, яны, пакінуўшы старыя мясьціны, прыбылі ў надморскі край, які цяпер засяляюць. Сялібы свае заснавалі сярод пушчаў і пустэчаў, абароненых рэчкамі, вазёрамі й балотамі. Таксама на ўзор Рыму заснавалі галоўны горад Ромаў і тут пасялілі свайго вярхоўнага пастара (Крывэ). І хоць народы гэтыя розьняцца ў вымове словаў, прыкладам, як Палякі, Чэхі й Русіны, аднак-жа ў шматлікім збліжаюцца між сабою. Ня лічу іх выхадцамі з аднаго караня й моўнае сям'і, наадварот, паходжаньне Прусаў ёсьць іншае, чымся Ліцьвіноў і Жамойтаў. Прусіяс, кароль Бітыні, у якога, пасьля паразы ў вайне з Рымлянамі й уцёкаў, знаходзіўся на выгнаньні пуніцкі ваявода Ганібал, з намовы апошняга цішком распачаў вайну супраць Рымлянаў... Будучы разьбітым і пераможаным, Прусіяс, уцякаючы ад Рымлянаў, з сваім бітынскім народам перасяліўся на паўночнае ўзьбярэжжа й назваў яго (бітыйскі народ) сваім собскім імям ці Прусамі...»[46].
Да гэтага пытаньня, праўда, абмінуўшы Прусаў, Ян Длугаш вяртаецца ў 10-й кнізе, прысьвячаючы яму асобны разьдзел пад назовам «Lituаnоrum оrіgо er сultus Deorum»[47]. У наступным разьдзеле ён зноў высноўвае, што «Літоўцы, Жамойты й Яцьвягі, хоць і разьдзяліліся між сабой і атрымалі розныя назовы, складаюць адно цела й вядуць свой пачатак ад Рымлянаў ці Італьянцаў»[48]. Тут ён гаворыць таксама, што тэрмін «Жамойць» узьнік, як абазначаньне, у літоўскай мове, «ніжэйшае зямлі»[49]. У далейшым, аднак, у Яна Длугаша Жамойць выступае, як апрычоная краіна, заселеная асобным народам[50], які мае таксама й сваю собскую мову[51]. Што-ж датычыцца сьцісла літоўскае мовы, дык, характарызуючы яе, Ян Длугаш зазначае, што мова гэтая, сустракаючыся з уплывамі суседніх Народаў, перажыла працэс славянізацыі («Sermo his Latinus modica varietate distinctus, qui iam [etiam] ex commercio gentium vicmarum, ad proprietatem vocabulorum Slavonitarum [Sclavonicorum] defluxit...»)[52]. Гэтае нявыпадковае сьцьверджаньне зьяўляецца ў сутнасьці паўтарэньнем пагляду на Літву й мову Ліцьвіноў Энэя Сільвіюся Пікколоміні. Дарэчы зазначыць, што да вырашэньня пытаньня паходжаньня й нацыянальнай прыналежнасьці народаў Ян Длугаш падходзіць часамі заакадэмічна. У выніку, напрыклад, ён і славянскія плямёны Памаранаў і Руянаў атасамлівае зь Гепідамі й Кімбрамі[53].
Тут трэба зьвярнуць увагу таксама на асьветчаньне ў гэтым пытаньні невядомага крыжацкага сьвятара, які, як прызнае ён сам, для Яна Длугаша зрабіў лацінскі пераклад «Прускае кронікі» Пётры Дузбурскага (зь нямецкага варыянту Мікалая Ярошына), а таксама рытмаванай кронікі Віганда. Да апошніх перакладаў ён далучыў і свае собскія заўвагі, названыя «Terra Pomerania quomodo subjecta est Ordini Fratrum Theutonicorum». Гаворачы пра Памаранаў, іхнае славянскае паходжаньне й мову, няведамы нам аўтар сьцьвярджае, што мова гэтая аднолькава зразумелая як для Палякоў і Рутэнаў, так і для Ліцьвіноў і Прусаў[54].
У некаторым сэньсе да Яна Длугаша прымыкае Эразм Вітэліюс ці Цёлак, прыватны сакратар вялікага князя Аляксандра й Паляк з паходжаньня. У 1501 годзе ён быў высланы ў Рым да папы Аляксандры VІ, дзе ён сказаў ці прачытаў прамову, знаёмячы папу зь Вялікім Княствам Літоўскім. Між іншым у гэтай прамове захавалася й наступнае асьветчаньне што да мовы Ліцьвіноў, якіх ён тут прадстаўляе:
«...Захоўваюць уласную мову. Праўда, з тае прычыны, што Рутэны засяляюць бадай палавіну княства, агулам карыстаюцца іхнай мовай дзеля ейнае зграбнасьці й лёгкасьці...»[55].
Больш абшырна гэтага пытаньня кранаецца ў сваім гістарычна-палітычным апісаньні Польскага каралеўства папскі нунцы ў Варшаве Юлі Рудж'еро (1566-1567), якое ён спэцыяльна напісаў для папы Пія V ў 1568 годзе пасьля свайго павароту з Польшчы. У вадным із разьдзелаў гэтае справаздачы, названым «Аб мове», Юлі Рудж'еро паведамляе:
«Гэтыя народы (яшчэ перад Люблінскай вуніяй Юлі Рудж'еро ўключае ў Польскае каралеўства й Вялікае Княства Літоўскае - П.У.), хоць жывуць пад уладай таго самага гаспадара й усе разам твораць адно цэлае й бадай неразьдзельнае цела, усё-такі не гавораць на той самай мове. У гэтым каралеўстве ёсьць тры зусім розныя мовы, зь якіх адна мае два розныя спосабы ў пісаньні, аднак у вымове вельмі падобная, і хоць гэта розныя дыялекты, яны захоўваюць істоту тае самае мовы, - і гэтакімі ёсьць мова польская й руская, зь якіх першая паслугоўваецца лацінскімі знакамі, а другая грэцкімі... І гэтая мова зьяўляецца супольнай ня толькі для Палякоў і Рускіх (аб чым было сказана вышэй), але яна распаўсюджана яшчэ й у іншых розных краінах Эўропы, як у Чэхіі, Харватыі й Славэніі...; апрача гэтай мовы ў успомненых краінах ёсьць яшчэ дзьве зусім розныя мовы: літоўская й нямецкая...
Таму, што літоўская мова прынцыпова адрозьніваецца ад нямецкай і польскай, яна мае шмат словаў зусім незразумелых (сапсутых), і дасюль у гэтай мове нічога ніколі ня пісалася. Бо Канцылярыя караля ў Літве ў пісьме паслугоўваецца рускай мовай, гэтак паступаюць таксама паадзіночныя асобы, якія пішуць; некаторыя аднак, калі ім так падабаецца, пішуць папольску.
На Жамойці ўжываецца ў гутарцы тая самая мова, аднак даволі адрозная ад літоўскай, якая ў іншы спосаб вырозьніваецца й адначасна супольная для некаторых вёсак Прусіі, у якіх пражываюць астаткі даўніх Прусаў, што былі паняволеныя й блізу вынішчаныя сілай і аружжам тэўтонскіх рыцараў і цяпер жывуць у маленькіх вёсках, ледзь захоўваючы сваю старадаўнюю мову...»[56].
Апошняе больш абшырнае цьверджаньне Юлія Рудж'ера ў шматлікім выясьняе й дапаўняе зацытаваную вышэй кароценкую заўвагу Эразма Цёлка. Разам узятыя, абодвы яны вылучаюць мову старажытных Літоўцаў з моваў славянскіх народаў, вырозьніваюць яе ад мовы «рускай», як звычайна называлася дзяржаўная й літаратурная мова Вялікага Княства Літоўскага ці тагачасная беларуская мова. Праўда, будучы каталікамі, пры гэтым і духоўнымі асобамі, і ў сярэднявечным духу ставячыся варожа да «сьхізматыкаў», яны, бясспрэчна, сьведама шукалі гэтае розьніцы й, праўдападобна, чэрпалі яе ня з жывое рэчаіснасьці, але з апавяданьняў таго-ж Яна Длугаша. Дарэчы ў дакумантах 3-га тому «Літоўскай Мэтрыкі», сабраных самым Эразмам Цёлкам, захаваўся таксама кампіляцыйны нарыс, названы «Origo Regis Jagyelo et Witholdi ducum Lithaniae» ды які аснованы пераважна на дадзеных летапісу Аўраамкі Смаленскага[57]. Гэта наводзіць на тую думку, што пры напісаньні вышэй успомненае прамовы Эразм Цёлак карыстаўся таксама й кронікамі Яна Длугаша. Ды XVІ стагодзьдзе ў творчым жыцьці Вялікага Княства Літоўскага было таксама стагодзьдзем пошукаў нацыянальных вытокаў гэтага княства й разьвіцьця канцэпцыі пра «рымлянскае» паходжаньне самых Ліцьвіноў. Асабліва гэта адносіцца да пэрыяду, у якім узьнікла справаздача Юлія Рудж'ера. Як ведама, захапіўшыся апошняй канцэпцыяй, некаторыя зь ліку падобных літоўскіх «патрыётаў» (напрыклад, Міхалён Літвін, 1550) пачынаюць дамагацца навет увядзеньня старое лаціны ў якасьці дзяржаўнае й наагул літаратурнае мовы Вялікага Княства Літоўскага. Падобныя пошукі «рымлянскага паходжаньня» не абмінулі таксама й Маскоўшчыны. Напрыклад, як цьвердзіць у сваім лісьце з 1567 году «холоп» маскоўскага вялікага князя князь Міхаіл Варатынскі, спэцыяльна прысьвечаным пытаньню «найстаражытнасьці княскіх родаў» і адрасаваным польскаму каралю й вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту, вялікі князь маскоўскі Іван Грозны таксама выводзіў сваё паходжаньне ад «Августа Кесаря и брата его Пруса»[58]. Усё гэта было, аднак, вынікам творчае й палітычнае фантазіі, a таму й да гэтых асьветчаньняў Эразма Цёлка й папскага нунцыя Юлія Рудж'ера мы павінны адносіцца зь вялікімі засьцярогамі.
Дзеля гэтага, як нам здаецца, да ацэнкі нацыянальнага характару Вялікага Княства Літоўскага ды й самых Ліцьвіноў больш рэальна падыйшоў барон Жыгімонт Гербэрштайн. У якасьці пасланца Венскага імпэратарскага дому ён два разы, у 1516-1518 і 1526-1527 гадох, побываў у Вільні й Маскве, маючы заданьне прымірыць Вялікае Княства Літоўскае з Маскоўшчынай. Свае ўражаньні, якія яму далі гэтыя дзьве дыпляматычныя місіі, дапоўненыя таксама й летапіснымі ведамкамі, ён апісаў у «Маскоўскіх запісках», што першы раз былі апублікаваныя ў 1549 годзе, а потым у пашыраным выглядзе ў 1556 годзе. Праўда, у вадным месцы й у барона Жыгімонта Гербэрштайна праявілася тэндэнцыя вылучыць сьціплую Літву зь сям'і ўсходняславянскіх народаў. Гэтак, пералічаючы мясьціны й краіны, зь якімі, як ён уважае, межавалася Русь, ён высноўвае:
«...так што ўнутры яе (Русі) ляжаць толькі дзьве правінцыі: Літва й Жамойць. Хоць гэтыя дзьве правінцыі ўрэзваюцца ў васяродзьдзе Рутэнаў і маюць собскую гаворку й рымскую веру, аднак-жа большую частку іхнага жыхарства складаюць Рутэны»[59].
Паза гэтым, аднак, Літва й Ліцьвіны ў Гербэрштайна ўсюды выступаюць, як славянская краіна й адзін із славянскіх народаў. Гэта асабліва вынікае з тых мясьцінаў, дзе ён паведамляе, як тыя ці іншыя дзікія жывёліны называюцца ў літоўскай і нямецкай мовах. Пайменна ён піша: «Бізона Ліцьвіны называюць на сваёй мове зубрам, Немцы-ж ня зусім дакладна завуць яго аўрокс ці ўрокс» («Bisontem Lithwani lingua patria vocant Suber, Germani improprie Aurox vel Urox»)[60], або «Тая жывёліна, якая Ліцьвінамі ў іхнай мове завецца лосем, Немцамі называецца эленд, а палацінску альцес» (Quae fera Lithwanis sua lingua Loss est, earn Germani Ellend, quidem Latine Alcem vocant»)[61]. Дарэчы, пералічаючы ўсе славянскія народы, Жыгімонт Гербэрштайн у гэтую сям'ю славянскіх народаў улучае таксама й Ліцьвіноў. Ён піша:
«Пра паходжаньне народу яны ня маюць ніякіх вестак, апрача летапісных, якія прыводзяцца ніжэй. Пайменна, што гэта народ славянскі із калена Яфета, што раней ён сядзеў на Дунаі, дзе сяньня Вугоршчына й Баўгарыя, і называўся тады Норцамі, што, нарэшце, ён разыйшоўся па розным землям і атрымаў назоў ад месцаў пасяленьня. Так адны назваліся Маравамі ад рэчкі, другія Чэхамі, г.зн. Багемцамі; у такі спосаб назваліся Харваты, Белы, Сэрблы ці Сэрбы, і Харантаны, якія засталіся жыць на Дунаі, але, выгнаныя Валахамі й перайшоўшы на Віслу, атрымалі назоў Ляхаў ад нейкага польскага князя Ляха, чаму Палякі й цяпер называюцца Ляхамі. Іншыя назваліся Ліцьвінамі, Мазурамі, Памаранамі; зноў-жа іншыя, якія жывуць па Дняпры, дзе сяньня Кіеў, Палянамі, другія Драўлянамі, бо жывуць у лясох, трэйція, між Дзьвіной і Прыпяцяй, Дрыгвічамі...»[62].
Наадварот, гэтай славянскай Літве Гербэрштайн супрацьстаўляе Жамойць, якую ён адносіць да асобнай «краіны» й куды «кароль назначае ўрадоўца ізь Ліцьвіноў, якога яны (Ліцьвіны) называюць у сваёй мове старастай»[63].
Да славянскіх народаў Літву й Ліцьвіноў залічае таксама вэнэцыянскі пасланец Марко Фаскарыно, які апісаў свае ўражаньні аб Маскоўшчыне ў 1557 годзе. Гэта асабліва відаць з тых мясьцінаў, дзе ён гаворыць, што «Маскалі гутараць і пішуць на славянскай мове, як гэта робяць Дальматы, Чэхі, Палякі й Ліцьвіны»[64].
Зьвернемся цяпер да паказаньняў літоўскіх летапісаў з ХVІ стагодзьдзя. Як зазначалася вышэй, гэтыя летапісы зьмяшчаюць зашмат фантазіі й супярэчнасьцяў, бо свае вывады будуюць не на гістарычных крыніцах, але на розных вольных дапушчэньнях і, магчыма, вусных паданьнях. Выняткам зьяўляецца толькі «Кроніка Польшчы, Літвы, Жамойці й усяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, які выкарыстаў мноства працаў антычных і сярэднявечных аўтараў, але які таксама ня змог прыйсьці да нейкага канчатковага выснаву. Аднак і яны кідаюць даволі сьвятла на пытаньне, якое нас цікавіць, а таму ня могуць быць выкінутымі з гэтага аналізу.
Мацей Стрыйкоўскі, з паходжаньня Паляк, доўгі час знаходзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе служыў дабравольна ў гарнізоне Віцебскага замку. Удзельнічаў таксама ў Лівонскай вайне. Дзесьці ў канцы 1570-х гадоў быў назначаны на пасад каноніка Жамойці з месцам прабываньня ў Медніках. Тут ён прыступіў да напісаньня ўспомненае кронікі й пры матар'яльнай падтрымцы польскага караля й вялікага князя літоўскага Сьцяпана Батуры выдаў яе на польскай мове ў 1582 годзе. Першыя кнігі гэтай сваей кронікі ён спэцыяльна прысьвячае пытаньню паходжаньня Ліцьвіноў, Жамойтаў, Рускіх і наагул славянаў. Аднак, заходзячы далёка ў гісторыю й маючы пад рукой шмат супярэчлівых ведамак розных аўтараў, ён кідаецца з аднае крайнасьці ў іншую ды сам дапускае падобныя супярэчлівыя выснавы. Наагул, як нам здаецца, Мацей Стрыйкоўскі больш захоплены сівой гісторыяй, чымся рэчаіснасьцяй ягоных часоў. Так, напрыклад, у многіх мясцох у катэгарычнай форме ён сьцьвярджае, што Ліцьвіны й Жамойты паходзяць адначасна й ад Гепідаў, і ад Готаў, і ад Кімбраў, і ад Аланаў[65], ды ня супраць спарадніць іх таксама зь Печенегамі й Полаўцамі[66]. Зь некаторымі папраўкамі ён падтрымоўвае й разьвівае таксама й канцэпцыю пра іхнае «рымлянскае» паходжаньне[67], а гаворачы пра расьсяленьне славянскіх народаў, ён піша, што:
«...таксама мясцамі ў вадпаведнасьці з прылегласьцяй і разнастойнасьцяй краёў між славянамі зьмяшаліся й іншыя народы, як Ліцьвіны, Латышы, Татары, Грэкі, Італьянцы й Немцы»[68].
Зноў-жа, выводзячы паходжаньне славянскіх народаў, Мацей Стрыйкоўскі да «нашых славянскіх сармацкіх народаў» залічае таксама й Ліцьвіноў[69]. Гэтак, паясняючы розьніцу між Сарматамі й Ськітамі, ён цьвердзіць:
«Скуль вынікае, што нашыя Сарматы розьніліся ад Ськітаў або Татараў і абычаямі, і нацыянальнымі асаблівасьцямі, і мовай. Хоць старыя грэцкія й лацінскія гісторыкі ўсе народы поўначы й сярэдняга ўсходу аднолькава называлі Ськітамі й Сарматамі, аднак яны памылкова лічылі, нібы Палякі, Русакі, Ліцьвіны й Маскалі, з аднаго боку, і Татары, з другога, былі адным народам... І толькі потым яны пачалі называць Сарматамі тыя славянскія народы, якія засялялі абшары між Віслай і Донам, Нямецкім морам і Вугорскімі гарамі, і гэта: Палякоў, Мазураў, Прусаў старых, Ліцьвіноў, Жамойтаў, Русакоў і Маскалёў»[70].
Як бачым, у гэтым выпадку да славянскіх народаў Мацей Стрыйкоўскі залічае ня толькі Ліцьвіноў, але й Прусаў із Жамойтамі. Што-ж датычыцца Ліцьвіноў, дык іхны славянскі характар яшчэ больш вынікае з наступнага асьветчаньня:
«...тады-ж таксама мову сваю родную славянскую зьмяшалі з прычыны разнастайнасьці межаў і частых сувязяў зь іншымі народамі... Гэтак Сэрбы, Харваты, Рачы й Баўгары (у мове й абычаях перамяшаліся) з Грэкамі, Вугорцамі й Туркамі; Дальматы, Карнійцы, Стырыйцы й Істры зь Італьянцамі; Сілезцы, Маравы, Чэхі, Місьнійцы, Памаране й Кашубы зь Немцамі; Беларусы з Маскалямі й Татарамі; Падгаране, Мазуры, Падляшане, Чарнарусы, Валынцы й (частка[71]) Ліцьвіноў з Палякамі, а Палякі з усімі іншымі народамі перамяшалі свае абычаі, вопратку й часткова мову»[72].
Апошняе асьветчаньне яшчэ больш канкрэтна гучыць у «Sаrmаtіае Еurореае Dеsсrірtіо», якую, як цьвердзіць Мацей Стрыйкоўскі[73], напісаў ён сам, будучы яшчэ ў Віцебску, ды перадаў яе для азнаямленьня свайму гарнізоннаму начальніку Аляксандру Гваніну. Апошні прысабечыў гэтую працу й выдаў яе пад сваім аўтарствам у 1578 годзе. Праўдападобна, што ў гэтым выпадку Мацей Стрыйкоўскі выказвае праўду, бо ягоная кроніка ў шматлікім пераклікаецца з названай кронікай Л.Гваніна. Як-бы там ня было, але апошняе асьветчаньне ў «Кроніцы Эўрапэйскай Сармацыі» гучыць наступна:
«...Але ўсе іншыя найбольшыя й найхрабрэйшыя народы ўсходніх і паўночных краёў, якія маюць славянскую мову, ёсьць: Баўгары, Басьнякі, Сэрбы... Ліцьвіны, якія пануюць на вялікую руку, Кашубы, Вандалы, Сілезцы, Маравы, Багемцы, Чэхі, Палякі, Мазуры, Прусы й іншыя. Ува ўсіх гэтых краёх, ад Ледавітага акіяну... і да Міжземнага й Адрыятычнага мораў, жывуць народы славянскае мовы... Шматлікія зь іх зьмянілі свой бацькаўскі спосаб жыцьця на звычаі іншых народаў, як, прыкладам, Басьнякі, Баўгары, Сэрбы, Рацы й Дальматы на звычаі Туркаў і Вугорцаў... Ліцьвіны, Русь і Мазуры зблізіліся з Палякамі... Паза гэтым-жа, аднак, усе яны, хоць расьсеяліся сярод іншых народаў, гутараць, асабліва ў вёсках, на сваёй роднай, хоць крыху й адменнай, славянскай мове...»[74].
Праблемай паходжаньня Ліцьвіноў іншыя летапісцы Вялікага Княства Літоўскага пачалі займацца дзесьці ў 40-х гадох ХVІ стагодзьдзя. Захаваўся адзін сьпісак «Кронікі Вялікага Княства Літоўскага й Жамойцкага» ў перакладзе на польскую мову, які адносіцца да 1550 году. Гэта - «Альшэўскі сьпісак», названы так ад месца захаваньня. Аўтар гэтае кронікі, як і іншых літоўскіх летапісаў, нам няведамы. Яна характарызуецца тым, што ў пяршыню ўводзіць у літоўскую летапісную практыку легенду пра «рымлянскае» паходжаньне старажытных Ліцьвіноў і Жамойтаў. У кроніцы называецца й імя рымскага князя - Палемона, які за часоў Нэрона зь іншай шляхтай у колькасьці 500 чалавек пакінуў Італію й перабраўся ў наднёманскія пушчы[75]. Другой асаблівасьцяй гэтай кронікі ёсьць тое, што ў ёй прасочваецца таксама спроба парадніць літоўскіх князёў з полацкімі князямі, пайменна з Рогваладам і Барысам[76]. Гэтая раздвоеная канцэпцыя больш паўней адлюстравалася ў больш пашыранай і гістарычна важнай літоўскай кроніцы, ведамай, як «Сьпісак Быхаўца» з канца ХVІ стагодзьдзя (захавалася ў прыватным архіве старшыні Ваўкавыскага межавога суду Аляксандра Быхаўца). Наагул апошняя кроніка характэрная ня толькі сваім літоўскім патрыятызмам (ня ў сяньняшнім значаньні, а ў значаньні гістарычным, вялікалітоўскім), але й той сынтэзай, якой зьвязвае летапісец у вадно нацыянальнае цэлае старажытных Ліцьвіноў, Крывічоў, Дрыгвічоў і іншых[77].
Вось-жа, прыведзеныя тут усе гэтыя асьветчаньні розных кронікаў і выказваньні сярэднявечных аўтараў нібы наводзяць на тай выснаў, што старажытныя Ліцівіны ўсё-такі тварылі не славянскую, але пруска-жамойцкую этнічную групу ці, як прынята называць, належылі да балтыцкага лета-літоўскага народу*[78]. Бясспрэчна, легенда пра «рымлянскае» паходжаньне старажытных Ліцьвіноў ня мае пад сабой ніякае асновы, аднак і яна павінна брацца пад увагу пры разьвязаньні гэтага пытаньня. Тым больш, што пры абаснаваньні гэтае легенды некаторыя з вышэй зацытаваных аўтараў спасылаюцца на лацінскія тэрміны, якія яны спасьцерагалі й у жамойцка-літоўскай мове. Адначасна гэтыя кронікі й аўтары сьветчаць пра тое, што, прынамся, ужо ў пачатку ХV стагодзьдзя старажытныя Ліцьвіны, калі яны й ня былі славянамі, настолькі падпалі пад працэс славянізацыі, што навет загубілі сваю родную мову. Дарэчы працэс гэты наступіў шмат раней, магчыма навет раней ХІІІ стагодзьдзя. У іншым выпадку ня можна зразумець, чаму гэты дзяржаўны народ ня змог пакінуць ніводнага гістарычнага помніка, пісанага ў роднай мове. Пакідаючы ў баку пісьмовыя помнікі ці факт агульнага карыстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім беларускай мовай, апошні працэс лёгка прасьледжваецца на аснове дадзеных вайсковых перапісаў у ВКЛ з 1528, 1565 і 1567 гадоў[79]. Гэтыя дадзеныя сьветчаць пра тое, што, калі насельніцтва Віленшчыны, і перадусім насельніцтва Вількомірскага, Троцкага, Упіцкага й Ковенскага паветаў, ня было чыста славянскім, дык прынамся яно было ісславянізаваным. Тыя асобы гэтае часткі ВКЛ, якія былі занесеныя ў сьпіскі названых вайсковых перапісаў, маюць славянскія й пры тым характэрна беларускія прозьвішчы**[80]. Іншы малюнак даюць яны нам із Жамойці, дзе гэтыя прозьвішчы пераважна маюць канцоўкі «айціс» ці «ойціс», хоць і тут сустракаецца даволі шмат славянскіх прозьвішчаў. Дарэчы факт шырокага распаўсюджваньня беларускага насельніцтва ў Віленшчыне адлюстравалі ў сябе «Этнаграфічная мапа беларускага племя» акадэміка Я.Карскага з 1903 году, «Дыялекталягічная мапа расейскай мовы» Маскоўскай Дыялекталягічнай Камісіі з 1914 году[81] і, нарэшце, нядаўна выдадзенае ў Польшчы дасьледваньне Ўладыслава Курашкевіча[82].
* Прынамся падобны выснаў нам навязваюць вышэй прыведзеныя гістарычныя ведамкі. Магчыма, што ў будучыні пытаньне гэтае дапамогуць разьвязаць новыя пісаныя крыніцы й, передусім, археалёгія, якая, як ведама, дасюль зрабіла вельмі мала ў галіне дасьледваньня тых абшараў, што засяляліся старажытнымі Ліцьвінамі. Між тым гэтыя абшары, якія выступаюць у савецкай гістарыяграфіі ў якасьці земляў колішняй Аўкштоты ці старажытнай Літвы, былі заселеныя пераважна славянскім племям. Пра гэта сьветчаць у першую чаргу назовы шматлікіх гарадоў і паселішчаў, якія характэрныя толькі слаянам. Возьмем хоць-бы старажытны горад Вількомір, што ляжыць далёка на поўнач ад Вільні. Праўдападобна ён быў заснаваны тым самым беларускім племям, якое заснавала таксама, напрыклад, Ваўкавыск (месца воўчага выцьця). Вількомір - чыста славянскі назоў і азначае або «Логава ваўкоў», або, як дапускаюць некторыя гісторыкі, «горад» славянскага племяі Вільцаў-Люцічаў-Ліцьвіноў. Гарадоў і паселішчаў, якія называюцца падобна, у Віленьшчыне даволі шмат, як, прыкладам, Валкінікі на рэчцы Мерач блізу Руднікоў, Вількія на Нёмане між рэчкамі Дубісай і Нявяжай, Вільканцы, Валкалаты, Вількішкі й шмат іншых ім падобных паселішчаў каля Вількоміра, Трокаў, Эйшышак і, нарэшце, Вілкавышкі ці Ваўкавышкі (праўдападобна паўторны Ваўкавыск), мястэчка каля Сувалак. Напомнім яшчэ назовы, якія былі запазычаныя ад Крывічоў. Гэта, пачынаючы ад мястэчка Крывічы, што ляжыць каля Буцлава, мы маем старажытнае месца Крэва, дзе ў 1385 годзе здарылася няшчасьце ў сувязі з падпісаньнем Крэўскае вуніі, Крыванцы, Крыванішы, Крываны, Крыва, Крывэ, Крываўшуны, Крыўск, Крэўна, Крэўскае, Крэўны - паселішчы каля Ашмяны, Сьвяньцянаў, Вільні, Трокаў і Сувалак. Вільня таксама славянскі назоў і паходзіць ад рэчкі Вільні, як Вілейка ад Вільлі. Пажамойцку Вільля называецца Нерыс. Вільня аснована на старым славянскім гарадзішчы, якое называлася Крываград ці Крывіч-горад. За часоў Ягайлы й Вітаўта гэтым назовам называлася яшчэ ў Вільні апрычоная частка гораду із старым замкам, якая ў 1390 годзе была разбурана й спалена крыжакамі. (Codex epistolaris Vitoldi, Append.VI, p.1009).
** Што тычыцца прозьвішчаў Ліцьвіноў, якія, напрыклад, падпісалі прырачэньне «на вернасьць Ягайлу» з 1401 году (Codex epistolaris Vitoldi, Nr.234, pp.73-74) або былі пералічаныя ў акце Гарадзельскай вуніі з 1413 году ў сувязі з атрыманьнем польскіх гербаў ці тады-ж падпісалі суправоднае прырачэньне «на вернасьць польскай шляхце, каралю Ягайлу й вялікаму князю літоўскаму Вітаўту» (Akta Unji Polski z Litwa, 1385-1791. Ed. St.Kutrzeba i Wі.Semkowicz. Krakуw, 1932, Nr.50, pp.55-59; Nr.51, pp.60 et sq.), або прозьвішчаў літоўскіх князёў, як Ягайла, Вітаўт, Сьвідрыгайла, Жыгімонт, Міндоўг, Тройдзень, Гердзень, Таўцьвіл, Альгерд, Гедзімін, Кейстут, Карыбут і інш., дык, папершае, сярод іх сустракаецца даволі шмат з вымоўна славянскімі прозьвішчамі. Гэта: Братоша й ягоны брат Зінові, Нямір, Чупурка, Алізар Васілевіч, Войнад Русіловіч, Раман Мілейкавіч і ягоны брат Воўчка, Война, Юры Шэліўровіч, Бутрым, Карэва, Воўчка Кульва, Рала, Іван Рымавідовіч, Даўхша, Воўчка Ракутовіч, Сака, Начка, Войшын Данейковіч, Андрэй Дзеўнетовіч, Качан, Чупа, Качан Суковіч, Іван Рашкінскі й іншыя. Імя Тройдзеня, як ведама, сустракаецца сярод мазавецкіх князёў. З другога боку, полацкія князі Рогвалады й княжна Рагнеда маглі-б таксама быць залічанымі да літоўскіх князёў. Падругое, гістарычныя крыніцы нам не захавалі тых паганскіх прозьвішчаў, якімі звалі сябе славяне. Некаторыя зь іх, што выпадкова дайшлі да нас, нічым ня розьняцца ад гэтых «старажытна літоўскіх». Назавём некаторыя зь іх. Гэтак у ноўгарадзкіх бяроставых граматах мы сустракаем: Няжыла, Судзіша-Судзіла-Судзімір, Жадка, Богша, Грыкша, Паўша, Прокша, Рашта, Рэўша, Ваята, Пуцята, Вышата, Жадзіла, Гасьціла, Ваземут, Бурыс і іншыя ім падобныя. У надпісе, які нядаўна быў адкрыты ў кіеўскім Сафійскім саборы, што быў зроблены ў канцы XII стагодзьдзя жонкай князя Ўсевалада Алегавіча, мы знаходзім: Якім Даміла (История СССР, 3, 1964, б.114). У кроніцы Гала Ананіма ёсьць: Земамысл, Зьбігнеў, Скарбімір, Сьвятабор, Сацех, Войслаў, Боржывой. У кроніцы Гэльмольда: Білуг, Мсьцівой, Мечыдраг, Готшалк, Анадрог, Бушуй, Тэшэмір, Яромір. Сярод памаранскіх князёў сустракаюцца Самбор і Мэствін, а сярод мазурскіх - Земавіт. Чым-жа розьняцца ад іх, напрыклад, «літоўскія» прозьвішчы Монвід ці Радзівіл. Дарэчы, у Беларусі даволі шырока распаўсюджана прозьвішча Радзівілка.
Вось-жа, зусім натуральным зьяўляецца тое, што, напрыклад, наш вялікі гуманісты з ХVІ стагодзьдзя Сымон Будны, які й сам сябе называў Ліцьвіном ці, прынамся, уважаў сябе літоўскім грамадзянінам[83], у сваім пасьвячэньні князём Радзівілам, што ўвайшло ў «Катэхізіс», выдадзены ім у Нясьвіжы ў 1562 годзе, сьцьвярджае наступнае:
«...К тому тежь и для того, абы ся ваши княжацские милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тежь, ваши княжацские милости, и того здавна славного языка словенъского розмиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, в котором давъные предъки и их княжацьские милости панове отци ваших княжецских милости славне переднейшие преложеньства несуть»[84].
Свой «Катэхізіс» Сымон Будны выдаў з даручэньня віленскага ваяводы князя Мікалая Радзівіла Чорнага й за грошы апошняга. Князі Радзівілы паходзілі із старога літоўскага знатнага роду, які асабліва ўзьняўся за часоў вялікіх князёў Вітаўта й Казімера. У гэтым выпадку, як бачым, яны «з прадзедаў» праслаўляюцца, як носьбіты ня толькі ўлады («преложеньства»), але й славянскай ці беларускай мовы.
Найбольшае значаньне мае для нас, аднак, наступная вытрымка з прадмовы да Літоўскага Статуту рэдакцыі 1588 году:
«Бо яко один сенатор рымский другого штрафовал, же права отчизны своее не умел, так каждый обыватель годен есть наганенья, которий вольностью се фалить и прав своих умети и розумети не хочеть, которим правом усю вольность свою обварованую маеть. А естли которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которие не обчим яким езыком, але своим власным права списаные маем, и кождого часу, чого нам потреба ку отпору всякое крывды, ведати можем»[85].
Дабавім, што Літоўскі Статут быў напісаны на тагачаснай беларускай літаратурнай мове. У гэтым выпадку ня можа зьмяніць сутнасьці справы й той факт, што аўтарам гэтае прадмовы й рэдактарам самога Статуту быў «Рутэн», пазьнейшы канцлер і гэтман Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Наагул-жа ў тыя часы й беларуская мова паступова пачынае называцца літоўскай мовай, пра што сьветчаць, напрыклад, «Лексикон» Памвы Бярынды (выд. 1627 і 1653 гадоў) ці маскоўскае асьветчаньне Лаўрэна Зізанія. Апошні на просьбу маскоўскага патрыярха Філярэта напісаў у 1626 годзе «Катэхізіс». У лютым наступнага 1627 году ў Маскве на паседжаньні «Кніжнай палаты» гэты «Катэхізіс» быў паддадзены кананічнаму разбору. І вось што пішацца ў сувязі з гэтым у справаздачы:
«...По приказу государя святейшаго патриарха Филарета Никитича Московьского и всея Русии богоявленскому игумену, что на Москве из заветошнаго ряду, Илии да от книжныя справы Григорию Онисимову велено говорити с корецким протопопом из Литвы с Лаврентием Зизанием о исправленых статиях из книги «Оглашения», которую он из Литвы привез своего слогу и бил челом государю святейшему патриарху, чтобы ея исправити... И князь Иванн Борисович спросил Лаврентия: «По литовскому языку как вы говорите "собра"?» И Лаврентий сказал: «Тожде и по литовскому языку "собра"». Потом спросил: «А "изведе" как?» Лаврентей сказал: «Тожде и по-нашему "изведе"...»[86].
Гісторык М.К.Любаўскі, які сваё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, прыходзіць да наступнага агульнага выснаву:
«Руская стыхія, - піша ён, - канчаткова апанавала ў гэтым дзяржаўным саюзе на працягу ХІV стагодзьдзя. Рускія звычаі, рускія ўстановы, руская мова й вера ня толькі не пахіснуліся ў собскіх рускіх землях, але распаўсюджваліся й у собскай Літве. Князі Гедзімінавічы на рускі ўзор упарадкоўвалі княствы й у межах собскай Літоўскай зямлі. Такім парадкам, у княствах Віленскім і Троцкім паявіліся кашталяны, дзяржаўцы, канюшыя, маршалкі ў княскіх цэнтрах, намесьнікі й старасты ў прыгарадках і паветах... Коратка - вялікае княства Літоўскае ў ХІV стагодзьдзі стала яшчэ больш, чым у ХІІІ стагодзьдзі, рускім гаспадарствам, у якім палітычна пануючая народнасьць духова й культурна была апанаваная падпарадкаванай народнасьцяй»[87].
З свайго боку акадэмік У.Пічэта, які таксама шмат вывучаў гэтую гісторыю ды які за беларускі гістарыяграфічны «нацыяналізм» мусіў пакаштаваць савецкай высылкі й у сувязі з гэтым пазьней выказваўся больш асьцярожна, піша:
«Архіў Літоўскай Мэтрыкі - жывы паказьнік перавагі «рускай» (беларускай) культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзякуючы чаму гэтае гаспадарства ў ХV-ХVІ стагодзьдзях было больш «рускім» (беларускім), чымся літоўскім»[88].
Штосьці падобнае сьцьвярджае таксама польскі гісторык В.Вельгорскі[89]. Бясспрэчна, у шмат чым мы ня можам пагадзіцца ні з М.Любаўскім, для якога навет беларускі народ выступае ў якасьці таго самага «рускага», ні з акадэмікам У.Пічэтам. Аднак яны ўсё-такі крыху бліжэй падыйшлі да гістарычнай праўды. Больш таго, як М.Любаўскі, так і акадэмік У.Пічэта ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага абасноўваюць не «заваёвамі літоўскіх феадалаў», але бачаць у ім дабравольнае спалучэньне старажытных Ліцьвіноў з тагачаснымі беларускімі княствамі. Прыкладам, У.Пічэта цьвердзіць: «...нямецкая агрэсія на Літву й Наддзьвіньне й загроза з боку Мангола-Татараў трэбавалі ад Літвы саюзу з рускімі землямі. Агрэсія з захаду й загроза з усходу ў сваю чаргу прымушалі феадальныя рускія княствы шукаць падтрымкі ў маладым літоўскім гаспадарстве»[90]. Гэта, бясспрэчна, гучыць інакш, чымся выснаў «пра падбіцьцё» й «крывавае змаганьне беларускага народу зь літоўскім прыгнечаньнем».

2

Мы ня будзем кранацца тут культурнага жыцьця Вялікага Княства Літоўскага. Яно даволі вывучана, і больш-менш агульна прызнаецца, што ў ім панавала культура беларускага народу. Ня будзем насьвятляць і ягонай палітычнай гісторыі. Зазначым толькі, што нутраная й вонкавая палітыка Вялікага Княства Літоўскага ў васнаўным і пераважна супадала з палітычнымі інтарэсамі беларускага народу. Аднак, бяручы за аснову, што старажытным Ліцьвінам належыла ў першую чаргу ініцыятыва ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, неабходна таму заглянуць у гісторыю дачыненьняў і іхнага сужыцьця зь іншымі беларускімі племямі й княствамі як да ўзьнікненьня, так і ў часы станаўленьня Вялікага Княства Літоўскага.
Як зазначалася вышэй, Заходняя Беларусь і асабліва Віленшчына застаюцца яшчэ дзірваном у археалягічнай навуцы. Агульна прызнаецца, што тэрыторыя Беларусі, асабліва цэнтральнай, ажно да ІХ стагодзьдзя й навет пазьней была заселена балтыцкімі племямі й у першую чаргу гэтак званай літоўскай этнічнай групай. Ім прыпісваецца гэтак званая культура «штрыхаванай керамікі», якая праіснавала да палавіны І-га тысячагодзьдзя, а таксама культура неўмацаваных адкрытых паселішчаў,·якая замяніла першую. Праўда, Ф.Гурэвіч уважае, што старажытнае насельніцтва гэтай культуры штрыхаванай керамікі не належыла ні да літоўскай, ні да славянскай этнічнай групы, якое потым і было асыміляванае літоўскімі й славянскімі племямі[91]. Гэта, аднак, не абясцэньвае тых сувязяў і сужыцьця, якія існавалі між гэтай літоўскай этнічнай групай, з аднаго боку, і, праўдападобна, Крывічамі й Дрыгвічамі, з другога, бо як у першым, так і ў другім выпадку прадугледжваецца іхнае самадапаўненьне й узаемная асыміляцыя. Пры гэтым асыміляцыя літоўскай этнічнай групы з боку Крывічоў і Дрыгвічоў мела вырашальнае значаньне. Савецкія археалёгі, у тым ліку й названы тут Ф.Гурэвіч, а асабліва В.Сядоў, у вырашэньні праблемы беларуска-літоўскіх сувязяў і ўзаемадачыненьняў пайшлі цяпер шмат далей, чымся, напрыклад, калісьці А.Сьпіцын. Праўда, і яны, з прычыны недастатковасьці археалягічнага вывучэньня, шматлікія пытаньні, як, прыкладам, пытаньне Віленшчыны й дакладнага акрэсьленьня славянскага насельніцтва Заходняй Беларусі, пакідаюць адкрытымі. Наагул В.Сядоў і асабліва Ф.Гурэвіч сьледам за папярэднімі археалёгамі археалягічную культуру Віленшчыны прыпісваюць літоўскай этнічнай групе. Аднак-жа, падсумоўваючы свае досьледы, і А.Сьпіцын культуру крывіцкіх курганоў Полаччыны й Смаленшчыны таксама сьхільны быў адносіць да «культуры літоўскай этнічнай групы». Што-ж датычыцца старажытнага славянскага насельніцтва іншых земляў Заходняй Беларусі, дык В.Сядоў дапускае, што яно было крывіцкім. Наагул ён высоўвае й абгрунтоўвае тую тэорыю, што Крывічы, пасоўваючыся з захаду ці зь Вісла-Бускага міжрэчча, на тэрыторыі Заходняй Беларусі, пайменна ў Наднёманьшчыне, паявіліся яшчэ ў першай палавіне І-га тысячагодзьдзя нашай эры. Каля сярэдзіны гэтага тысячагодзьдзя яны пасунуліся на паўночны-ўсход і аселі найперш у Пскоўшчыне й у вярхоўях Дзьвіны. Пачынаючы з VІІ стагодзьдзя стуль калянізацыя Крывічоў двумя рукавамі пасунулася ў землі Полаччыны й Смаленшчыны й далей на ўсход і поўдзень. Частка-ж Крывічоў, праўдападобна, заставалася жыць на старым месцы ці ў Наднёманьшчыне[92]. Пачынаючы прыблізна з VІ стагодзьдзя Дрыгвічы із свайго боку засяляюць правы й левы берагі Прыпяці з цэнтрам у Тураве, а ў ІХ стагодзьдзі яны пасоўваюцца далей, дзе сустракаюцца з Крывічамі на поўначы пад Барысавам і Заслаўем і на захадзе дзесьці каля Клецка й на лініі Выганаўскага балота[93]. Гэтую тэорыю пра крывіцкае насельніцтва Заходняй Беларусі, дапоўненую дрыгвіцкім і валынскім элемэнтам, падтрымоўвае таксама польскі археалёг А.Камінскі[94]. Ф.Гурэвіч таксама прыходзіць да выснаву, што тэрыторыя Заходняй Беларусі засяляецца славянамі, пачынаючы зь сярэдзіны І-га тысячагодзьдзя нашай эры. Аднак ён пакідае адкрытым пытаньне іхнай прыналежнасьці да таго ці іншага племя, хоць і сьхільны залічаць іх да Дрыгвічоў[95]. Не ўваходзячы глыбей у гэтыя разыходжаньні, зазначым толькі, што яшчэ за часоў Пётры Дузбурскага Наваградчына называлася «зямлёй Крывічоў».
Як-бы там ня было, але археалёгія прыходзіць да выснаву, што здаўна Заходняя Беларусь ня была краінай пустэчаў, пушчаў і балотаў. Яшчэ шмат раней да ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага яна была густа заселена славянскімі племямі. Гэты факт ёсьць вельмі важным для нас. Больш таго, як давёў В.Сядоў, культура даўгіх, прадаўгаватых і круглых курганоў, якімі славіцца тэрыторыя пасяленьня Крывічоў, зьяўляецца характэрнай культурай самых-жа Крывічоў. Яшчэ да нядаўнага часу яна разглядалася ў якасьці культуры літоўскай этнічнай групы. Між іншым, падобнымі курганамі багатая таксама й Віленшчына. Таму можна спадзявацца, што далейшыя археалягічныя раскопкі й досьледы больш канкрэтна разьвяжаць і пытаньне старажытнага насельніцтва Віленшчыны.
Пісаныя крыніцы нам не захавалі ніякіх ведамак, якія маглі-б кінуць хоць крыху сьвятла на старажытную гісторыю гэтых нашых заходніх земляў. Іхная гісторыя пачынаецца фактычна толькі з ХІІІ стагодзьдзя, калі ў сувязі з утварэньнем Вялікага Княства Літоўскага на гэтых землях ім пачынаюць удзяляць больш увагі летапісцы. Выходзячы з таго, што старажытныя Ліцьвіны падпарадкаваліся й плацілі даніну Полацкаму княству й што на захадзе Беларусі, прынамся ў такіх цэнтрах, якімі былі Горадня, Ваўкавыск і Наваградак, распаўсюджваецца хрысьціянства паралельна зь ягоным распаўсюджваньнем і ў Полаччыне (археалягічныя раскопкі апошніх гадоў адкрылі сьляды праваслаўных цэркваў у гэтых гарадах з ХІ і ХІІ стагодзьдзяў), трэба дапускаць, што яны таксама ўваходзілі ў склад Полацкага княства. Дарэчы ёсьць ведамка, што ў 1102 годзе полацкі вялікі князь Барыс Усяславіч зрабіў удачны паход супраць Яцьвягаў[96]. Гэты паход, бясспрэчна, ён мог ажыцьцявіць, толькі маючы свой моцны тыл, пайменна Горадню ці Вільню (Крывіч-горад). Праўда, выходзячы з таго, што ў 1127 годзе ў вайне супраць Полаччыны злучаных сілаў Кіеўскай Русі пад кіраўніцтвам кіеўскага вялікага князя Мсьціслава ўдзельнічаў таксама князь Усеваладка із Горадня, савецкія гісторыкі й тым больш гісторыкі БССР усьцяж цьвердзяць, што гэтая заходняя частка Беларусі, уключаючы й Горадзеншчыну, уваходзіла ў склад гэтай Кіеўскай Русі. Гэты выснаў, аднак, зьяўляецца сьведамай нацяжкай. Князь Усеваладка Гарадзеньскі й ягоныя сыны, таксама названыя Гарадзеньскімі, даволі часта ўспамінаюцца ў летапісах у сувязі з падзеямі ХІІ стагодзьдзя. Аднак яны выступаюць тут, як князі, якія поўнасьцяй залежаць ад вялікага кіеўскага князя й якія заўсёды знаходзяцца пад рукой апошняга. Гэта, бясспречна, павінна выключыць нашае Горадня (Гродна). Калісьці ўкраінскі гісторык М.Грушэўскі пісаў, што Горадня (Городно), пра якое тут ідзе мова, знаходзіцца на поўдзень ад Прыпяці між рэчкамі Случаю й Стырам (цяпер невялікае мястэчка). Яго якраз разам з Дубровіцай і атрымаў гэты Ўсеваладка, сын князя Давыда Ігаравіча[97]. З гэтага вынікае, што дадзенае ўключэньне цэласьці Заходняй Беларусі ў склад Кіеўскай Русі аснована на сыпучым пяску.
У запраўднасьці, ды як пацьвярджаецца й пісанымі крыніцамі, на захадзе валоданьні Кіеўскай Русі абмяжоўваліся лініяй, якая праходзіла крыху вышэй ад Пінска, Берасьця й Драгічына, супадаючы, праўдападобна, зь цячэньнямі рэчак Ясёлды й Нарава, дзе гэтая мяжа каля Бельску зварочвала на поўдзень у кірунку Бугу. На паўдні Беларусі ўладаньні Кіеўскай Русі абмяжоўваліся лініяй Пінск-Клецак-Слуцак і месцам упадзеньня Беразіны ў Дняпро, бо Стрэшын, які ляжыць недалёка ад гэтага месца, належыў ужо Полацкаму княству. З прычыны нястачы гістарычных ведамак, мы ня можам дакладна ўстанавіць, ці Клецак і Слуцак разам з Туравам адыйшлі да Кіеўскай Русі ў выніку вайны 978 году кіеўскага князя Ўладзіміра Вялікага з полацкім князем Рогваладам, або яны, г.зн. Клецак і Слуцак разам зь Менскам, былі прылучаныя да гэтай Кіеўскай Русі (Менск толькі часова) падчас войнаў, якія вяліся ў 1104-1119 гадох між Кіеўскай Русьсю й менскім князем Глебам Усяславічам. Ведама толькі, што менскі князь Глеб Усяславіч шмат разоў нападаў на гэтыя валоданьні Кіеўскай Русі, а ў 1116 годзе разбурыў і спаліў Слуцак[98]. Адным словам, на захадзе да Полацкага княства ня толькі належылі такія цэнтры, як Зьдзітаў, Слонім, Ваўкавыск, Горадня, але й самыя ўзьмежныя гарады Візна й Райгорад. Праўда, перад 1145 годам Візна была прылучана да Польшчы, і ў гэтым-жа годзе была перададзена Кіеўскай Русі ў якасьці падарунку за ейную дапамогу ў ліквідацыі польскіх нутраных закалотаў[99]. Праўдападобна Візна адыйшла да Польшчы ў цяжкія для Полацкага княства часіны 1127-1132 гадоў або навет крыху раней ці пазьней, калі падзеленаму між сынамі Ўсяслава Чарадзея Полацкаму княству прыйшлося адбіваць новую агрэсію Кіеўскай Русі ды праводзіць змаганьне за вызваленьне часова акупаваных ёю Меншчыны й самое Полаччыны. Іншыя землі й цэнтры, у тым ліку й Райгорад, заставаліся зьвязанымі з Полацкім і Менскім княствамі ці, магчыма, пасьля іхнага аслабленьня працягвалі жыць самастойным жыцьцём, і навет, як піша пад 1221 годам Пётра Дузбурскі, ваявалі з Прусамі й Яцьвягамі[100].
Калі ходзіць пра ўзаемадачыненьні гэтага часу між Полацкім княствам і старажытнымі Ліцьвінамі, дык першую больш дакладную вестку нам падаюць летапісы пад 1132 годам. Як крыху раней Менск, у 1129 годзе Кіеўская Русь акупавала таксама Полаччыну з Полацкам. Некалькі полацкіх князёў разам з жонкамі й дзецьмі былі прададзеныя ў нявольніцтва ў Канстантынопалі. Аднак частка іх, праўдападобна, зьбегла ў наднёманскія пушчы, дзе, як трэба дапускаць, гэтым часам ужо існавалі й іншыя беларускія княствы на ўзор Менскага, Віцебскага й іншых. Тут, як вынікае, і зарганізоўваецца супраціў і змаганьне супраць агрэсіі Кіева. Ува ўсякім выпадку, каб замацаваць акупацыю Меншчыны й Полаччыны, вялікі князь кіеўскі зарганізоўвае ў 1132 годзе вялікі паход «у Літву», у якім прыймаюць удзел таксама й чарнігаўскія князі. Паход гэты быў няўдачным, бо, як зазначае летапісец, «а Киян тогда много побиша Литва»[101]. Але галоўным ягоным вынікам было тое, што ў гэтым-жа 1132 годзе палачане выганяюць кіеўскага стаўленіка Сьвятаполка Мсьціславіча й прыймаюць да сябе Васільку Сьвятаславіча, унука Ўсяслава Чарадзея[102]. Хутка пасьля 1135 году вызваляецца таксама й Менскае княства. Як бачым, тут праявіліся тыя цесныя ўзаемадачыненьні й салідарнасьць, якія існавалі між Крывічамі й Ліцьвінамі. Наагул, як нам здаецца, у гэтым выпадку летапісец меў на ўвазе ня толькі сьціплую старажытную Літву, а цэлы комплекс заходніх беларускіх земляў ці княстваў, да якіх прымыкала таксама й гэтая сьціплая Літва. На гэты выснаў наводзяць як пазьнейшыя гістарычныя ведамкі, так і пару ранейшых паходаў кіеўскіх князёў у гэтую «Літву», якія, калі-б апошняя «Літва» абмяжоўвалася толькі месцам знаходжаньня старажытных Літоўцаў, не маглі не прамінуць тую шырокую паласу, што была заселена Крывічамі й Дрыгвічамі. Апошнія, як гаварылася вышэй, не ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а таму самі павінны былі быць першым аб'ектам гэтых паходаў кіеўскіх князёў.
У 1159 годзе распачынаецца змаганьне за аб'еднаньне незалежных беларускіх княстваў між полацкім князем Рогваладам Барысавічам і менскімі князямі сынамі Глеба Ўсяславіча*. Рогваладу Барысавічу пашчасьціла здабыць Заслаўе, аднак пад Менскам ён сустрэў моцны супраціў і змушаны быў заключыць мірную ўмову зь менскім князем Расьціславам Глебавічам. З гэтым, аднак, не пагаджаецца ранейшы менскі князь Валадарка Глебавіч, які, як паведамляе летапісец, «адыходзіць у Літву»[104], каб там набраць войска. Праўдападобна пры дапамозе Ліцьвіноў менскія князі неўзабаве вярнулі Заслаўе й іншыя цьвярдыні ды пачалі пагражаць Полацкаму княству. Рогвалад Барысавіч з палачанамі паяўляецца пад Менскам у 1160 і 1161 гадох, аднак гэтыя ягоныя паходы заканчваюцца ўзнаўленьнем папярэдняе мірнае ўмовы[105]. У 1162 годзе Рогвалад Барысавіч зноў паяўляецца пад Гарадком (летапісец гаворыць пра «Гарадзец», не падаючы ягонага месцазнаходжаньня), дзе княжыць Валадарка Глебавіч. У вапошняга войска складаецца «зь Ліцьвіноў». Даходзіць да бітвы, у якой Рогвалад Барысавіч быў разьбіты натолькі, што ён не адважваецца паказацца ў Полацак ды ўцякае найперш у Слуцак, а потым вяртаецца ў свой Друцак[106]. Палачане паклікаюць на княжы пасад князя Ўсяслава Васількавіча. Тым часам Валадарка Глебавіч вядзе падрыхтоўку да вайны, мэтай якое было аб'еднаньне земляў былога Полацкага вялікага княства. У 1167 годзе ён здабывае Полацак і неўзабаве паяўляецца пад сьценамі Віцебску, дзе сустракаецца й зь сіламі смаленскіх князёў, якія прыходзяць на дапамогу Ўсяславу Васількавічу. Аднак, пры аблозе Віцебску ў навальнічную ноч сярод войска Валадаркі Глебавіча ўзьнікае такая паніка, што войска гэтае разьбягаецца, не распачаўшы яшчэ здабыцьцё Віцебску[107].
* Як ведама, у 1151 годзе полацкае баярства, будучы незадаволеным сваім князем Рогваладам Барысавічам, выганяе яго з Полацку, запрашаючы на полацкі пасад менскага князя Расьціслава Глебавіча. Неўзабаве ў руках менскіх князёў апыняецца ўся тэрыторыя, за выняткам, магчыма, Віцебскага княства, быўшага Полацкага вялікага княства. Гэтак Валадарка Глебавіч утрымоўвае за сабой Менскае княства, Усевалад Глебавіч сядзіць у Заслаўі, а сын Расьціслава Глебавіча таксама Глеб пануе ў Друцку, Рогвалад Барысавіч некаторы час быў затрыманы пад наглядам у Менску, потым-жа яму было дазволена выехаць у Чарнігаў. У 1159 годзе пры падтрымцы чарнігаўскіх князёў ён зьяўляецца пад Друцкам. Будучы дабравольна прынятым дручанамі, у гэтым-жа годзе ён запрашаецца ў Полацак і палачанамі. Расьціслаў Глебавіч змушаны быў вярнуцца ў свой Менск.
Трэба дапускаць, што ў гэтай вайне, якая так трагічна закончылася для аб'яднальнае палітыкі Валадаркі Глебавіча, удзельнічалі таксама й Ліцьвіны. З гэтае трагічнае ночы ў даступных нам летапісах мы больш не сустракаем ні ведамак пра далейшую дзейнасьць Валадаркі Глебавіча, ні пра жыцьцё й дзеі Менскага княства. Пра існаваньне апошняга мы толькі даведваемся зь вяліканоўгарадзкіх летапісаў, якія паведамляюць, што ў пасольстве 1326 году вялікага князя літоўскага Гедзіміна ў Вялікі Ноўгарад удзельнічаў таксама й менскі князь Васіль. Гэта азначае, што Менскае княства й у далейшым працягвала сваё незалежнае існаваньне, падтрымоўваючы пры гэтым добрасуседзкія дачыненьні ня толькі з княствамі Наднёманьшчыны й Ліцьвінамі наагул, але таксама й з Полацкім княствам. Што-ж тычыцца далейшае палітычнае дзейнасьці князя Валадаркі Глебавіча, дык ён, праўдападобна, усё-такі ня склаў зброі, але запачаткаваў і ачоліў той рух, які прывядзе нарэшце да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага. Як-бы там ня было, аднак, наколькі нам дазваляюць зрабіць такі выснаў гістарычныя ведамкі, якія дайшлі да нас, у якасьці падпарадкаваных у вапошні раз Ліцьвіны выступаюць у 1181 годзе. У гэтым годзе полацкія князі падтрымоўваюць бок вялікага кіеўскага князя Сьвятаслава Ўсеваладавіча й наагул чарнігаўскіх князёў, што спрачаюцца з суздальскімі й смаленскімі князямі. На поле бітвы з смаленскімі князямі пад Друцкам, які таксама прымкнуў да смаленскіх князёў, побач з полацкім князем Усяславам Васількавічам і віцебскім князем Брачыславам Васількавічам выступаюць таксама Ліцьвіны й Латышы[108]. Пасьля гэтага, аднак, усё больш і больш Ліцьвіны пачынаюць дзейнічаць або самастойна, або ў саюзе з полацкімі князямі. Хоць пра саюз Ліцьвіноў зь Менскім княствам ці з княствамі Наднёманшчыны канца ХІІ і пачатку ХІІІ стагодзьдзяў мы ня маем ніякіх канкрэтных ведамак, ён, аднак, быў няўхільным і існаваў бясспрэчна. Апошні саюз дазваляў Ліцьвіном ўжыцьцяўляць свае набегі ня толькі на валоданьні валынска-галіцкіх князёў, але й на валоданьні чарнігаўскіх князёў. Гэтак ужо ў 1183 годзе Ліцьвіны першы раз нападаюць на землі Пскоўскае рэспублікі[109], запачаткоўваючы адначасна й сыстэматычныя рабунковыя набегі на землі Вяліканоўгарадзкае рэспублікі. З гэтае прычыны ў 1191 годзе даходзіць да заключэньня саюзу між Вялікім Ноўгарадам і полацкімі князямі, які прадбачваў таксама ўжыцьцяўленьне супольнага паходу супраць Ліцьвіноў[110]. Заключэньне падобнага саюзу з боку Полацкага княства магло дыктавацца, бясспрэчна, тым палажэньнем, у якое паставілі яго Ліцьвіны: колішнія «даньнікі» патрабавалі палітычнае раўнапраўнасьці. Аднак, як нам здаецца, апошняя ўмова з Ноўгарадам была як-бы адчэпнага характару. Супольнага паходу супраць Ліцьвіноў, які яна прадбачвала, не адбылося, а ў 1198 годзе самі палачане супольна зь Ліцьвінамі нападаюць ды разбураюць Вялікія Лукі, якія заўсёды былі спрэчным пунктам між Вялікім Ноўгарадам і Полацкім княствам, а ў гэты час спэцыяльна былі ўмацаваныя для стрыманьня набегаў Ліцьвіноў. Заключаны-ж незадоўга пасьля гэтага мірны саюз між палачанамі й вяліканоўгарадцамі больш ужо не напамінае аб супольных полацка-ноўгарадзкіх дзеяньнях супраць Ліцьвіноў (апошняя мірная ўмова таксама была заключана на полі сутычкі між палачанамі й вяліканоўгарадцамі каля возера Каспля, дзе, аднак, да крывавае бітвы не дайшло)[111]. Дарэчы зазначыць, што падобны «антылітоўскі саюз» быў заключаны ў 1212 годзе між полацкім князем Уладзімірам Усяславічам і галавой Лівонскага ордану мечаносцаў рыскім біскупам Альбэртам[112]. У запраўднасьці, заключаны спантанічна на полі сустрэчы дзьвюх варожых сілаў, якія ўсё-такі ня пусьцілі ў рух зброі, і гэты саюз быў толькі прыкрыцьцём арганізацыі супольнае полацка-літоўскае вайны супраць Лівонскага ордану, якая прадбачвалася на 1216 год і якая, будучы ўжо падрыхтаванай, не адбывалася толькі дзякуючы гвалтоўнай сьмерці полацкага князя Ўладзіміра Ўсяславіча, што наступіла, дарэчы, ужо ў часе паходу[113].
Бясспрэчна, маглі быць сутычкі між палачанамі й Ліцьвінамі, як яны былі, напрыклад, між палачанамі й мянчанамі. У гісторыі Кіеўскай Русі гэтага часу таксама ня было таго дня, каб, напрыклад, князь Раман ці Мсьціслаў не абрабаваў ці ня выгнаў князя Расьціслава ці Ўладзіміра. Аднак з гэтых асаблівасьцяў тае эпохі ня трэба рабіць таго выснаву, як гэта робяць савецкія гісторыкі, нібы канец ХІІ стагодзьдзя распачынае цэлую эпоху «крывавага змаганьня» «рускіх княстваў» супраць літоўскае агрэсіі. Папершае, наяўнасьці падобнага «крывавага змаганьня» супраць Ліцьвіноў беларускіх земляў былога Полацкага вялікага княства мы ізь сьвечкай у руках ня можам знайсьці ні ў вяліканоўгарадзкіх, ні ў маскоўскіх, ні ў валынска-галіцкіх летапісах. Запісаныя ў іх факты шматлікіх ваенных набегаў Ліцьвіноў адносяцца якраз не да гэтых беларускіх земляў, але вылучна да валоданьняў Пскоўскае й Вяліканоўгарадзкае рэспублікаў, Смаленскага, Чарнігаўскага й Галіцка-Валынскага княстваў. Гэта ў першую чаргу й павінна брацца пад увагу перад тым, як рабіць тыя ці іншыя выснавы ў гэтым пытаньні*[114]. Падругое, тыя зьвесткі, якія ў іх мы знаходзім і якія беспасярэдня тычацца гэтага пытаньня, сьветчаць зусім пра адваротнае. У гэтым мы ўпэўнімся з далейшага насьвятленьня падзеяў. У гэтым месцы дастатковым будзе паклікацца хоць-бы на наступнае асьветчаньне Гэнрыка Лівонскага, згодна якога князь Герсікі Ўсевалад натолькі быў збліжаны зь Ліцьвінамі, што яго можна было ўважаць нібы зь Ліцьвіноў. Апрача гэтага ён даволі часта ачольваў паходы Ліцьвіноў і дапамагаў ім усялякімі магчымымі спосабамі ў іхных набегах на валоданьні Лівонскага ордану[115].
* Ня маючы фактычна ніякіх падцьверджаньняў і асноўваючыся толькі на шматлікіх выпадках рабунковых набегаў Ліцьвіноў на землі Пскоўскае й Ноўгарадзкае рэспублікаў, Смаленскага, Чарнігаўскага й Галіцка-Валынскага княстваў, савецкія гісторыкі заўсёды прыходзяць да выснаву, што падобны лёс перажывалі таксама й землі, напрыклад, Полацкага, Віцебскага й Менскага княстваў. Гэты выснаў выцякае галоўным чынам з простага перанясеньня дачыненьняў Ліцьвіноў да першых з названых земляў на іхныя дачыненьні да апошніх, бо, як цьвердзяць савецкія гісторыкі, як першыя, так і апошнія землі складалі «адзіную» Русь, а таму тут не магло быць выняткаў. Больш таго, цьвердзяць яны, «Полацка-Менская Русь» поўнасьцяй залежыла калі не ад Кіева, дык ад Маскоўска-Суздальскага або Смаленскага княстваў. Аднак, папершае, як у гэтым выпадку мы павінны разглядаць той вымоўны факт, што гэтай «поўнасьцю залежнай Полацка-Менскай Русьсю» зусім ня цікавяцца ні ноўгарадзкія, ні маскоўскія, ні кіеўскія, ні галіцка-валынскія летапісы. Падругое, у тыя часы, пра якія тут ідзе мова, ужо не залежылі ні ад каго як Ноўгарадзкая рэспубліка, так і Смаленскае ці Турава-Пінскае княствы. Таксама выводзіць нейкую «залежнасьць» гэтае гэтак званае «Полацка-Менскае Русі», выходзячы з падзеяў канца XII стагодзьдзя, мы ня маем ніякіх падставаў. Як сьветчаць хоць-бы дайшоўшыя да нас летапісныя ведамкі, мы бачым, што полацка-віцебскія князі пераменна выступаюць у якасьці саюзьнікаў маскоўска-суздальскіх князёў і вельмі часта падтрымоўваюць бок чарнігаўскіх князёў у змаганьні супраць першых. Гэта-ж, аднак, павінна сьветчыць не пра іхную «залежнасьць», але якраз пра незалежнасьць. Інакш яны ня мелі-б магчымасьцяў гэтак свабодна рабіць больш выгаднага выбару. Праўда, у вапошняй чвертцы XII стагодзьдзя Віцебскае княства падпадае пад моцны палітычны ўплыў смаленскіх князёў. Аднак ужо ў 1196 годзе злучаныя сілы полацкіх князёў, віцебскага князя Васількі Брачыславіча й друцкага князя Барыса ў саюзе з чарнігаўскімі князямі дзесьці каля Віцебску атрымоўваюць перамогу над злучанымі сіламі смаленска-суздальскіх князёў і такім парадкам вызваляюць Віцебскае княства ад гэтых смаленскіх уплываў (ПСРЛ, т.I, кал.413; т.II, кал.690-693). Часамі гэтая «залежнасьць» Полацкага й Віцебскага княстваў ад Смаленскага княства выводзіцца яшчэ на падставе ведамых гандлёвых умоваў усіх гэтых трох княстваў з Рыгай, заключаных у 1223 (1225?), у 1229 і наступных гадох. Да нас не дайшлі тыя сьпіскі апошніх умоваў, якія перахоўваліся ў Полацку й Віцебску, а таму з гэтае прычыны й узьнікаюць розныя самавольныя дагадкі. Між тым, успамінаючы пра заключэньне гэтае ўмовы ў 1223 годзе, Гэнрык Лівонскі зусім выразна піша, што яна была заключана пасланцамі й ад імя смаленскага й полацкага князёў, а віцебскага князя ён адносіць да «іншых» (The Chronicle of Henry of Livonia, p.205). Дарэчы зазначыць, што знойдзены смаленска-рыскі сьпісак гэтае першае ўмовы адносіцца вылучна да Смаленску й Рыгі й ні адным словам не кранаецца Полацкага й Віцебскага княстваў. Што-ж тычыцца падобнае ўмовы з 1229 году, арыгінал якое захаваўся й якая таксама ўрэгулёўвае смаленска-рыскія гандлёва-прававыя дачыненьні, дык пры канцы ў ёй проста сказана: «Тая правда латинескомоу взяти оу роуской земли оу волости князя смольнеского и оу полотьского князя волости и оу витьбеского князя волости». Гэта азначае, папершае, што асобныя сьпіскі гэтае ці падобнае ёй умовы мелі таксама Полацак і Віцебск, а, падругое, што ўмова гэтая заключалася пры агульнай згодзе гэтых трох княстваў (Смоленские грамоты XIII-XIV веков. Изд-во АН СССР. Москва, 1963).
Бясспрэчна, свой так хуткі палітычны рост й актывізацыю свае дзейнасьці ў першую чаргу Ліцьвіны заўдзячваюць распаду цэласьці былога Полацкага вялікага княства й аслабленьню ягоных паасобных земляў. Гэтаму новаму разьмяшчэньню сілаў не ў малой ступені дапамагала як умацаваньне Лівонскага ордану ў Прыбалтыцы, так і ўзьніклая мангольская загроза на ўсходзе й паўдні. Аднак ня выпадае таксама прымяншаць нутраных сілаў і магчымасьцяў самых Ліцьвіноў, без наяўнасьці якіх немагчымым было-б гэтае іхнае даволі раптоўнае й хуткае ўзвышэньне. Тут ня трэба таксама забываць і тае ролі, якую ў гэтым выпадку маглі адыйграць і адыйгралі, ведама, іншыя заходнія землі былога Полацкага княства.
Як мы маглі канстатаваць вышэй, з 1167 году ці ад часу паразы князя Валадаркі Глебавіча пад Віцебскам летапісцы губляюць сувязь зь Менскім княствам. Якой-колечы сувязі яны ня маюць наагул зь іншымі заходнімі беларускімі землямі ці княствамі. Аднак гэта не павінна азначаць, што апошнія землі ці княствы прыпыняюць сваё існаваньне. Яны існавалі й надалей, але ў самаізаляцыі, ізалюючы адначасна й тую напэўную патэнцыяльную сілу, якая потым дасьць аснову новаму гаспадарству - Вялікаму Княству Літоўскаму. У гэтым, магчыма, паважную ролю адыйграла й бунтарная натура князя Валадаркі Глебавіча, аб'яднальная палітыка якога так неспадзяванна разьбілася аб муры Віцебску. Аднак ня будзем згадваць, а зьвернемся лепш да тых гістарычных падзеяў, што захавалі нам летапісы.
У сувязі з гэтым неабходна зьвярнуць увагу ў першую чаргу на тую мірную ўмову, якая была заключана ў 1219 годзе між літоўскімі князямі, з аднаго боку, і Галіцка-Валынскім княствам, з другога. Ведама, мы ня можам ручацца ні за праўдзівасьць характару самое гэтае ўмовы, ні за дакладнасьць пералічаных тут «літоўскіх» князёў. Гэтая ведамка была запісаная ў летапісу задняй датай, што й вынікае з дапіскі, у якой гаворыцца, што шматлікія з апошніх князёў пасьлей былі зьнішчаныя князем Міндоўгам. Аднак якаясь умова ўсё-такі існавала, што падцьвярджаюць ход некаторых далейшых падзеяў і паўтарэньне летапісцам імяў некаторых із гэтых князёў. Зьвязаная з гэтай умовай летапісная ведамка гучыць наступна:
«Божиим повелениемь прислаша князи Литовьскии к великой княгини Романовой и Данилови и Василкови мир дающи. Бяхоу же имена Литовьских князей, се старьшии: Живинбоуд, Давъят, Довспроунк, брат его Мидог (Міндоўг), брат Довъялов Виликаил; а Жемойтьскыи князи: Ерьдивил, Выкынт; а Роушьковичев: Кинтибоуть, Вонибоут, Боутовить, Вижейк и сын его Вишлий, Китений, Пликосова; а се Боулевичи: Вишимоут, его же оуби Миндогот (Міндоўг) и женоу его поял и братью его побил Едивила, Спроудейка; а се князи из Дяволтвы: Юдьки, Поукеик, Бикши, Ликийк. Си же вси мир даша князю Данилови и Василкоу и бе земля покойна. Ляхом же не престающим пакостящим и приведе на ня Литвоу. И воеваша Ляхы и много оубиства створиша в них»[116].
Гэтая мірная ўмова з Галіцка-Валынскім княствам дыктавалася актывізацыяй змаганьня Ліцьвіноў зь Лівонскім орданам і іхных набегаў на землі Ноўгарадзкае рэспублікі й Смаленскага княства. Аднак яна цікавіць нас у першую чаргу тым, што сьветчыць пра навязаньне цеснае сувязі Ліцьвіноў з княствамі Наднёманшчыны ўжо перад 1219 годам. Запраўды, як паведамляе той-жа летапісец, у 1237 годзе наваградзкі князь Ізяслаў ачольвае набег «Літвы» на Польшчу[117]. Падругое, калі навет дапусьціць, што ўсе пералічаныя ў гэтай умове прозьвішчы князёў належаць вылучна старажытным Ліцьвіном, мы ня можам не заўважыць працэсу іхнай славянізацыі, пра што й сьветчаць гэтыя прозьвішчы, як Рушковічы ці Булевічы. Князі Рушковічы выступаюць і пазьней, як, напрыклад, у 1246 годзе, калі князь Айшвна Рушковіч ачоліў набег Ліцьвіноў на Перасопніцу[118], або ў 1258 годзе, калі князь Сірвід (Сьвірыд) Рушковіч з ваяводам Хвалам на чале літоўскіх аддзелаў былі высланыя на дапамогу галіцка-валынскім князём у іхным паходзе на Кіеў ды якія, паспрачаўшыся з апошнімі, потым разбурылі навакольныя мясцовасьці каля Луцку[119].
Падзеі 50-х і 60-х гадоў ХІІІ стагодзьдзя, якія вызначаюцца вайной Вялікага Княства Літоўскага з галіцка-валынскімі князямі, паходам татарскага ваяводы Бурундуя на Вялікае Княства Літоўскае з тымі-ж галіцка-валынскімі князямі й, нарэшце, забойствам вялікага князя Міндоўга, даволі шмат кідаюць сьвятла на палажэньне земляў былога Полацкага вялікага княства ў сыстэме ВКЛ. Найперш трэба зазначыць, што ў сувязі з насьвятленьнем гэтых падзеяў упяршыню называюцца такія гарады, як Ваўкавыск, Слонім, Сьвіслач, Турыйск і Горадня. Як сьцьвярджалася вышэй, Наваградак зь ягоным князем Ізяславам успаміналіся ўжо пад 1237 годам. Некаторыя з гэтых гарадоў маюць і сваіх князёў. Гэтак у Ваўкавыску княжыць князь Глеб, які пад час паходу Бурундуя 1258-1259 гадоў быў захоплены ў палон галіцкім князем Данілам[120]. У Сьвіслачы таксама княжыць нейкі князь Ізяслаў[121], магчыма той, які раней княжыў у Наваградку. Савецкія гісторыкі, асноўваючыся на факце, што паходы галіцка-валынскіх князёў ськіроўваліся ў першую чаргу супраць пералічаных тут гарадоў, робяць выснаў, што раней усе яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Гэта й прывяло да вайны між Галіцка-Валынскім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Падобнае дапушчэньне зусім неабаснаванае, бо, папершае, названыя гарады цяпер выходзяць на гістарычную арэну першы раз, а, падругое, усе яны ставяць моцны супраціў галіцка-валынскай агрэсіі. Праўда, летапісец паведамляе, што ў вайне 1251-1254 гадоў зь Вялікім Княствам Літоўскім галіцка-валынскія князі здабываюць «многа гарадоў літоўскіх», аднак-жа ў кажным новым паходзе яны зноў і зноў змушаныя нападаць на Зьдзітаў, Слонім, Ваўкавыск і асабліва Наваградак, што азначае ў запраўднасьці, што ніводзін з гэтых гарадоў ня быў здабыты імі. Прыступам была ўзятая імі толькі Горадня[122], але, як вынікае з далейшых падзеяў, яны не змаглі ўтрымаць яе за сабой. Тое самае мы наглядаем і ў часе паходу татарскага ваяводы Бурундуя 1258-1259 гадоў, пад час якога галіцкаму князю Данілу Раманавічу пашчасьціла здабыць толькі Ваўкавыск, а ад здабыцьця Горадні ён проста адмовіўся[123]. У паходзе на Вялікае Княства Літоўскае татарскага ваяводы Ягурчына ў 1275 годзе з цэлай сьвітай залежных ад Татараў князёў (бранскага, смаленскага, турава-пінскіх і ўсіх галіцка-валынскіх), які спэцыяльна быў зарганізаваны галіцкім князем Львом Данілавічам, быў здабыты гэтай вялізарнай арміяй толькі адзін Наваградак[124]. Праўда, у вайне галіцка-валынскіх князёў зь вялікім князем літоўскім Тройдзеням у 1276 годзе першым пашчасьціла здабыць Ваўкавыск і Турыйск, але, ня здолеўшы замацаваць за сабой навакольля, яны не атрымалі ад гэтае ўдачы ніякае карысьці[125]. Нарэшце ў паходзе на Літву татарскага ваяводы Мамшэя ў наступным 1277 годзе Татары здолелі толькі спаліць і аграбіць навакольле Наваградку, а войска галіцка-валынскіх князёў, не здабыўшы Ваўкавыска, прыступіла да аблогі Горадні, але тут было моцна пабітае яшчэ перад аблогай гэтае цьвярдыні. Так што яны былі змушаныя зьняць гэтую аблогу за цану атрыманьня назад галіцка-валынскіх баяраў, захопленых у палон наконадні гэтае аблогі[126].
Не абасноўвае дадзенага дапушчэньня савецкіх гісторыкаў і той факт, што пры заключэньні ў 1254 годзе перамір'я з галіцка-валынскімі князямі Наваградак, Ваўкавыск і Слонім часова перадаюцца ў рукі сыноў галіцкага князя Данілы Раманавіча - Шварну й Раману. У дабавак Шварна быў ажэнены з дачкой вялікага князя Міндоўга. Аднак-жа гэтыя гарады ня былі прылучаныя да Галіцка-Валынскага княства, а заставаліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Князі Шварна й Раман у запраўднасьці былі васалямі вялікага князя Міндоўга. Дарэчы ўжо перад 1258 годам яны змушаныя былі пакінуць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Вялікаму князю Міндоўгу тады неабходна было згадзіцца на заключэньне падобнае кампраміснае ўмовы, бо быў абкружаны даволі вялікай кааліцыяй у складзе Галіцка-Валынскага княства, Жамойці, Лівонскага ордану й Яцьвягаў.
З усяго гэтага вынікае, што землі Наднёманшчыны зь пералічанымі тут гарадамі, творачы калісьці цэласьць былога Полацкага вялікага княства й, пасьля ўпадку апошняга, жывучы сваімі незалежнымі інтарэсамі, дзесьці яшчэ з пачатку ХІІІ стагодзьдзя становяцца тым ядром, каля якога ўзьнікае Вялікае Княства Літоўскае. У сувязі з гэтым мы й заўважаем наяўнасьць нацягнутых дачыненьняў між Вялікім Княствам Літоўскім і Жамойцяй, а ў вайне 1251-1254 гадоў яна навет выступае на баку Галіцка-Валынскага княства й Лівонскага ордану. Таксама, як мы маглі сьцьвердзіць, увесь цяжар як апошняе вайны, так і наступных паходаў галіцка-валынскіх князёў і татарскіх ваяводаў кладзецца вылучна на землі Наднёманшчыны. Дарэчы й цэнтр ВКЛ, праўдападобна, знаходзіцца ў Наваградку, супраць якога заўсёды ськіроўваюцца гэтыя паходы галіцка-валынскіх князёў і татарскіх ваяводаў. Пазьней гэты цэнтр быў перанесены ў Вільню ці тады яшчэ, магчыма, у Крывіч-горад. Нарэшце, гэта землі Наднёманшчыны, якія ў першую чаргу выступаюць у вабароне цэласьці Вялікага Княства Літоўскага пасьля забойства вялікага князя Міндоўга.
Вялікі князь Міндоўг із сваімі абыдвума сынамі быў забіты ў 1263 годзе агентамі нальшанскага князя Даўмонта й жамойцкага князя Трайняты. Ягоны старэйшы трэйці сын Войшалк яшчэ перад гэтым зрокся сьвецкай княжай улады й, прыняўшы хрысьціянства (праваслаўнага абраду) і адначасна стаўшыся манахам, замкнуўся ў Лаўрашавым манастыры, які ён заснаваў сам недалёка ад Наваградку. Пасьля забойства бацькі Войшалк таксама змушаны быў уцячы ў Пінск. Тут ён атрымоўвае падмогу ад турава-пінскіх князёў*[127] і, бясспрэчна, маючы за сабой Наваградчыну, у 1264 годзе ён вырушае да Наваградку, дзе да яго прылучаецца ўся Наднёманшчына. З гэтай сілай ён пасоўваецца далей на поўнач ды суровымі рэпрэсіямі прыводзіць да паслухмянасьці ня толькі сьціплую Літву (г.зв. Аўкштоту), але й Жамойць[128]. Князь Даўмонт уцякае ў Пскоў, а Трайнята быў пакараны.
* Падмога гэтая, атрыманая Войшалкам ад турава-пінскіх князёў, ня ёсьць выпадковай. Ужо здаўна турава-пінскія князі сымпатызуюць Вялікаму Княству Літоўскаму й, ува ўсякім выпадку, застаюцца нэўтральнымі ў войнах супраць яго галіцка-валынскіх князёў. Удзел іх у паходзе на ВКЛ татарскага ваяводы Ягурчына ў 1275 годзе адбыўся пад прымусам. Дарэчы, паспрачаўшыся з галіцкім князем Львом Данілавічам, яны, як наагул смаленскі князь Глеб і бранскі князь Раман, адмаўляюцца ад далейшага ўдзелу ў гэтай вайне й ад Наваградку адыходзяць дамоў (ПСРЛ, т.II, кал.873-874). Пра выразныя сымпатыі турава-пінскіх князёў да ВКЛ ды пра іхную скрытую дапамогу апошняму галіцка-валынскі летапісец гаворыць пад 1247 і 1253 годамі (ПСРЛ, т.II, кал.798, 818).
Пра ўдзел у гэтай нутранай вайне Менскага княства, як наагул пра ягоны ўдзел у працэсе ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, мы нічога ня ведаем. Аднак усё-такі цяжка дапусьціць, каб яно, творачы, фактычна, адно цэлае з Наднёманшчынай, заставалася дзесьці збоку. Што-ж тычыцца Полацкага княства, дык у пачатку 1260-х гадоў тут сядзіць князь Таўцьвіл, які падчас вайны 1251-1254 гадоў выступаў на баку галіцка-валынскіх князёў і Лівонскага ордану, але потым прымірыўся зь вялікім князем Міндоўгам. Ён таксама быў забіты агентамі князя Трайняты ў 1263 годзе[129]. Ягонае месца ў Полацку ў 1264 годзе займае князь Гердзень[130], які, магчыма, быў ськіраваны сюды яшчэ князем Трайнятам, але які потым быў прызнаны й вялікім князем Войшалкам, бо князь Гердзень княжыць яшчэ ў Полацку ў 1266 годзе, дзе ён стрымоўвае набегі на ВКЛ псковічаў, ачоленых князем Даўмонтам[131]. Аднак ужо дзесьці ад 1267 году ў Полацку й Віцебску княжаць два Ізяславы, якія знаходзяцца «ў волі Бога й Войшалкі»[132]. Магчыма, што гэта былі ўспомненыя вышэй Ізяслаў наваградзкі й Ізяслаў сьвіслацкі, пераведзеныя сюды вялікім князем Войшалкам з Наднёманшчыны. Аднак і княжаньне ў Полацку двух вышэй названых літоўскіх князёў - Таўцьвіла й Гердзеня - зусім не асноўвалася на сіле падбіцьця й заваёваў, але ў выніку ўзаемнай згоды ці на аснове ўмоваў з полацкім баярствам. Падобны выснаў вынікае з наступнага. Пры забойстве полацкага князя Таўцьвіла князь Трайнята адначасна палоніў шмат полацкіх баяраў. Пасьля гэтага ён патрабаваў таксама ад палачанаў выдачы Таўцьвілавага сына, што, аднак, яму было адмоўлена. Таўцьвілаў сын, праўдападобна, Канстантын, пасьля выехаў у Вялікі Ноўгарад. Больш таго, жадаючы пасадзіць свайго стаўленіка ў Полацку, ён, папершае, змушаны быў вызваліць захопленых ім у палон полацкіх баяраў, а, падругое, заключыць з палачанамі адмысловую ўмову, якой абмяжоўваліся ня толькі ўплывы ВКЛ у Полацкім княстве, але й правы прынятага на княжы пасад князя[133].
Такім парадкам на гэтых прыкладах Наднёманшчыны, Полацкага княства й прыхільнасьці да ВКЛ турава-пінскіх князёў мы сьцьвярджаем, што першапачатковы працэс утварэньня Вялікага Княства Літоўскага праходзіў на беларускіх землях і пры ўдзеле гэтых земляў. Ён праходзіў не шляхам заваёваў і насільля, а шляхам дабравольнага аб'еднаньня.
Другі раз Войшалк зрокся сваей сьвецкай вялікакняжай улады дзесьці ў 1268 годзе. Вялікакняжы пасад у Вялікім Княстве Літоўскім ён перадаў свайму швагру князю Шварну Данілавічу. Аднак, пры наведваньні валынска-галіцкіх манастыроў у тым-жа 1268 годзе Войшалк быў забіты зрадніцкім спосабам галіцкім князем Львом Данілавічам[134]. Пасьля гэтага, ведама, і князь Шварна ня мог доўга ўтрымацца на літоўскім вялікакняжым пасадзе[135]. Ён пераходзіць у рукі князя Тройдзеня, які, праўдападобна, вялікакняжую ўладу разьдзяляе із сваімі чатырма братамі - Борзам, Сурпуцям, Лесям і Сьвелькеням. Апрача самога Тройдзена, усе ягоныя браты зьяўляюцца хрысьціянамі праваслаўнага веравызнаньня[136]. Тры зь іх загінулі ў змаганьні з валынскім князем Васількам Раманавічам[137]. Гэта павінна азначаць, што, калі гэтая княжая дынастыя (пасьля Тройдзеня дзесьці каля 1282 году пачаў княжыць ягоны сын Лютавер, часамі званы Пукуверам, які ў сваю чаргу меў сыноў Віценя, Гедзіміна й Войну) не паходзіла з Крывічоў, дык, прынамся, із старажытных Ліцьвіноў, цесна зьвязаных з гэтымі Крывічамі. Дарэчы, і іхныя імёны, асабліва, як Тройдзень, Борза, Лесі, Лютавер, Віцень і Война, маглі быць чыста славянскімі імёнамі.
З далейшае гісторыі Вялікага Княства Літоўскага можна зьвярнуць увагу на наступныя факты. Як ужо зазначалася вышэй, з «Прускае кронікі» Пётры Дузбурскага вынікае, што гарадзенскі ваявода князь Давыд адыйгрывае першарадную ролю, як, праўдападобна, галоўнакамандуючы літоўскім войскам. Ён неаднаразова ачольвае літоўскае войска ў змаганьні супраць крыжакоў і ў паходах на Польшчу, а дзесьці з 1321 году выконвае абавязкі вялікакняжага намесьніка ў Пскоўскай рэспубліцы[138], дзе таксама ачольвае змаганьне апошняе супраць Лівонскага ордану. Гарманічнае сужыцьцё Наднёманшчыны ў сыстэме ВКЛ вынікае таксама й з галіцка-валынскага летапісу, які заканчваецца 1292 годам. Праўда, як паведамляецца ў гэтым летапісу пад 1289 годам, дзеля падтрыманьня мірных дачыненьняў з валынскім князем Мсьціславам Васількавічам апошняму на некаторы час быў уступлены Ваўкавыск[139]. Гэтая ўступка з боку ВКЛ дыктавалася, бясспрэчна, нарастаньнем канфлікту ВКЛ з прускімі крыжакамі, і яна ні ў якім выпадку не азначала якойсь дызгармоніі, што магла існаваць між ВКЛ і землямі Наднёманшчыны. Дарэчы, Ваўкавыск хутка быў зьвернуты назад, а ў пачатку ХІV стагодзьдзя да ВКЛ прылучаюцца таксама Берасьце, Драгічын і іншыя землі, якія раней уваходзілі ў склад Валынскага княства.
Што-ж тычыцца іншых беларускіх земляў і княстваў - Полацкага, Віцебскага, Менскага й Турава-Пінскага, - дык яны, захоўваючы мясцовыя княжыя дынастыі, усё больш і больш збліжаюцца зь Вялікім Княствам Літоўскім і ўдзельнічаюць у разбудаваньні ягонае палітычнае магутнасьці. Праўда, пасьля полацкага князя Ізяслава, які княжыў яшчэ пры Войшалку, летапісы ўспамінаюць толькі нейкага полацкага князя Канстантына Бязрукага, які княжыць тут у 1270-1280-х гадох. У канцы ХІІІ і пачатку ХІV стагодзьдзяў вярхоўная ўлада ў Полацкім княстве знаходзіцца ўжо ў руках полацкага ўладыкі, што вялікага князя Віценя ўважае «сваім сынам»[140]. Пры вялікім князі Гедзіміне тут ужо княжыць ягоны брат князь Война[141]. У Віцебскім княстве пад канец ХІІІ стагодзьдзя сядзяць нейкі князь Канстантын, а потым ягоны сын Міхаіл[142]. У пачатку ХІV стагодзьдзя тут княжыць князь Яраслаў Васілевіч, з дачкой якога быў ажэнены сын вялікага князя Гедзіміна Альгерд. Пасьля сьмерці Яраслава Васілевіча ў 1320 годзе Віцебскае княства пераходзіць у рукі князя Альгерда Гедзімінавіча. У Менскім княстве яшчэ ў 1326 годзе княжыў нейкі князь Васіль, які ўваходзіў у пасольства, якое было выслана ў гэтым годзе вялікім князем Гедзімінам у Вялікі Ноўгарад[143]. У Турава-Пінскім княстве княжылі сыны князя Ўладзіміра Юры й Дзямід[144], сыны апошніх і шматлікія іншыя князі. Утрымоўвалі за сабой княжую ўладу лукомальскія, друцкія й іншыя князі. Гэта аднак не нарушала палітычнае цэласьці Вялікага Княства Літоўскага, а, наадварот, умацоўвала яе ды дапамагала тэрытарыяльнаму росту апошняга.
Вялікія зьмены ў дачыненьні да княстваў і асабліва мясцовых князёў наступаюць пры вялікім князю Гедзіміне, які найважнейшыя княствы даручае сваім шматлікім сыном. На пачатку й вялікі князь Гедзімін сваю палітыку праводзіў даволі асьцярожна, што відаць хоць-бы на прыкладзе замены княжае дынастыі ў Віцебску. Потым, магчыма, ён быў змушаны прыбегчы да ўжыцьця нейкае сілы, асабліва ў дачыненьні да турава-пінскіх князёў. У той-жа час апошняя ягоная дынастычная й адначасна цэнтралістычная палітыка ня ўносіла нічога новага ў дачыненьні да мясцовага насельніцтва й асабліва мясцовага баярства. Як правіла, сыны Гедзіміна, пераймаючы ў свае рукі мясцовую княжую ўладу, прыймалі ў сувязі з гэтым праваслаўе, забавязваліся шанаваць мясцовыя звычаі й прывілеі ды пакідалі пры сабе ранейшыя мясцовыя баярскія рады. Дарэчы, і мясцовыя княжыя дынастыі ня зьнішчаліся. Яны, прызнаўшы вярхоўную ўладу сыноў Гедзіміна, у большасьці выпадкаў заставаліся пры сваіх княствах або атрымоўвалі меншыя надзелы ў межах таго ці іншага княства. Падобны стан рэчаў трываў ажно да княжаньня вялікага князя Вітаўта, які толькі паступова прыступіў да ліквідацыі мясцовых найважнейшых княстваў, назначаючы ў іхныя цэнтры сваіх намесьнікаў, што потым агульна пачалі звацца ваяводамі.
Наагул-жа незалежна ад гэтых неабходных зьменаў і рэформаў у сваёй нутранай палітыцы вялікія князі літоўскія кіраваліся прынцыпам: «навізны ня ўводзім і старыны не нарушаем». У сувязі з гэтым іхныя дачыненьні зь мясцовым насельніцтвам і княствамі перш асноўваліся на двубаковых умовах, пасьлей-жа зь ліквідацыяй мясцовых княстваў паасобным землям яны пачалі выдаваць прывілеі, якімі пацьвярджалася непарушнасьць мясцовых звычаяў і наагул «старыны» ды абмяжоўваліся ўлада й правы вялікакняжых намеснікаў-ваяводаў.
Што-ж тычыцца вонкавае палітыкі вялікіх князёў літоўскіх і наагул Вялікага Княства Літоўскага, дык тут ня трэба прыбягаць да спэцыяльных довадаў, каб сьцьвердзіць, што гэтая палітыка была зьвязаная ў першую чаргу з вонкава-палітычнымі інтарэсамі беларускага народу. Усе падзеі й разьвіцьцё ХІV, ХV і ХVІ стагодзьдзяў праходзілі ў гэтым і толькі ў гэтым кірунку. У сувязі з гэтым зазначым толькі, што, калі пасьля Крэўскай вуніі 1385 году Вялікаму Княству Літоўскаму стала пагражаць небясьпека з боку Польшчы, у першую чаргу на змаганьне з каралём Ягайлам і польскімі палітычнымі ўплывамі ў ВКЛ выступілі Полацкае й Смаленскае княствы. Пайменна, заключыўшы ў кастрычніку 1385 году саюз зь Лівонскім орданам, у лютым наступнага 1386 году полацкі князь Андрэй Альгердавіч з палачанамі ўзьнімае змаганьне супраць караля Ягайлы й ягонай злучанай літоўска-польскай арміі. У пляне князя Андрэя стаяла ў першую чаргу апанаваньне Сярэдняй і Ўсходняй Беларусяй, а таму сваю ваенную акцыю ён ськіроўвае на захоп Менску й на гэтым шляху ён здабывае Лукомаль і іншыя цьвярдыні. Адначасна смаленскі князь Сьвятаслаў Іванавіч таксама выступае ў паўднёвым кірунку ды здабывае Мсьціслаў. Праўда, гэтае выступленьне полацкага князя Андрэя Альгердавіча й смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча супраць прапольскае палітыкі польскага караля й вялікага князя літоўскага Ягайлы хутка было здушанае злучанымі польска-літоўскімі сіламі, аднак яно даволі вымоўна паказала, як была ўспрынятая паасобнымі беларускімі княствамі Крэўская вунія, што вяла да ліквідацыі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Калі другі раз гэтае змаганьне за незалежнасьць ВКЛ было ўзьнятае князем Вітаўтам Кейстутавічам, дык апошняга падтрымалі ўсе без выключэньня беларускія землі, у выніку чаго незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага было забяспечана ажно да новае Люблінскае вуніі 1569 году.
Дарэчы, штосьці падобнае мы наглядаем таксама ў змаганьні за захаваньне незалежнасьці ВКЛ 1430-1435 гадоў. Як ведама, пасьля сьмерці вялікага князя Вітаўта ў 1430 годзе насуперак спадзяваньням Палякоў вялікім князем літоўскім быў выбраны князь Сьвідрыгайла Альгердавіч. На дамаганьне Вялікакняжае Рады й наагул усіх земляў ВКЛ новы вялікі князь Сьвідрыгайла парывае з Крэўскай і Гарадзельскай вуніямі ды на пярэчаньні Палякоў аб'яўляе вайну Польшчы з мэтай прылучэньня да ВКЛ захопленых перад гэтым Палякамі земляў Падольля й Валыні. Аднак пры дапамозе інтрыгаў, подкупаў і простае ваеннае інтэрвэнцыі ў 1432 годзе Паляком удаецца высунуць на вялікакняжы пасад кандыдатуру князя Жыгімонта, брата вялікага князя Вітаўта. Беларускія землі ня прыймаюць гэтае кандыдатуры ды й найдалей падтрымоўваюць вялікага князя Сьвідрыгайлу ў ягоным змаганьні супраць злучаных сылаў князя Жыгімонта й Польшчы. Праўда, гісторыкі цьвердзяць, што вялікі князь Сьвідрыгайла меў гэтую моцную падтрымку беларускіх земляў у сувязі з тым, што ён скасаваў ганебныя для праваслаўнага насельніцтва, у тым ліку й для праваслаўных князёў, абмежаваньні прывілеяў гэтак званай Гарадзельскай вуніі з 1413 году. Так, гэта мела вялікае значаньне. Аднак вялікага князя Сьвідрыгайлу падтрымоўвала ня толькі праваслаўнае насельніцтва, але й каталікі, для якіх прывілеі Гарадзельскай вуніі забясьпечвалі шматлікія выгады. Навет тая частка паноў-каталікоў, якая перш ухапілася за кандыдатуру князя Жыгімонта, потым зноў пачала пераходзіць на бок вялікага князя Сьвідрыгайлы. Таксама, ажыцьцяўляючы гэтую палітычную дывэрсію ў ВКЛ, новымі прывілеямі з 1432 і 1434 гадоў кароль Ягайла й князь Жыгімонт пасьпяшылі скасаваць найбольш ганебныя для праваслаўных абмежаваньні, якія вынікалі з прывілеяў Гарадзельскай вуніі. Тым часам вайна супраць Польшчы й ейнага саюзьніка князя Жыгімонта працягвалася й далей, і прымірэньне паступова наступіла толькі пасьля вялікае паразы арміі вялікага князя Сьвідрыгайлы пад Вількомірам у 1435 годзе. У гэтай схватцы, як ведама, удзельнічала больш 50 князёў, зь якіх 13 ляглі на полі бітвы, а 42 трапілі ў палон. Дарэчы, апошні сацыяльна-рэлігійны фактар, пра які тут гавораць гісторыкі, зусім ня вымагаў аб'яўленьня вайны Польшчы й наагул скасаваньня актаў Крэўскай і Гарадзельскай вуніяў і іхных палітычных вынікаў. Пры ацэнцы падзеяў 1430-1435 гадоў трэба таксама не парываць сувязі й з падзеямі канца ХІV стагодзьдзя ці з падобным змаганьнем за захаваньне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага полацкага князя Андрэя й смаленскага князя Сьвятаслава, а потым князя Вітаўта, зноў-жа падтрыманага й полацкім князем Андрэем.
Нарэшце пытаньне пра тое, вонкава-палітычнымі інтарэсамі якога народу кіравалася ў першую чаргу Вялікае Княства Літоўскае, лёгка разьвязваецца пастаноўкай іншага пытаньня: які народ вынес на сваіх плячах увесь цяжар як змаганьня супраць «апякунскіх» прэтэнзіяў Польшчы, так і шматлікіх крывавых войнаў з Маскоўшчынай. Гэтым народам быў якраз беларускі народ. Бясспрэчна, Вялікае Княства Літоўскае было шматнацыянальнай дзяржавай і іншыя народы таксама пралілі шмат крыві за справу гэтае дзяржавы, аднак Беларусам усё-такі належыць першае месца між імі.
Для паўнаты гэтага малюнку, у якім наглядна магла-б выявіцца тая арганічаная сувязь, якая існавала між Вялікім Княствам Літоўскім і беларускім народам, выпадала-б таксама зьвярнуць увагу на літоўскі патрыятызм гэтага народу. Аднак нам тут прыдзецца назваць толькі некаторыя з тых пісаных помнікаў, у якіх можна знайсьці праявы гэтага патрыятызму. Такімі ёсьць, напрыклад, літоўскія кронікі ХVІ стагодзьдзя, у тым ліку й «Дзёньнік» Фёдара Еўлашэўскага, даведзены да 1604 году; «Прадмова» Васіля Цяпінскага, якую ён напісаў для свайго «Евангельля»; вершы Андрэя Рымшы й асабліва ягоныя вершы пра гэрбы Льва Сапегі й Тодара Скуміна; «Прамова Мялешкі» - гэтая славутая палітычная сатыра няведамага аўтара з пачатку ХVІІ стагодзьдзя; ды «Ліст да Абуховіча» Цыпрыяна Камунякі з палавіны ХVІІ стагодзьдзя.
Затое, заканчваючы гэты маленькі гістарычны агляд станаўленьня й далейшага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага, мы ня можам не адцеміць і наступнай ягонай немалаважнай асаблівасьці. Пайменна, узьнікаючы на беларускай этнаграфічнай тэрыторыі й разьвіваючыся на асновах беларускае мовы й беларускае культуры наагул, Вялікае Княства Літоўскае яшчэ дзесьці ў ХІІІ стагодзьдзі ў якасьці свайго нацыянальна-дзяржаўнага гэрбу асвойвае таксама й беларускую Пагоню. «Пагоня», што азначае «перасьлед ворага» - чыста славянска-беларускі тэрмін, ды яна ў якасьці таго-ж дзяржаўнага гэрбу служыла яшчэ полацкім князём, пра што сьветчыць хоць-бы пячатка з Пагоняй друцкага князя Івана, падвешаная да Салінскае ўмовы з 1398 году, заключанай між вялікім князем Вітаўтам і крыжакамі.
Неабходна таксама зьвярнуць увагу й на мамэнт наступнага характару. Пайменна, у той час, калі тэрміны «Літва», «Ліцьвін» і «літоўскі» распаўсюджваюцца на беларускія землі й прыймаюцца беларускім народам, яны застаюцца нібы чужымі для Жамойці, якая разглядаецца ўсё-такі ў якасьці «кроўнай сястры» старажытных Ліцьвіноў. Пра гэты мамэнт даволі шмат гаварылася ў першай частцы артыкулу. Для дапаўненьня-ж гэтага малюнку просім нашых чытачоў зьвярнуцца да арыгінальных актаў дзяржаўна-дыпляматычнага характару, якія былі сабраныя й выдадзеныя хоць-бы ў гэтых зборніках, пералічаных у зносцы[145]. Асаблівую вартасьць у гэтым выпадку мае зборнік гістарычных дакумантаў, што выйшаў нядаўна пад назовам «Русско-белорусские связи». Дакуманты гэтыя, якія адлюстроўваюць адрэзак з 1570 да 1667 году, наглядна паказваюць, што ў тыя часы пад тэрмінамі «Літва», «Ліцьвіны» выступаюць пайменна Беларусь і Беларусы. Пры гэтым яны ўвасабляюць гэтыя назовы ня з прычыны іхнае прыналежнасьці да Вялікага Княства Літоўскага, але як творцы й нацыянальныя прадстаўнікі гэтае дзяржавы, наагул як носьбіты гэтых назоваў. Як вынікае з гэтых дакумантаў, навет простыя гандляры з Полацку, Віцебску, Магілева й іншых беларускіх гарадоў тут называюцца іншымі й самі сябе называюць Ліцьвінамі[146]. Дарэчы зазначыць, што гэтая традыцыя называць Беларусаў Ліцьвінамі ў нашых суседзяў існавала яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі ды, напрыклад, сярод насельніцтва Курскай і Арлоўскай вобласьцяў яна жыла яшчэ перад 2-ой сусьветнай вайной. Таму не павінна нас зьдзіўляць, калі, прыкладам, у «Кароткім Уладзімірскім летапісцу» з ХVІ стагодзьдзя мы сустракаемся з наступным выснавам, зробленым што да Драўлянаў:
«...По нем (пасьля Алега) нача княжити Игорь и воева Деревскую землю, рекше Литву, иде пакы тамо в мале дружине, и убьен бысть от Древлян... Княгиня же его Олга с сыном своимь мьсти кровь мужа своего и князя уби, Мала именемь, и всю Литву высече...»[147].
Што-ж датычыцца Жамойці, дык апошняя ня толькі не асвойвае тэрміну «Літва», але нацыянальна ўсё больш і больш выдзялае сябе зь Вялікага Княства Літоўскага. Возьмем хоць-бы дакумант з 2 травеня 1506 году, які зьмяшчае ў сабе адказы вялікага князя Аляксандра лівонскім паслом і падае таксама інструкцыі што да ўпарадкаваньня дзяржаўных межаў між Лівоніяй, з аднаго боку, Жамойцяй і Вялікім Княствам Літоўскім, з другога. Апошняя інструкцыя сьветчыць:
«...Нижьли, што ся дотычет вчиненья и початка границам, тыи панове, которыи на границы на оный рок выедуть, мають границы вчинити Жомойтской земли з Лифлянтскою землею, а початок мають взять от Святое реки, где в Солоное море впадывает, старыми границами, водле давных записов. А ктому теж на Литовскую границу, которая ся делит з Лифлянтскою землею, другии панове, который суть менованы, мають выехати, почон от Курчом, сторою теж границою, до Дрисвета и до Браславля, аж и до Псковского рубежа...»[148].
Як бачым, у гэтым выпадку Жамойць проста вылучана зь Літвы, у якую, аднак, уваходзяць Браслаўшчына, Полаччына й іншыя беларускія землі. Гэтае пытаньне апрычоных межаў Жамойці ці дамаганьне, каб жамойцкія камісары наглядалі толькі за жамойцка-лівонскай мяжой ды не пасылаліся на літоўска-лівонскую мяжу, знайшло таксама адлюстраваньне й у вадказе вялікага князя Жыгімонта Старога на просьбу Жамойтаў з 1542 году[149]. На Берасьцейскім сойме ў 1566 годзе яны наагул дамагаліся ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, каб ён нанава асобным прывілеем падцьвердзіў незачэпнасьць былое мяжы між Жамойцяй і Літвой ці Вялікім Княствам Літоўскім[150]. Як ведама, з часоў вялікага князя Вітаўта Жамойць мела свае апрычоныя прывілеі ды карысталася даволі шырокай аўтаноміяй. У ХVІ стагодзьдзі, калі ў сувязі з апрацоўкай супольнага Літоўскага Статуту насьпела неабходнасьць уніфікацыі прывілеяў і правоў паасобных земляў Вялікага Княства Літоўскага, Жамойць адна зь першых і ў катэгарычнай форме выступае супраць падобных рэформаў. Напрыклад, на названым тут Берасьцейскім сойме, а таксама на Віленскім сойме, які адбыўся ў канцы 1565 і пачатку 1566 гадоў[151], яна, згаджаючыся ў прынцыпе з увядзеньнем Літоўскага Статуту, патрабуе адначасна, каб апошні нічым не пашкодзіў і пацьвердзіў ейныя ранейшыя правы й прывілеі. На іншых соймах, як, напрыклад, на Віленскіх соймах з 1554 і 1559 гадоў[152] або ў названай вышэй просьбе з 1542 году, ськіраванай да вялікага князя Жыгімонта Старога, яна ня толькі дамагаецца захаваньня ў ранейшым стане свае тэрытарыяльна-адміністрацыйна-ваеннае апрычонасьці, але катэгарычна пратэстуе супраць назначэньня ў Жамойць урадоўцаў зь «Ліцьвіноў» і «Русі» й выдзяленьня ім тут зямельных участкаў. Падобныя паводзіны Жамойці рэзка розьняцца ад паводзінаў іншых земляў Вялікага Княства Літоўскага, асабліва ад паводзінаў беларускіх земляў, у тым ліку й Паноў-Рады ВКЛ, якія на названых тут соймах вітаюць ідэю ўніфікацыі правоў і прывілеяў усіх земляў ВКЛ ці ўвядзеньне Літоўскага Статуту ды клапоцяцца найбольш не пра свае мясцовыя прывілеі, але пра захаваньне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, пра ягоную абарону перад агрэсіяй Маскоўшчыны. Жамойць-жа ў гэты час падае адну скаргу за другой, дамагаючыся ад вялікага князя, каб законам былі забароненыя ськіраваныя супраць яе закіды ў тым, быццам «яна не дабравольна прылучылася да ВКЛ, але была падбітая апошнім». І вось, калі ў 1574 годзе ў якасьці польскага караля й вялікага князя літоўскага быў выбраны францускі каралевіч Гэнрык, Жамойць пасьпяшыла атрымаць ад яго асобны Акт, якім новы й недаўгавечны вялікі князь слова ў слова пацьвярджае ейныя ранейшыя правы й прывілеі. Пры гэтым Жамойты ня ўпускаюць добрага моманту ды апошнім афіцыйным Актам замацоўваюць за сабой славу апрычонага «вольнага народу», адносячы адначасна Ліцьвіноў да «людзей іншага народу»[153].

3

Гэты аналіз быў-бы няпоўны без насьвятленьня гісторыі тэрміну «Беларусь», які напасьледак і будзе прыняты нашымі землямі й народам. Трэба зазначыць, што гісторыя ўзьнікненьня апошняга тэрміну нам няведамая, і пытаньне гэтае застаецца неразьвязаным у гістарыяграфіі. Можна толькі прасачыць ягоную міграцыю, а таксама тыя абставіны й прычыны, якія нарэшце замацуюць яго за нашымі землямі.
Бясспрэчным ёсьць, што тэрмін «Беларусь» зьвязаны й беспасярэдня выцякае з тэрміну «Русь». Апошні тэрмін прыйшоў на нашыя землі й прывіўся тут з прыняцьцем хрысьціянства ці «рускае веры», бо хрысьціянства прыйшло да нас праз Кіеўскую Русь. Першапачаткова ды пераважна й пасьлей ён ужываўся тут у чыста рэлігійным значаньні. Прынамся гэта датычыцца тэрыторыі былога Полацкага вялікага княства, якая, за выняткам кароценькіх эпізадычных акупацыяў, ніколі не ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. З гэтае прычыны ў старых летапісах мы не находзім тых прыкладаў, якія сьветчылі-б пра тое, што й да земляў Полацкага княства прымяняўся гэты тэрмін «Русь» не ў ягоным рэлігійным, але нацыянальным значаньні. У гэтых летапісах Полацкае княства выступае або пад гэтым-жа ягоным назовам, або як землі палачанаў ці полацкіх Крывічоў, або проста як княства й землі Крывічоў. Напрыклад, паведамляючы пра паход 1127 году злучаных сілаў Кіеўскай Русі супраць полацкіх князёў, летапісец пачынае: «В то же лето посла князь Мстислав братью свою на Кривиче четырми пути»[154]. Праўда, пералічаючы ў вадным месцы тых, хто «токмо словенеск язык в Руси», да апошніх летапісец далучае таксама й палачанаў[155]. Гэтае сьцьверджаньне належыць, аднак, іншаму летапісцу, праўдападобна, манаху Несьцеру, які наагул славіцца сваімі «вялікарускімі» тэндэнцыямі й які з гэтае прычыны жаданае даволі часта апавіваў у павуціну рэальнага. Гэтак яму належыць няўдалая спроба гістарыязаваць легенду пра сватаньне Ўладзіміра Сьвятога да полацкае княжны Рагнеды або спроба прытачыць той-жа Полацак да Кіеўскай Русі пры дапамозе схвабрыкаванай гісторыйкі пра паход 907 году князя Алега на Канстантынопаль і пра заключэньне ў сувязі з гэтым «уніжальнае» для Бізантыі ўмовы, у якой, магчыма для наданьня большае «магутнасьці» Кіеўскай Русі, фігуруе таксама й Полацак, «под Олегом сущий»[156]. Між тым сваю кроніку манах Несьцер пісаў на сьвежых сьлядох эпохі Брачыслава й Усяслава Чарадзея, якая ніяк не дазваляла рабіць той выснаў, што «се бо токмо словенеск язык в Русі:... Полочане». Наагул манах Несьцер быў пад уплывам гэтае эпохі. Пайменна, пад уражаньнем магутнасьці Полацку ён як-бы сканфужана палачанаў выводзіць не ад Крывічоў, але Крывічоў ад палачанаў[157]; іншыя-ж усходняславянскія плямёны ён мянуе іхнымі ўласнымі назовамі. Калі-ж пад «Русьсю» ў гэтым выпадку ён разумеў не дзяржаву (Кіеўскую Русь), а толькі «праваслаўна-рускі» сьвет, дык ён меў поўную слушнасьць.
Таксама, хоць Турава-Пінскае княства ад даўжэйшага часу ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі й такім парадкам тэрмін «Русь» хутчэй тут мог прыдбаць нацыянальна дзяржаўную існасьць, аднак і апошняе княства выступае звычайна пад сваім собскім назовам ды час-ад-часу называецца таксама зямлёй Дрыгвічоў. Напрыклад, паведамляючы пра змаганьне менскага князя Глеба Ўсяславіча за прылучэньне гэтага княства да Менскага княства, летапісец запісвае: «Глеб бо бяше воевал Дреговичи»[158]. Штосьці падобнае можна сказаць пра Смаленскае княства й іншыя. Дарэчы, у нацыянальна-дзяржаўным значаньні ў тыя часы «Русьсю» называлася, фактычна, даволі абмяжаваная тэрыторыя, якая прылягала да трыкутніка Кіеў-Чарнігаў-Пераяслаў[159]. Русь у гэтым значаньні пачынае пашырацца з упадкам і распадам самое Кіеўскае Русі. Апошняя сваім падбіцьцём затрымала працэс складайьня й кансалідацыі саюзаў ці саюзу найбольш блізкіх між сабой племяў. У выпадку Крывічоў яна дапамагала замацаваньню трох разрозьненых цэнтраў - Полацкага, Смаленскага й Пскоўскага. Упадак Кіеўскай Русі ня мог адразу абнавіць гэтага працэсу з тае прычыны, што ягоныя сілы ў сваю чаргу былі аслабленыя нутраным распадам ды навет і змаганьнем. Апынуўшыся ў такіх абставінах, характарных адсутнасьцяй дзяржаўнай традыцыі, наяўнасьцяй нутранага змаганьня й няведамай будучыні ды сустрэўшыся хутка з вонкавай нямецкай і мангольскай загрозай, паасобныя землі й княствы паступова пачынаюць пранікацца «рускім нацыянальным пачуцьцём». Гэтаму ў вялікай ступені спрыяюць супольнасьць «праваслаўнае-рускае» веры, супольнасьць пачаткаў культурнага разьвіцьця й перадусім захаванае ў цэласьці царкоўнае жыцьцё.
Гэтае «рускае нацыянальнае пачуцьцё» не магло абмінуць таксама й земляў былага Полацкага княства, якое, ня выканаўшы свайго назначэньня па аб'еднаньню іншых беларускіх земляў ці княстваў і ў сваю чаргу распаўшыся на які дзясятак меншых мясцовых княстваў, ня здолела з свайго боку выпрацаваць моцнае дзяржаўнае традыцыі, а разам з гэтым і апрычонага нацыянальнага назову. Неўзабаве-ж на палітычнай арэне зьяўляецца новая сіла - Ліцьвіны. І, бясспрэчна, якімі ідэяльнымі ня былі-б дачыненьні гэтых земляў зь Ліцьвінамі й як-бы гарманічна не адбываўся працэс утварэньня Вялікага Княства Літоўскага, тут заўсёды існавалі таго ці іншага характару антаганізм і варожасьць, у тым ліку й антаганізм «нацыянальнага» характару ці зьвязаны з нацыянальным назовам. Ставячыся з засьцярогамі да гэтае новае палітычнае сілы, наагул, і да Ліцьвіноў яшчэ ў паганстве, у прыватнасьці, ды ня будучы пранікнутымі собскай нацыянальна-дзяржаўнай традыцыяй, гэтыя разрозьненыя землі былога Полацкага княства ў найлепшым выпадку маглі прыкрыцца гэтым запазычаным здабыткам - «рускай верай» і зьвязаным зь ёй «рускім нацыянальным пачуцьцём». У гэтым выпадку найбольшую ўслугу зрабілі, праўдападобна, самі Ліцьвіны. Як ведама, для Захаду ўвесь праваслаўны славянскі й неславянскі Ўсход быў Русьсю, а ўвесь Захад быў для гэтага Ўсходу «Лацінствам» ці «Лаціньнікамі». Таксама й для Ліцьвіноў-паганаў, а пасьлей пераважна каталікоў іхныя праваслаўныя суседзі выступалі ў першую чаргу, як «Рускія» ці «Русь».
Вось чаму, калі полацкі князь Гердзень ад імя Полацку й Віцебску заключае ў 1264 годзе часовае замірэньне з Рыгай і Лівонскім орданам наагул, ён дамагаецца, каб апошнія ня спрычынялі «пакостей» Полацкаму княству ці «што Руськая земля словесть Полочькая»[160]. Не пазьней 1323 году вялікі князь Гедзімін таксама пачынае тытулаваць сябе, як «Dei gratia Lеtphіnоrum Ruthenоrumque Rех»[161], адносячы, ведама, да «Рутэнаў» палачанаў, віцяблянаў, мянчанаў і г.д. У некаторых актах вялікага князя Вітаўта канца ХІV і пачатку ХV стагодзьдзяў «Русьсю» называецца яшчэ Горадзеншчына, Райгорадзеншчына й іншыя. Дарэчы, нашыя вялікія гуманістыя палачане Францішак Скарына й Васіль Цяпінскі свае кнігі «тиснуть рускыми словами» й для «своей Руси» ды, хоць Статут Вялікага Княства Літоўскага называецца «Літоўскім Статутам», ён, як зазначае ў сваёй грамаце вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза, складзены «водле права их Руского, письмом Руским»[162].
Наагул, хоць тэрмін «Літва» паступова пачынае выцясьняць тэрмін «Русь» і становіцца нарэшце агульна прызнаным дзяржаўна-нацыянальным назовам для беларускага народу, тэрмін «Русь» усё-такі ня зьнікае зусім з арэны. Адсунуты далёка на ўсход, ён працягвае захоўваць ня толькі сваё ранейшае чыста рэлігійнае значаньне, але й штосьці сярэдняе між тэрытарыяльным абазначаньнем і тым-жа запазычаным «рускім нацыянальным пачуцьцём». Ужо ў часы Яна Длугаша, як піша ён, «Літву ад рускіх земляў аддзяляла рака Беразіна»[163]. Праўдападобна такі распадзел меў на ўвазе й супрасельскі архімандрыт Сяргей Кімбара, калі ён у сваім лісьце да кіеўскага мітрапаліты Макара ІІ, пісаным дзесьці каля 1536 году, часта спасылаецца на «тут в Литве и на Руси», вырозьніваючы пры гэтым апошнюю «Русь» ад Маскоўшчыны й, магчыма, ад Украіны[164]. Абазначаная тут Янам Длугашам мяжа, якая дзяліла сьціплую Літву з «рускімі землямі», замацоўваецца й у афіцыйных дакумантах вялікакняжай канцылярыі, хоць часамі яна перасоўваецца або бліжэй на захад, або далей на ўсход. Гэтак у ваенных позвах з 7 верасьня 1563 году да «рускіх земляў» ці да «Русі» прылучаюцца Меднікі, Ашмяна, Крэва, Лукомаль, Слуцак. Тое самае сьветчаць і ваенныя позвы з 3 ліпеня таго-ж 1563 году[165]. Тым часам у «Уставе на волоки Господаря короля его милости во всем ВКЛ» з 1 красавіка 1557 году мы чытаем, што да «волостей Руских» адносяцца Полаччына й усе іншыя беларускія землі на ўсход ад Беразіны, улучаючы Барысаў, Сьвіслач, Бабруйск, Глуск на рацэ Пцічы й Мозыр на Прыпяці. Усе землі, якія ляжаць на захад ад гэтае лініі, твораць Літву[166]. Аўтар Баркалабаўскага летапісу, даведзенага да 1608 году, Меншчыну таксама ўлучае ў сьціплую Літву, а пад Літвой наагул разумее цэласьць Вялікага Княства Літоўскага[167].
З гэтага можна зрабіць выснаў, што сьціплую Літву тварылі толькі заходнія й цэнтральныя беларускія землі, пайменна колішнія Троцкае, Віленскае, Берасьцейскае, Наваградзкае й Менскае ваяводзтвы, г.зн. тыя землі, якія прынялі найбольш актыўны ўдзел ў утварэньні Вялікага Княства Літоўскага. Іншыя паўночныя й усходнія беларускія землі прытрымоўваліся свае ранейшае традыцыі ці гэтага запазычанага «рускага нацыянальнага пачуцьця». Абставіны наступных стагодзьдзяў замацуюць гэты распадзел, і ён, замяніўшы толькі тэрмін «Русь» на «Беларусь», пратрывае ажно да канца ХІХ стагодзьдзя. Незалежна ад гэтага нутранога распадзелу, у цэласьці дзяржава называлася Вялікім Княствам Літоўскім ці Літвой, а народ - Ліцьвінамі.
Пра тое, што пад тэрмінамі «Русь» і «рускі» ў гэтым выпадку падразумлявалася ў першую чаргу насельніцтва праваслаўнага ці «рускага» веравызнаньня, сьветчыць найперш гандлёвая ўмова, заключаная ў 1229 годзе смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам з Рыгай і Гоцкім берагам. У ёй, фактычна, выступаюць толькі два бакі: «лаціняне» й «русіны»[168], г.зн. абодвы бакі, якія дамаўляюцца між сабой, называюць сябе не паводля нацыянальных, але паводля рэлігійных прыкметаў. Нацыянальная прыналежнасьць тут захаваная ў выразах: «смаленскі князь», «у воласьці князя смаленскага» й «полацкага князя воласьці». Ведама, калі-б захаваліся паасобнікі гэтае й іншых умоваў, заключаных з Рыгай ад імя полацкага й віцебскага князёў, тое самае мы змаглі-б сканстатаваць што да Полаччыны й Віцебшчыны. Таксама ў «Напамінах» крыжакоў пра падзеі на Жамойці з 1409 году мы знаходзім наступнае асьветчаньне:
«Гэта таксама ёсьць ведамым, што праз добрыя 23 гады ўладаньня караля Польшчы ў Літве й Русі вельмі-ж мала ўзрос культ Хрыста, а гэта таму, што ў вадной царкве тут знаходзяцца два япіскапы, зь якіх адзін, будучы хрысьціянінам (каталіком), жыве бедна й мізэрна, а іншы, Русін (праваслаўны), багата й зажытачна, і там, дзе спасярод Ліцьвіноў бывае ахрышчаным адзін паводля лацінскага абраду, там-жа магчыма добрая сотня будзе ахрышчаных сумыслу паводля рускага (праваслаўнага) абраду, і ў Літве шматлікія сярод князёў і паноў пакульшто зьяўляюцца яшчэ Рутэнамі (праваслаўнымі)...»[169].
Пра гэта самае сьветчыць адзін із дакумантаў вялікага князя Вітаўта з 1392 году, у якім ён дае сваім урадоўцам інструкцыі ў справе хрышчэньня Ліцьвіноў. Ён тут выразна піша, што тых Ліцьвіноў, якія знаходзіліся яшчэ ў паганстве, павінен ахрысьціць «згодна свае волі» япіскап; што-ж тычыцца тых зь іх, якія ўжо ёсьць «Русінамі», дык апошнія могуць быць перахрышчанымі толькі ў тым выпадку, калі гэтага яны пажадаюць самі[170]. Нарэшце ў Літоўскай кроніцы (сьпісак Быхаўца) мы таксама сустракаемся з наступнымі асьветчаньнямі:
«...І оставіл по собі (Мінгайла) двух сыноў своіх, одного Скірмунта, а другого Гінвіла, і Скірмунт начнет княжыці на Новогородцэ, а Гінвіл на Полоцку, а поймет Гінвіл дочку ў велікого князя Тверского в Борка іменем Марыю, для котороеж охрысьцілся в Рускую віру, і далі імя ему Юрій, і тот Юрій пановал немного лет і ўмрэ. А по собі зоставіл сына своего Борыса на Полоцку, і тот князь Борыс вчыніл город на імя свое на рэцэ Бэрэзыні і назвал его Борысов. І будучы ему Русіном был вельмі набожон, і вчыніл цэрков каменную ў Полоцку Сьвятое Софіі...»[171].
Перлічваючы сыноў князя Кейстута, аўтар гэтае кронікі працягвае:
«...Первы Вітольт, а калі Русіном остал, далі былі імя ему Юрі і коліся охрэсціл в Лядцкую віру, тогды імя ему дано Александер...»[172].
Апавядаючы пра жанімства караля Ягайлы з княжнай Сонькай Гальшанскай, ён таксама сьветчыць:
«...мел есьмы (Ягайла) за собою тры жоны, две Ляховіцы, а трэцюю Немкіню, а плоду есьмы с німі не мел; а цепер прошу цебе (Вітаўта), зьеднай мі ў князя Семена (Сямён Дзьмітравіч Друцкі) сестрычну его меншую Софію, іжбы ее за себе понял, а з поколеня Руского, ачэйбы мі Бог плод дал... А тые сестрычны князя Семеновы (Сонька й Васіліса) былі дочкі князя Андрэевы Ольгімонтовіча Гольшаньского...»[173].
У сваю чаргу папскі нунцы ў Варшаве, паведамляючы пра набор вучняў у Віленскую грэцкую калегію (каледж), піша ў сваім лісьце з 25 красавіка 1578 году, што «ўжо знайшлося два Рутэны зь Ліцьвіноў» («Еt havеndоnе gіа trоvаti duе Lіtuаnі Rutеnі»)[174]. Наагул падобных прыкладаў можна было-б дадаць яшчэ больш, аднак і тут прыведзеныя выразна насьвятляюць тую сутнасьць, якая, прынамся на беларускіх землях, увасаблялася ў тэрмінах «Русь», «Рускі» ці «Рутэн». Пры гэтым варта таксама прыгадаць і той факт, што ўсе выхадцы із старажытных Ліцьвіноў, у тым ліку сыны, унукі й праўнукі вялікіх князёў Гедзіміна й Альгерда, якія былі праваслаўнымі, заўсёды называліся іншымі й самі сябе ўважалі «Рутэнамі» ці «Рускімі».
Калі ходзіць пра тэрмін «Белая Русь» ці «Беларусь», дык сьпярша й даўжэйшы час ён прымяняўся вылучна да Маскоўшчыны й прылеглых да яе земляў. З гэтае прычыны маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ часта тытулаваў сябе й як «князь Белай Русі». У нашых афіцыйных дакумантах гэты тэрмін прасочваецца ўпяршыню ў 1476 годзе, пайменна ў «Пасланьні» з гэтага году праваслаўнага духавенства, князёў і паноў Вялікага Княства Літоўскага да папы Сікста ІV. З князёў, якія падпісалі гэтае «Пасланьне», успамінаецца таксама й «благоверный князь Дмитр Вяземский сын князя Константинов з Белое Руси»[175]. Такім парадкам да Белай Русі ў канцы ХV стагодзьдзя адносілася таксама й Вяземская зямля, што тады ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Польскі архіяпіскап Ян Ласкі, які ў 1514 годзе прысутнічаў на Лятэранскім саборы й тут зрабіў адмысловую справаздачу пра ўвесь «Праваслаўны Ўсход», таксама «Белых Рутэнаў» атаесамлівае з Маскалямі[176]. Із свайго боку цытаваны вышэй Ян Багемскі называе дзьве «Белыя Рутэніі»: Верхнюю й Ніжнюю, якія, згодна ягонага асьветчаньня, прылягаюць да Польшчы й улучаюць на поўначы раку Пэйцэ (Реuсе - Пячору?), на ўсходзе раку Маскву ды маюць з захаду Лівонію й Прусію (!)[177]. Гэтае азначэньне Яна Багемскага даволі цьмянае й гэта тым больш, што, гаворачы далей пра Маскоўшчыну й улучаючы ў вапошнюю ня толькі рэчкі Волгу й Аку, але Дзьвіну, Дняпро й Беразіну, ён зусім не ўспамінае пра гэтыя дзьве «Белыя Рутэніі»[178]. У сваей справаздачы пра Маскоўшчыну з 1557 году вэнэцыянскі пасланец Марко Фаскарыно гаворыць пра «Ніжнюю Русь», якая належыць Літве, і «Верхнюю Белую Русь», што падпарадкаваная Маскоўшчыне[179]. Выходзячы зь цьверджаньня пра дзьве Русі, адна зь якіх ляжыць дзесьці на ўсходзе, а іншая ў суседзтве з Польшчай, крыху далей ён таксама паўтарае: «праўдай ёсьць, што Верхняя Русь, званая Белай, падбіта Маскалямі, а іншая часткова належыць Маскалём і часткова Палякам»[180]. Іншы вэнэцыянскі пасланец Франко Т'еполё ў сваей справаздачы з 1560 году гаворыць пра «Белую Русь», якая становіць уладаньні маскоўскіх князёў і цяпер «называецца Маскоўшчынай» ды якая мяжуецца з «Чырвонай Русьсю» па рацэ Дняпру[181]. Мацей Стрыйкоўскі ў вадным месцы свае «Кронікі» Белую Русь проста атаесамлівае з Маскоўшчынай[182], а ў іншым месцы ён успамінае таксама й пра «літоўскіх Беларусаў», не ўдакладняючы аднак іхнага месцазнаходжаньня[183]. У «Кроніцы Эўрапэйскай Сармацыі» Аляксандар Гваніні ці, праўдападобна, той-жа Мацей Стрыйкоўскі, зазначыўшы, што Русь дзеліцца на Белую, Чорную й Чырвоную, пра «Белую Русь» піша наступнае:
«...Белая (знаходзіцца) каля Кіева, Мозыра, Мсьціслава, Віцебску, Воршы, Полацку, Смаленску й у Северскай зямлі, што здаўна належылі Вялікаму Княству Літоўскаму...»[184].
«Чорную Русь» ён памяшчае ў «Маскоўскай зямлі каля Белага возера», а «Чырвоную Русь» атаесамлівае з Галіцыяй[185]. Трэба адцеміць, што ў вапошняй кроніцы сьціплая Літва таксама абмяжоўваецца ваяводзтвамі Троцкім, Віленскім, Берасьцейскім, Наваградзкім і Менскім[186].
Між іншым, Кіеўская земля ў якасьці складовай часткі Белай Русі выступае яшчэ ў палавіне ХVІІ стагодзьдзя. Пайменна Кіеўшчына называецца так у шматлікіх даносах маскоўскіх ваяводаў і агентаў гэтага часу, а таксама ў карэспандэнцыі маскоўскага цара з казакамі й асабіста з гэтманам Багданам Хмяльніцкім[187]. У сваім лісьце з 27 жніўня 1649 году, пісаным да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, Македонскі мітрапаліт Галакціён, які асабіста бачыўся й гутарыў з Багданам Хмяльніцкім, навет тытулуе апошняга «великим гетманом Белой Руси»[188]. Як бачым, тут заўважаецца тэндэнцыя атаесамліваць Белую Русь калі ня з ўсёй Украінай, дык, прынамся, з усходнімі ейнымі землямі. Дарэчы, у падобным шырокім сэньсе выступае Белая Русь у даносах з таго-ж 1649 году царскага ганца Кунакова й пасланца да Багдана Хмяльніцкага Грыгора Ўнкоўскага[189].
Адным словам, хоць дзесьці з другое палавіны ХVІ стагодзьдзя тэрмін «Белая Русь» перавандроўвае з Маскоўшчыны бліжэй на захад, распаўсюджваючыся й на ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, ён аднак не абмяжоўваецца вылучна беларускімі землямі. Ды й на ўсходніх землях ВКЛ ён далёка не адразу быў прыняты насельніцтвам і наагул ягоная натуралізацыя тут праходзіла нібы пад прымусам і ўзьдзеяньнем вонкавага асяродзьдзя. Запраўды, у афіцыйных актах канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага з другой палавіны ХVІ і першае палавіны ХVІІ стагодзьдзяў, наколькі нам ведама, ня сустракаецца тэрміну «Беларусь», прымененага да ўсходніх земляў ВКЛ. Не ўспамінаецца ён ні ў літоўскіх кроніках з канца ХVІ стагодзьдзя, ні ў «Дзёньніку» Фёдара Еўлашэўскага, ні ў Баркалабаўскай кроніцы, аўтар якое быў жыхаром Магілеўшчыны. І калі ў «Маскоўскай кроніцы» з пачатку ХVІІ стагодзьдзя Канрада Бусава, нямецкага наёмнага жаўнера, які доўгі час служыў у маскоўскім войску, тэрмін «Беларусь» сустракаецца шмат разоў у прымяненьні да ўсходніх земляў ВКЛ (да мясцовасьцяў Шклова й Брагіна)[190], дык у «Диариушу» ігумена берасьцейскага Сымонаўскага манастыру Апанаса Філіповіча, напісаным дзесьці ў 40-х гадох ХVІІ стагодзьдзя, пад «Белай Русьсю» разумеецца яшчэ Маскоўшчына[191]. Тым часам Апанас Філіповіч быў адным з тых, які ў вабавязковым парадку мусіў-бы ўжываць гэты тэрмін, калі ён запраўды быў пашыраны ў Беларусі. Справа ў тым, што Апанас Філіповіч быў прыхільнікам «маскоўскага праваслаўя» й наагул маскоўскіх цароў. У 1637 годзе з Купяціцкага манастыра (пад Пінскам) ён накіраваўся ў Маскоўшчыну («Белую Русь»), куды прыбыў у лютым 1638 году «дзеля збору грошаў», а ў запраўднасьці, каб пабачыць маскоўскага цара й намовіць яго выступіць супраць Рэчы Паспалітай з мэтай «вызваленьня» праваслаўнага насельніцтва ВКЛ ад польска-каталіцкага ўціску. Значыцца, тэрмін «Белая Русь» пашыраўся на землі Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўшчыны й пры дапамозе, можна сказаць, Маскалёў. Вось чаму ў дакумантах маскоўскага паходжаньня зь першае палавіны ХVІІ стагодзьдзя, побач з тэрмінамі «Літва» й «Ліцьвін», мы вельмі часта сустракаемся таксама з тэрмінамі «Беларусь» і «Беларус», аднолькава ўжыванымі для абазначаньня ўсходніх земляў ВКЛ і насельніцтва гэтых земляў. Асабліва гэта заўважаецца на дакумантах, што апублікаваныя ў зборніку «Русско-беларусские связи». Прычым, успамінаючы «Белорусцев» з Полаччыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Магілеўшчыны, Мсьціслаўшчыны й г.д., у гэтых дакумантах даволі часта сустракаюцца такія дабаўленыя паясьненьні: «родом литвин» або «выходец литвин»[192]. Сустракаецца ў іх і паясьненьне наступнага характару: «литвин белоруские веры»[193]. Гэтая апошняя формула выразна паказвае на тую глебу, на якой паступова прырастаў у нас назоў «Белая Русь».
З другога боку, прывіцьцю гэтага тэрміну ў вялікай ступені садзейнічалі праваслаўнае духавенства й асабліва манахі ды наагул абставіны рэлігійнага жыцьця таго часу. Апынуўшыся ў мізэрным матар'яльным становішчы й узваліўшы на свае плечы ўсю ганебнасьць каталіцкае рэакцыі, якая нічым ня розьнілася ў тыя часы ад звычайнага барбарства, праваслаўнае духавенства й манахі ВКЛ шукалі, бясспрэчна, усемагчымае падтрымкі ў Маскоўшчыне, не задаючыся пытаньнем, якую небясьпеку магла несьці з сабой гэтая маскоўская падтрымка й што наагул уяўляла зь сябе маскоўскае праваслаўе. З гэтае прычыны першая палавіна ХVІІ стагодзьдзя даволі багатая прыкладамі масавага «паломніцтва» ў Маскоўшчыну літоўскага праваслаўнага духавенства й манахаў, і ня толькі «дзеля збору грошаў», але й дзеля падмацаваньня духовага жыцьця ды, як гаворыць выпадак зь берасьцейскім ігуменам Апанасам Філіповічам, і «дзеля навязаньня палітычных сувязяў». Усё гэта, прытым з сантымэнтальна-палітычнай ахварбоўкай, вяло да таго стану, які быў выказаны ў Полацку ў 1656 годзе перад маскоўскім царом Аляксеям Міхайловічам вучнямі ведамага нашага «русафіла» ці «маскаляфіла» манаха Сымона Полацкага й словамі апошняга, выкладзенымі ў спэцыяльна напісаных ім з гэтае нагоды «Прывітальных мэтрах»:

...Радуйся, Белорусская земля, иж упадают
ереси в тебе през Алексея оречь ищезают,
А церковь Христова в покою днесь зоставает
всех врагов церковных православный царь побеждает.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Витаем тя, православный царю, праведное солнце,
здавна бо век прагнули тебе души наши и сердце.
Витаем тя, царю, от востока к нам пришедшаго,
беларусский же от нужды народ весь свободшаго...[194]

Гэтыя вучні Сымона Полацкага й наагул літоўскае праваслаўнае духавенства й манахі, а таксама ўсё праваслаўнае жыхарства Вялікага Княства Літоўскага магчыма навет і не падазравалі, што гэтаму «праведному солнцу» зусім не хадзіла пра «белорусский же народ» і ягоныя «нужды», а патрэбныя былі толькі новая тэрыторыя й новыя «холопы». У гэтым яны ўпэўняцца празь якіх пару гадоў маскоўскай акупацыі краю. Аднак факт застаецца фактам: тэрміны «Беларусь» і «Беларус», прымененыя да ўсходніх земляў ВКЛ, знатуралізаваліся пры актыўнай падтрымцы падобных Сымону Полацкаму энтузіястых маскоўскага праваслаўя й цара.
Як ведама, ХVІ стагодзьдзе ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага характарызуецца далёка зайшоўшай рэфармацыяй, спрычыненай упадкам каталіцкай і асабліва праваслаўнай цэркваў і наагул пашырэньнем прасьветніцтва й ідэяў гуманізму. Гэтая рэфармацыя, характэрная ўзьнікненьнем у ВКЛ каля паўсотні розных рэлігійных плыняў і асабліва сэктаў, поўнасьцяй ахоплівае Заходнюю й Цэнтральную Беларусь ды часткова пранікае таксама й у Ўсходнюю Беларусь, але тут усё-такі моцна трымаецца ранейшы кансэрватызм праваслаўнае царквы, спалучаны зь цемрай і прымітыўнасьцяй ейнага вышэйшага й тым больш ніжэйшага духавенства. З прычыны падобнае рэлігійнае разнастайнасьці Заходняя й Цэнтральная Беларусь не магла, ведама, даволі моцна супрацьпаставіцца контррэфармацыі, якая з часу заключэньня ў 1569 годзе Люблінскай вуніі ўсё больш і больш пачынае заваёўваць адну пазыцыю за другой. Дарэчы, каталіцкая царква й у прыватнасьці Польшча кінулі ў ВКЛ паважныя духоўныя сілы, якія пры падтрымцы вялікага князя й асабліва дзякуючы сваім вышэйшым школам найперш здабываюць для каталіцкае царквы пераважную бальшыню магнатаў і паноў ды навет і шляхты розных рэлігійных кірункаў, у тым ліку й праваслаўных, а потым з дапамогай апошніх вядуць наступ, пры гэтым часта паслугоўваючыся звычайным насільлем ці правам магнатаў што да сваіх падпарадкаваных, і на іншыя праслойкі жыхарства. Гэтым часам спахватваецца таксама й праваслаўнае духавенства ды бярэцца за справу духоўна-маральнае рэарганізацыі праваслаўнае царквы й прасьветніцтва ейнага духавенства й у сувязі з гэтым навет зарганізоўвае насьпех школы й акадэміі.
Але было ўжо позна. У 1596 годзе даходзіць да заключэньня ведамае Берасьцейскае царкоўнае вуніі, якая адкрывае эпоху яшчэ большага насільля й поўнага агаленьня каталіцкае рэакцыі, што ўсімі даступнымі мэтадамі імкнецца праглынуць ня толькі зьбяднелую праваслаўную царкву й ейных, фактычна, бяспраўных вернікаў, але й толькі-што ўзьніклую вуніяцкую царкву. Гэтыя кашмарныя ўмовы й падрыхтоўваюць на ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, дзе яшчэ насельніцтва моцна трымаецца праваслаўнае царквы й дзе дае знаць пра сябе традыцыя «рускага нацыянальнага пачуцьця», спрыяльную глебу для прывіцьця новага тэрміну - Беларусь, які на пачатку мае выразную рэлігійную ахварбоўку ці зьяўляецца сымбалем праваслаўя й стойкасьці ягоных прыхільнікаў у гэтым рэлігійным змаганьні й бяспраўі. Нездарма гэты тэрмін перавандроўвае сюды з Маскоўшчыны ці з маскоўскага ўзьмежжа, якая яшчэ з часоў маскоўскага вялікага князя Івана ІІІ пераймае на сябе функцыі «адзінага» носьбіта й абаронцы праваслаўя, у тым ліку ды ў першую чаргу й «апякуна» над праваслаўнай царквой у Вялікім Княстве Літоўскім, ды ў гэтым кірунку выпрацоўвае сваю далейшую палітыку ў дачыненьні да ВКЛ. Дарэчы, і тэрмін «белы» заўсёды азначаў штосьці чыстае, традыцыйна-някранутае, прававернае. Спалучаны з тэрмінам «рускі» ў ягоным рэлігійным значаньні, ён пачынае сымбалізаваць чыстату ці традыцыйнасьць праваслаўя або праваслаўнага веравызнаньня, наагул праваслаўнае царквы й падобную стойкасьць ейных вернікаў. Мы ня хочам гэтым сказаць, што маскоўская праваслаўная царква й запраўды ўяўляла зь сябе штосьці рэлігійна-чыстае й маральна-высокае, аднак у тых умовах, у якіх апынулася праваслаўнае насельніцтва й праваслаўная царква ВКЛ, маральны бок маскоўскае праваслаўнае царквы найменш цікавіў праваслаўных Ліцьвіноў і рэчы пераважна браліся імі ня так, як яны былі ў запраўднасьці, а так, як гэтага ім жадалася ці як яны ў ідэяльным выглядзе падносіліся звонку. Нарэшце, трэба адцеміць, прывіцьцю тэрміну «Беларусь» у ягоным квазінацыянальным значаньні памагалі палітычны ўпадак Вялікага Княства Літоўскага, спрычынены Люблінскай вуніяй, і паступовая палянізацыя й наагул паступовая польская калянізацыя краю. На Заходнюю й Цэтральную Беларусь гэты тэрмін не пашырыўся таму, што гэтыя землі здаўна звыкліся із сваім новым нацыянальным назовам «Літва» й «Ліцьвін» ды, ня трымаючыся моцна застылага ў сваіх літарах праваслаўя, вельмі актыўна адгукнуліся на рэфармацыю, хоць крыху павальней, але часткова прынялі контррэфармацыю й із заключэньнем Берасьцейскае царкоўнае вуніі бадай пагалоўна прымкнулі да новае вуніяцкае царквы.

* * *

Што-ж застаецца дабавіць на заканчэньне? Пайменна тое, што, незалежна ад нацыянальнага характару старажытных Ліцьвіноў і нацыянальнай прыналежнасьці вялікіх літоўскіх князёў, Вялікае Княства Літоўскае з пачатку свайго ўзьнікненьня й тым больш пасьлей выступае, як славянская, беларуская, калі паслугоўвацца сяньняшняй тэрміналёгіяй, дзяржава. Іншага выснаву й іншых канцэпцыяў тут ня можа быць. Зьвязваць нацыянальны характар гэтае дзяржавы выключна зь сяньняшняй Летувой і Летувісамі, як гэта робяць савецкія гісторыкі, абсалютна няма ніякіх асноваў. Дарэчы, у гэтым выпадку трэба было-б і Кіеўскую Русь разглядаць, як дзяржаву Нарманаў, што, аднак, ня вытрымоўвае крытыкі. Нацыянальна-беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага ці гістарычнай Літвы ня зьменьваецца й тым фактам, што нацыянальныя тэрміны «Літва» й «Ліцьвін» перапляталіся з тэрмінамі «Русь» і «Рутэн» і нарэшце «Беларусь» і «Беларус». Падобныя выпадкі былі ўласьцівыя й шматлікім іншым дзяржавам, асабліва дзяржавам у працэсе станаўленьня й прытым з рознымі рэлігійнымі асаблівасьцямі ці веравызнаньнямі. Гїстарычная Літва - гэта гісторыя станаўленьня й разьвіцьця нашае дзяржаўнасьці, калыска аб'еднаньня й фармаваньня нашага народу, як нацыі, гэта, нарэшце, тая спадчына, якая захавала наш народ ад нацыянальнае сьмерці праз наступныя стагодзьдзі ліхалецьця ды жывіць яго яшчэ й сяньня.


Заўвагі


1. История Белорусской ССР, изд. 2-е, т. І. Изд-во Академии наук БССР. Минск, 1961, бб.64-189.
2. Тамсама, б.73.
3. Полное Собрание Русских Летописей (ПСРЛ), т.ХVІІ. С.-Петербург, 1907, кал.493, 518.
4. В.Т.Пашуто. Образование Литовского государства. Изд-во Академии наук СССР. Москва, 1959, б.322.
5. Constantine Porphyrogenitus, De Administrando Іmреrіо. Magyar-Gorog Tanulmanyok, 29, Budapest, 1949, р.57-59, 169.
6. Scriptores Rerum Prussicarum (SRP), t.I. Ed. Th.Hirsch, M.Tцppen, E.Strehlke. Leipzlg, 1861, p.237.
7. Id., рр.237-238.
8. Іd., рр.228-230, 231-235.
9. Галл Аноним. Хроника и деяния князей или правителей польских. Перевод Л.М.Поповой, Изд-во АН СССР. Москва, 1961, бб.99-100.
10. Adami Gesta Hammaburgensis Ecclesiae Pontificum (SRG). Ed. altera. Hannoverae, 1876, рр.55, 163, 165-166.
11. Гельмольд. Славянская xpoникa. Перевод Л.В.Разумовской. Изд-во АН СССР. Москва, 1963, бб.33-35.
12. Prof. Dr. X. Walerian Meysztowicz. Sw. Brun na Litwie w 1009 roku. Prace Zebrane (Alma Mater Vilnensis), Londyn, 1958, p.127.
13. ПСРЛ, т.I. Фататыпічны перадрук з 2-га выданьня, Москва, 1962, кал.11.
14. ПСРЛ, т.ІІ. Фататыпічны перадрук з 2-га выданьня. Москва, 1962, кал.838-840.
15. Вопросы истории, 9, 1964, бб.121-140.
16. The Chronicle of Henry of Livonia. A Translation with Introduction and Notes by James A. Brundage. The University of Wisconsin Press. Madison, 1961.
17. SRP, т.І, pp.757-761.
18. Id., pp.39, 53-54, 159.
19. Гельмольд, цыт. хроніка, б.103.
20. SRP, т.І, рр.146, 147, 154-155, 180.
21. Id., p.159.
22. Id., рр.181, 187-188.
23. Id., рр.285, 287.
24. Id., pp.50-51.
25. Id., pp.162, 171-172.
26. Id., p.286.
27. Id., pp.284-285.
28. Id., pp.190-191.
29. Id., pp.180-181, 282.
30. Id., p.285.
31. «Eodem anno (1277?), tempore autumni iterum armata manu intraverunt predictam terram Pogesanie, et iterum incendio et rapina, captis et occisis omnibus, preter paucos, qui cum familia sua versus Lethowiam ad territorium castri Garthe secesserunt, ipsam in solitudinem redegerunt»; «Eodem anno (1311) idem frater Henricus commendator magnus et 150 fratres cum valido exercitu et duobus milibus pediturn direxerunt viam suam versus Lethowiam ad territorium dictum Salsenickam (Salecniki), ubi nunquam visus fuit exercitus Cristianorum, et dum appropinquarent castro Garthe, ceperunt 4 viros exploratores regis, et occisis tribus quartus interrogatus, dixit...» (Id., pp.136, 178).
32. «Qui (frater Henricus Zutswert, commendator de Balga) cum venisset jam non longe a terra regis, nescio quo ductus spiritu retrocessit, impugnansque castrum Gartham tantam castrensium per crebra jacula invenit resistenciam, quod, multis Cristianis graviter vulneratis, infecto negocio est reversus». (Id., p.163).
33. «Alia bella habuit (frater Lodewicus de Libencele, commendator de Raganita) contra territorium Samethie dictum Pograudam... Et in hoc bello hii de Pograuda adeo debilitati fuerunt, quod multis annis non poterant in equitibus resumere vires primus. Idem processit contra territorium dictum Wayken, ubi eciam per insidias multos nobiles interfecit... Sed ut breviter concludam, adeo infestus fuit eis (bellis), quod infra sex annos (1294-1300), quibus dicto castro prefuit, coegit omnes Lethowinos, qui supra litus Memele habitant, a fluvio Nare (Vilija) usque ad terram Lamotinam, ut pacem cum Cristianis haberent sub hiis pactis, ut certum censum annis singulis darent ei. Ecce mira res, quantacunque mala fecit eis, tamen diligebant eum in tantum, ut eciam nobiles per quos Samethia tunc regebatur, populum communem contra regem Lethowinorum provocarent, sic quod pluribus vicibus convenerunt contra regem ad bellum, ubi aliquando in uno conflictu centum vel 200 plures ex utraque parte caderent interfecti. Nec unquam temporibus suis rex Lethowie cum Samethis poterat concordare, ut simul im bello procederent contra fratres». (Id., p.159).
34. Id., pp.180-181, 187, 193-194.
35. «Sentenciastis enim et pronunciastis primo in terra Samaytarum, que est hereditas et partimonium nostrum ex legittima attavorum et avorum nostrorum successione, quam et nunc possidemus, que eciam est et semper fuit unum et idem cum terra Lythwanaie, nam unum ydeoma et uni homines. Sed quod terra Samaytarum est terra inferior ad terram Lythwanie, ideo Szomoyth vocatur, quod in lythwanico terra inferior interpretatur. Samoyte vero Lythwaniam appelant Auxstote, quod est terra superior respectu terre Samaytarum. Samagitte quoque homines se Lythwanos ab antiquis temporibus et nunquam Samaytas appelant, et propter talem ydemptitatem (sic) in titulo nostro nos de Samagicia non scribimus, quia totum unum est, terra una et homines uni». (Codex epistolaris Vitoldi, magni ducis Lithuaniae, 1376-1430 [MMAHRGPI, t.VI]. Ed. A.Prochaska. Cracoviae, 1882, Nr.861).
36. Codex epistolaris Vitoldi. Nr.743, pp.393-394.
37. Id., Nr.427, pp.199-201.
38. «Martinus etc. dilecto filio nobili viro Alexandro alias Wictoldo duci Lithwanie, in Lithwania et ceteris partibus temporali dominio tuo subiectis ac in omnibus locis Sagmaitarum ac Russie, necnon in Magnanouagroda ac Pszykow civitatitbus ac in dommiis earundem in temporalibus pro nobis et Romana Ecclesia generali vicario, salutem etc...» (Codex Diplomaticus Ecclesiae Cathedralis necnon Dioceseos Vilnensis, t.I, fasc. I.Cracoviae, 1932, Nr.75, pp.104-106).
39. Codex epistolaris Vitoldi, Nr.861, pp.466-469.
40. Id., p.1018.
41. «Lituania et ipsa late patents regio Polonis ad orlentem connexa est... Rara inter Lituanos opida, neque frequentes villae... Sermo gentis Sclavonicus est, latissima est enim haec lingua et in varias divisa sectas. Ex Sclavis enim alii Romanam ecclesiam sequuntur, ut Dalmatae, Croatini, Carni ac Poloni. Alii Graecorum sequuntur errores, ut Bulgari, Rutheni et multi ex Lituanis. Alii proprias haereses invenere, ut Bohemi, Moravi et Bosnenses, quorum magna pars Manicheorum imitatur insaniam. Alii gentili adhuc caecitate tenentur, quemadmodum multi ex Lituanis idola colentes...» (Pii II Pontificis Maximi Historia Rerum ubique Gestarum cum Locorum descriptione. Parrhisiis, 1509, pp.109v-110).
42. Documenta Pontificum Romanorum Historiam Ucrainae Illustrantia, 1075-1953, t.I. Ed. A.G.Welykyj. Romae, 1953, Nr.82, 84, pp.145-147, 148-149.
43. «Lithunia est Poloniae ad ortum connexa noningentorum millium passuum circuitu magna sui parte palustris plurimumque nemorosa... Rara in Lithuania oppida, villarum incolatus infrequens... Sermo gentis, ut Polonis, Sclavonicus, hie enim sermo, quern latissime patet, ac plurimis quidem gentibus communis est, ex quibus quaedem Romanae ritum Ecclesiae sequuntur, ut Poloni sunt, Dalmatae, Croatii, Carnique. Aliae Graeco ritu sacra peragunt, ut Bulgari, Rutheni et ex Lithuanis plerique. Nonnullae ab his diversac proprias haereses habent, ut Boemi sunt, Moravi et Bosnienses. Hussitarum quaedam observant delirium, pars multomaxima Manicheum, quaedam adhuc etiam gentili caecitate tenentur, idola colunt, quemadmodum multi, ex Lithuanis...» (Omnium Gentium Mores, Leges et Ritus. Ex mulris clarissimis rerum scriptoribus a Joanne Boemo Aubano Teutonico nuper collecti et novissime recogniti. Antverpiae, 1538, pp.80v-81).
44. Id., pp.82v-83.
45. «Post Poloniam Lituania est spaciola quoque tellus verum paludibos sylvisque plurimum obducta... Rara inter Lituanos oppida neque frequentes villae ... Lingua utuntur Sclavonica, partim Christianam partimque paganorum fidem ampleri. Proprium ducem habent, persepe tamen regi Polonorum subditi». (Jo. Coclei Norici Decastichon. In librum. Norinburgae, 1511, pp.Kv-K II - Inkunabel. Gymnasial Bibliothek zu Koeln, GB XI 490b, Panzer VII, 451, 86).
46. Jana Dlugosza Roczniki czyli Kroniki slawnego Krolestwa Polskiego, ks, 1-2. Panstwowe Wydawnicwo Naukowe. Warszawa, 1962, p.286.
47. Joannis Dіugossii Historiae Polonicae Lib.XII, t.III, Lib.IX-X, (Opera omnia, t.XII), Ed. A.Przezdziecki. Cracoviae, 1876, pp.470-472.
48. «Lithuanl, Samagittae et Jaczwingi, licet appellationem diversam sortiti et in familias plures divisi, unom tamen fuere corpus a Romanis et Italis ducentes genus, et natio longo et diuturno tempore ignobilis et obscura, tunc prinium erupit. Hi Italorum et Romanorum ferventibus bellis civilibus inter Julium Caesarem et Pompeium, exules fuere...» (Id., p.473).
49. Id., p.474.
50. «Est autem gens et regio Samagittica magna ex parte ad gelidum versa Septemtrionem, Prussiae, Lithuaniae, Livoniae conterminans... Gens pro ea tempostate barbara, inculta, atque ferox et in omne facinus audax...» (Id., t.IV, Lib.XI-XII (Opera omnia, t.XIII). Cracoviae, 1877, p.160).
51. «Et quoniam nemo ex viris spiritualibus, qui cum Rege Wladislao Samagittiam advenerant, linguam Samagitticam noverat exprimere, Wladislaus Poloniae Rex ad populum Samagittiae pro fide et religione otthodoxa suscipienda declamare coactus est». (Id., p.161).
52. Id., t.III, Lib.IX-X, p.474.
53. Jana Dlugosza Roczniki czyli Kroniki slawnego Krolestwa Polskiego, ks.1-2, p.155.
54. «...Predicta linguagia possunt se simul intelligere, scilicet Poloni, Ruteni, Lithwani, Pruteni» (SRP, t.I, p.806).
55. «Linguain propriam observant. Venim quia Rutheni medium fere ducatum incolunt, illorum loquela, dum gracilis et facilior sit, utuntur communius». (Vetera Monumenta Poloniae et Lithuaniae Gentiumque finitimarum Historiam illustrantia, t.II. Ed. A.Theiner. Romae, 1861, Nr.299, p.277).
56. «Li quali popoli benche vivano sotto un medesimo Prencipe et facciano tutti insieme un corpo unito et quasi indistinto, non parlano pero la medesima lingua, ma si odono in quel Regno tre linguaggi tra loro al tutto diversi, uno de quali si divide in duo differenti di scrittura, ma di pronuntia tanto simili, che se bene variano li dialetti, conservano pero la sostanza della medesima lingua et questi sono il linguaggio Polacco et il Russo, quello si scrive con caratteri latini, et questo con greci... Et e questa lingua non solo commune alii Polachi et alii Russi nel modo che si e detto, ma abbraccia ancora diversi altri paesi dell'Europa, come la Bohemia, la Croatia et la Schiavonia...; oltre alla quale lingua se ne odono nelle detti paesi due altre al tutto diverse et questo sono la lituana, et la tedesca...
La lingua lituana poi sicome e al tutto diversa non meno della Tedescha che della Polona, cosi ha molte voci corrote ne sin hora e stata mai scritta. Ma la Cancellaria del Re in Lituania si serve nello scrivere della lingua Russa et il simile fanno le particolari persone, che scriveno, de quali pero se alcuni sidilettano scriveno la lingua Polacca.
In Samogitia si parla la medesima lingua, ma assai alterata della litnana, laquale ancora variata in altre maniere e commune ad alcune poreche ville di Prussia nelle quali vivono le reliquie degli antichi Prussi, che furono soggiogati et quasi estinti dal valore et dall'armi delli Cavallieri Teutonici, et hora habitano in picciole ville, conservando apena l'antica lingua ...» (Relatione data al Santissimo Signer nostro Papa Pio Quinto, da Mons. Giulio Rnggieri, Protonoratio Apostolico, ritornato Nuntio di Sua Santita dal Serenissimo Re di Polonia, nell'anno 1568 - Biblioteca Apostolica Vaticana, Urb. lat., vol. 823, fol. 259v-261v).
57. ПСРЛ, т.ХVІІ, кал.219-226.
58. Сборник Императорскаго Русскаго Историческаго Общества, т.71, С.-Петербург, 1892, бб.506-512.
59. «...duabus duntaxat provinciis, Lithwania scilicet et Samogithia, interiectis: quae duae provinciae licet Rhutenis intennixtae sint, ac proprio idiomate rituque Romano utantur, earum tamen incolae ex bona parte sunt Rhuteni». (Herberstein. Rerum Moscoviticarum. Unveraenderter Nachdruck. Minerva GMBH. Frankfurt a. M., 1964, p.2).
60. Id., p.109.
61. Id., p.110.
62. «De origine autem gentis, nihil habent praeter annales infra scriptos: gentem scilicet hanc Slavonicam esse ex natione Japhet, atque olim consedisse ad Danubium, ubi nunc Hungaria est et Bulgaria, et turn Norci appellatam, tandem dispalatam, et per terras dispersam, nomina a locis accepisse, utpote Morawi a fhivio, alii Ozechi, hoc est Bohemi; item Chorwati, Bieli, Serbli, id est Servii, Chorontani dicti, qui ad Danubium consederant, a Walachis expulsi, venientes ad Istulam, nomen Lechorum a quodam Lecho Polonorum principe, a quo Poloni etiamnum Lechi vocantur, acceperunt. Alii Lithwani, Masovienses, Pomerani; alii sedentes per Borysthenem, ubi nunc Kiovia est, Poleni dicebantur; alii Drewliani, in nemoribus habitantes; alii inter Dwinam et Peti, dicti Dregowici...» (Id., p.2).
63. Id., pp.113-114.
64. «Questi Moscoviti parlano la lingua Schiavona, et scrivono nella stessa, siccome i Dalmatini, Bohemi, Polacchi et Lithuani...» (Historica Russiae Monumenta, ex antiquis exterarum gentium archivis et bibliothecis depromta ab A.J.Turgenevio, t.I. Petropoli, 1841, Nr.135, p.149).
65. Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i wszystkiej Rusi Macieja Stryjkowskiego, t.I-II. Warszawa, 1844, pp.19-65.
66. Id., pp.120-122.
67. Id., pp.41-51.
68. Id., p.111.
69. Id., pp.89-105.
70. Id., p.105.
71. Гэтая «частка» прапушчана ў выданьні 1844 году, затое яна «o Litwy czesc», захавалася ў выданьні 1766 году (Zbior Dziejopisow Polskich, t.II. Warszawa, 1766, p.107).
72. Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i wszystkiej Rusi, pp.107-108.
73. Id., p.XXXVII.
74. Kronika Sarmacyi Europeskiey Alexandra Gwagnina. Zbior Dziejopisow Polskich, t.IV. Warszawa, 1768, p.11.
75. ПСРЛ, т.XVII, кал.422.
76. Тамсама, кал.426.
77. Тамсама, кал.473-572.
78. Codex epistolaris Vitoldi, Append.VI, p.1009.
79. Русская Историческая Библиотека, т.33 (Литовская Метрика). Изд-во Императорской Археографической Комиссии. Петербург, 1915.
80. Codex epistolaris Vitoldi, Nr.234, pp.73-74; Akta Unji Polski z Litwa, 1385-1791. Ed. St.Kutrzeba i Wі.Semkowicz. Krakow, 1932, Nr.50, pp.55-59; Nr.51, pp.60 et sq.; История СССР, 3, 1964, б.114.
81. Дыялекталагічны Атлас беларускай мовы. Выд-ва АН БССР. Мінск, 1963, мапы VII, VIII.
82. Wіadysіaw Kuraszkiewicz. Zarys dialektologii wschodniosіowianskiej z wyborem tekstow gwarowych, wyd. 2. Panstwowe Wydawnictwo Naukowe. Warszawa, 1963, mapa IV.
83. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Избранные произведения XVI - начала XIX в. Изд-во АН БССР. Минск, 1962, бб.63-67, 69-81.
84. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Вучэбны дапаможнік. Склаў А.Ф.Коршунаў. Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства асьветы БССР. Мінск, 1959, б.191.
85. Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя Крыўскай (Беларускай) Кнігі, Коўна, 1926, б.441; Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 года, т.ІІ (Текст). Ковно, 1938.
86. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии, б.139.
87. М.К.Любавский. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно, изд. 2-е. Москва, 1915, б.41.
88. В.И.Пичетa. Белоруссия и Литва XV-XVI веков. Изд-во AH CCCP. Москва, 1961, б.650.
89. Wladyslaw Wielhorski. Polska a Litwa. Stosunki wzajemne w biegu dziejow. The Polish Research Centre Ltd. London, 1947, pp.86, 93-94.
90. В.И.Пичета, цыт. праца, б.619.
91. Ф.Д.Гуревич. Древности белорусского Понеманья. Изд-во АН СССР. Москва-Ленинград, 1962, бб.42, 143-144.
92. В.В.Седов. Кривичи. Советская археология, I, 1960, бб.47-62.
93. В.В.Седов. Дреговичи. Советская археология, 3, 1963, бб.112-125.
94. Alexander Kaminski. Pogranicze polsko-rusko-jacwieskie miedzy Biebrza i Narwia. Rocznik Bialostocki, t.IV, Bialystok, 1963, pp.7-39.
95. Ф.Д.Гуревич, цыт. праца, бб.42, 75-77.
96. Очерки истории СССР. Период феодализма ХІ-ХV веков, т.1. Изд-во АН СССР. Москва, 1953, б.385.
97. М.Грушевський. Історія України-Руси, т.ІІ. Выд-ва «Книгоспілка». Нью-Йорк, 1954, бб.301-302.
98. ПСРЛ, т.II, кал.282-283.
99. Тамсама, кал.318.
100. SRP, t.I, p.133.
101. ПСРЛ, т.II, кал.294.
102. ПСРЛ, т.I, кал.302.
103. -
104. ПСРЛ, т.ІІ, кал.496.
105. Тамсама, кал.505, 512.
106. Тамсама, кал.519.
107. Тамсама, кал.526-527.
108. Тамсама, кал.620-621.
109. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов. Изд-во АН СССР. Москва-Ленинград, 1950, б.37.
110. Тамсама, б.39-40.
111. Тамсама, б.44.
112. The Chronicle of Henry of Livonia, pp.121-123.
113. Id., p.142.
114. ПСРЛ, т.I, кал.413; т.II, кал.690-693; The Chronicle of Henry of Livonia, p.205; Смоленские грамоты XIII-XIV веков. Изд-во АН СССР. Москва, 1963.
115. The Chronicle of Henry of Livonia, p.90.
116. ПСРЛ, Т.ІІ, кал.735-736.
117. Тамсама, кал.776.
118. Тамсама, кал.797-798.
119. Тамсама, кал.838-840.
120. Тамсама, кал.831, 847.
121. Тамсама, кал.831.
122. Тамсама, кал.816-819, 828-829.
123. Тамсама, кал.847-848.
124. Тамсама, кал.871-874.
125. Тамсама, кал.874-875
126. Тамсама, кал.876-878.
127. ПСРЛ, т.II, кал.873-874; ПСРЛ, т.II, кал. 798, 818.
128. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, б.84-85.
129. Тамсама, б.83-84; ПСРЛ, т.II, кал.861.
130. K.Ed.Napiersky. Russisch-Livlaendische Urkunden. St.Petersburg, 1868, Nr.25a, p.13.
131. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, б.85.
132. K.Ed.Napiersky, opus cit., Nr.25b, p.13.
133. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, бб.83-84.
134. ПСРЛ, т.ІІ, кал.867-868.
135. Летапісец цьвердзіць, што князь Шварна ўтрымоўваў літоўскі вялікакняжы пасад да свае натуральнае сьмерці: «княжив же лет немного и тако преставися».. (Тамсама, кал. 869), аднак гэтаму цяжка паверыць.
136. Тамсама, кал.869.
137. Тамсама, кал.871.
138. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, б.96-97.
139. ПСРЛ, т.ІІ, кал.933.
140. K.Ed.Napiersky, opus cit., Nr.38, pp.19-20.
141. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, б.98.
142. K.Ed.Napiersky, opus cit., Nr.49, pp.25-28.
143. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов, б.98.
144. ПСРЛ, т. II, кал. 856, 938.
145. Акты, относящиеся к истории Западной России, т.І-V. Изд-во Археографической Комиссии. С.-Петербург, 1846-1853; Ф.Н.Леонтович. Акты Литовской Метрики, т. І-ІІ. Варшава, 1896-1897; Русская Историческая Библиотека, т. 20, 27, 30, 33 (Литовская Метрика), Изд-во Археографической Комиссии. С.-Петербург, 1903-1915; Сборник Русскаго Историческаго Общества, т. 35, 59, 71, 137, 142 (Памятники дипломатических сношений Московскаго государства с Польско-Литовским государством). С.-Петербург, 1887-1913; Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы, т.І-ІІІ. Изд-во АН СССР, Москва, 1954.
146. Русско-белорусские связи. Сборник документов (1570-1667 гг.). Изд-во «Высшая школа», Минск, 1963.
147. Исторический архив, т.VІІ. Изд-во АН СССР, Москва, 1951, б.209.
148. Акты, относящиеся к истории Западной России, т.1 (1846), бб.371-374.
149. Тамсама, т.ІІ (1848), бб.386-389.
150. Документы Московского архива Министерства юстиции, т.І, Москва, 1897, бб.200-202.
151. Тамсама, бб.182-184.
152. Акты, относящиеся к истории Западной России, т.ІІІ (1848), бб.50-66, 98-107.
153. Тамсама, бб.177-182.
154. ПСРЛ, т.I, кал.297.
155. Тамсама, кал.11.
156. I.Sorlin. Les traites de Byzance avec la Russie au Xe siccle. Cahiers du Monde Russe et Sovietique, vol.II. Mouton & Co. Paris-La Haye, Nr.3, pp.313-360; Nr.4, pp.447-475.
157. ПСРЛ, т.I, кал.10.
158. Тамсама, т.II, кал.282.
159. А.Н.Насонов. «Русская земля» и образование территории древне-русского государства. Изд-во AH CCCP. Москва, 1951.
160. K. Ed. Napiersky opus cit., Nr.25a, p.13.
161. Id., Nr.54, pp.31-32.
162. Акты, относящиеся к истории Западной России, т.IV (1851), бб.4-5.
163. Jana Dlugosza Roczniki czyli Kroniki slawnego Krolestwa Polskiego, p.131.
164. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры, бб.161-168.
165. Русская Историческая Библиотека, т.XXX (1914), кал.652, 716.
166. Акты, относящиеся к истории Западной России, т.III (1848), бб.72-95.
167. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры, бб.203-221.
168. Смоленские грамоты XIII-XIV веков, бб.20-25.
169. Codex epistolaris Vitoldi, Append. IV, pp.972-1000.
170. Codex Diplomaticus Ecclesiae Cathedralis necnon Dioceseos Vilnensis, t.I, fasc.I, Nr.23, p.39.
171. ПСРЛ, т.XVII, кал.479.
172. Тамсама, кал.501.
173. Тамсама, кал.518.
174. Litterae Nuntiorum Apostolicorum Historiam Ucrainae Illustrantes (155CM850), vol.I. Ed. A.G.Welykyj. Romae, 1959, Nr.101, p.100.
175. Архив Юго-Западной России, ч.I, т.VII. Изд-во Комиссии для разбора древних актов. Киев, 1887, б.199.
176. «Rutheni аlbi quondam Colchitae dicti, modo vero Moscovitae, habent proprium Dominum seu Principem, qui titulatur Magnus Dux, vicinus in terra Regi Poloniae in Magno Ducatu Lithuaniae, item aliis dominis Livoniae et Gothiae...» (Historica Russiae Monumenta, t.I, Nr.123, p.123).
177. Omnium Gentium Mores, p.79.
178. Id., pp.83-84.
179. Historica Russiae Monumenta, t.I, Nr.135, p.147.
180. Id., p.155 («vero e che la Russia ulteriore detta bianca e soggetta a Moscoviti, e l'altra e parte de Moscoviti, e parte di Poloni»).
181. «...Onde poili successor; suoi non piu Duca di Moscovia, ma di Russia s'intitolarono, finche Giovanni Avo di questo si lebero dal Tributo de Tartari, pagatogli da suoi maggiori fino dal 1240. Il quale levati i State ad alcuni de suoi feudatarii, ad alcun'altre Provinzie a sua obbedienza ridotte, lasciato il tirolo di Russia, ripresse il primo di Moscovia, percio tutta quella pane della Russia bianca da lui, e da Basilio suo fegliuolo posseduta, divisa dalla Russia Rossa per il gran frome Neper, prese il nome di Moscovia...» (Id., Nr.136, p.162).
182. Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i wszystkiej Rusi, p.91 («A jesliby to kio rzekl, iz dzisiejsza Moskwa, Bialej Rusi narod, niedawnych wiekow poczal sie zwac Moskwa od rzeki i miasta i zamku stolecznego, tedy tak jest»).
183. Id., p.111.
184. Kronika Sarmacyi Europeskiey, p.323.
185. Тамсама.
186. Тамсама, бб.300-303.
187. Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы, т.I, бб.127-129, 299-300; т.II, бб.60-62, 64-65, 77-78, 216-218.
188. Тамсама, т.II, бб.232-233.
189. Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов, т.II. Изд-во AH БССР. Минск, 1960, бб.34-36.
190. Конрад Буссов. Московская хроника (1584-1613). Изд-во АН СССР. Москва-Ленинград, 1961, 66. 93-94, 96, 100, 144, 175.
191. Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов, т. ІІ, 66. 444-450; Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии, бб.194-206.
192. Русско-белорусские связи. Сборник документов, бб.102-114, 116-118, 128, 141-142, 155-156 і іншыя.
193. Тамсама, 6.112.
194. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии, бб.228-229.


Крыніца: Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, No.3.

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы