. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




1/1/10

СТАРАЖЫТНАЯ ЛІТВА



Мікола Ермаловіч


            У пачатку XI ст. зьяўляецца першае датаванае паведамленьне пра Літву. Да гэтага яна двойчы ўпаміналася ў недатаванай частцы «Аповесьці мінулых гадоў": першы раз — у пераліку народаў, якія адносіліся да роду Яфета, другі раз — у пераліку тых плямёнаў, што не адносіліся да Русі й давалі ёй даніну . На жаль, ніякіх геаграфічных каардынатаў Літвы тут не было ўказана, што ў далейшым прывяло да вялікай блытаніны ў гэтым пытаньні. I вось у 1009 г. у выніку адной трагічнай падзеі Літва трапіла на старонкі Кведлінбургскіх аналаў.

            Пад гэтай датай паведамлялася пра сьмерць біскупа Брунона, які ў змове з польскім каралём Баляславам Храбрым пайшоў у край ня то прусаў, ня то яцьвягаў, каб сьхіліць іх да прыняцьця хрысціянства, але быў забіты са сваімі васемнаццацьцю спадарожнікамі 9 сакавіка 1009 г. на сумежжы Русі й Літвы. Гэта вельмі красамоўнае сведчаньне. Паказваючы, што Літва межавалася з Русьсю, яно пацьвярджае нашую думку, што Старажытная Літва не знаходзілася там, дзе сучасная Літва, дакладней, яе ўсходняя частка, бо ў адваротным выпадку яна, адгароджаная яцьвягамі, не магла б мець агульнай мяжы з Русьсю. Толькі знаходзячыся ў Верхнім Панямоньні, яна магла быць сумежнай з Русьсю. Праўда, Е. Ахманьскі, а за ім і У. Пашута мяркавалі, што забойства Брунона адбылося на тэрыторыі яцьвягаў. I гэта зразумела. Прымаючы тэрыторыю Старажытнай Літвы за тэрыторыю сучаснай, яны бачылі, што ўваходзяць у супярэчнасьць зь першакрыніцай, і знайшлі выхад у падстаноўцы замест Літвы яцьвягаў. Аднак гэта яўная нацяжка, бо ў такім выпадку было б сказана, што Брунон быў забіты на сумежжы Яцьвязі й Русі. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў адзначанай крыніцы напісаньне назвы Літвы па-лацінску супадае з славянскім яе гучаньнем як «Літва». А гэта яшчэ раз пацьвярджае сумежнасьць Літвы з Русьсю, што й вызначыла форму яе назвы пры першым  ўпамінаньні ў лацінскім дакумэнце.

            Было нямала спробаў растлумачыць назву «Літва». Адзначым некаторыя зь іх. У «Хроніцы Быхаўца» яна выводзіцца зь «літус» (бераг) і «луба» (труба). 3ь іх як быццам утварылася Лістубанія, якая ў вуснах простага народу гучала як Літабанія. Гэта імя нібы выйшла ад таго, што ў часы легендарнага князя Кернуса літоўцы ўпершыню пакрылі берагі Вяльлі гукамі ваенных трубаў. Вядома, гэта фантастыка. Літва ніколі не называлася ні Літабаніяй, ні Лістубаніяй. Як быццам болей пераканаўчым зьяўляецца вывад назвы «Літва» ад літоўскага слова «летува», ці «летувіс», што значыць дождж, вільгаць. Аднак гэта таксама нацяжка, бо дождж па-літоўску «летус». I. Шафарык лічыў, што ў старажытнанямецкай мове «літус» і «летус» азначалі асобае саслоўе рабоў, якое, магчыма, паходзіла ад заняволенасьці літаў, што жылі ў Заходняй Галіі за Рэйнам. Гэта як бы сьведчыць, што назва «Літва» — кельцкага паходжаньня ці нават што й само племя было кельцкім, тым болей што Тацыт указваў на падабенства мовы літаў з мовай брытанскай, г. зн. мовай венетаў, якія насялялі Брытанію.
            У апошні час таксама зьвернута ўвага на тое, што «Літва» ды «Латвія» маюць яскравыя паралелі ў варыянтах уэльскай назвы Брэтані: Litао, Lаtіо, што значыць «зямля» . 3 гэтага выцякае, што назвы «Літва» ды «Латвія» нібыта кельцкага паходжаньня. Але мы ня можам пагадзіцца з такім меркаваньнем А. Г. Кузьміна. Ён сцьвярджае, што гэтыя назвы маглі быць дадзены кельцкімі ці кельцкамоўнымі насельнікамі балтыйскіх выспаў, для якіх пабярэжжа Літвы й Латвіі было «зямлёй». Аднак у тыя часы назвы «Літва» й «Латвія» не пашыраліся на балтыйскае ўзьбярэжжа. Тады гэтую тэрыторыю займалі прусы, жамойты, куроны, лівы. I ўсё ж меркаваньне пра кельцкае паходжаньне назвы «Літва» нельга ськідаць з рахунку. Нямецкі гісторык XVIII ст. Л. А. Гебгардзі (1735—1802) прыводзіў пісьмовыя дакумэнты, зь якіх бачна, што яшчэ ў XII ст. н. э. на левым беразе Дуная й ўздоўж ракі Ольты існавала мясцовасьць Літва . Тут жа мы знаходзім і раку Літаву. У свой час I. Барычэўскі зазначыў, што прарадзіму Літвы трэба шукаць у Фракіі. Прыведзеныя Гебгардзі факты як бы пацьвярджаюць гэтую думку. Мы ўжо гаварылі, што назва «севяране» таксама кельцкага паходжаньня. Літва, якая была тут жа, дзе, бясспрэчна, пражывалі рэшткі кельцкіх плямёнаў, таксама магла атрымаць назву ад іх. Паколькі літва жыла на левым беразе Дуная, то для насельнікаў правага берага яе тэрыторыя сапраўды магла быць «зямлёй».
            Літва, паводле «Аповесьці мінулых гадоў», адносіцца не да славянскіх плямёнаў. Праўда, у Хлебнікаўскім і Цьвярскім летапісах мы яе знаходзім у пераліку славянскіх плямёнаў, дзе яна пастаўлена ўсьлед за люцічамі. Аднак гэтыя зьвесткі мы ня можам лічыць аб'ектыўнымі. Справа ў тым, што падставай Цьвярскога летапісу зьяўляецца беларускі летапіс пачатку XVII ст.. У сваю чаргу Хлебнікаўскі сьпіс увабраў у сябе шмат зь Цвярскога. А к гэтаму часу Літва канчаткова аславянілася, і таму аўтары гэтых крыніцаў, улічыўшы такую акалічнасьць, ужо ў пералік славянскіх плямёнаў унеслі й яе. 

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы