. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




1/1/13

СЛАВЯНЕ І БАЛТЫ



М. Ермаловіч

            Само сабой зразумела, што масавы і неаднаразовы прыліў славянаў на тэрыторыю балтаў ня мог не прывесьці да сваеасаблівай этнічнай рэвалюцыі. Менавіта ад часоў прыходу славянаў на тэрыторыю сучаснай Беларусі і пачатку іх сумеснага жыцьця з балтамі й пачынаецца саманараджэньне беларускага народа і яго самаразьвіцьцё.

            У сучаснай гістарычнай навуцы дамінуе думка, што ўзаемаадносіны славянаў з карэннымі насельнікамі былі ў асноўным мірныя. Але адначасова чуюцца галасы пакончыць з саладжавай ідэалізацыяй працэсу славянскай каланізацыі балцкіх і фіна-ўгорскіх земляў, які нібыта працякаў у выглядзе павольнай мірнай інфільтрацыі славянаў на пустуючыя ўчасткі ўладаньняў сваіх суседзяў. Славяне, гавораць гэтыя дасьледчыкі, нічым не адрозьніваліся ад іншых народаў, якія шляхам заваяваньняў пашыралі сваю тэрыторыю. I гэта не беспадстаўна. Устаноўлена, што на рубяжы VII—VIII стст. большасьць умацаваньняў балцкага насельніцтва банцараўска-тушэмленскай культуры загінула ў выніку пажараў. Гэта вельмі красамоўны факт, і ён, бясспрэчна, зьвязаны з гвалтоўнымі дзеяньнямі. У археолягаў няма адзінай думкі наконт існаваньня ваенна-палітычнай арганізацыі балтаў. Адны зь іх адмаўляюць яе, другія сцьвярджаюць, што яна існавала на ўзроўні саюзу плямёнаў і магла захоўваць бясьпеку асобных абшчынаў. Супраціўленьне балтаў новым прышэльцам, відаць, і прывяло да гібелі балцкіх умацаваньняў.

            Тое, што балцкае насельніцтва ў асноўным працягвала жыць на старых месцах, таксама ня можа быць сьведчаньнем мірных адносін яго да славянаў. Як мы ўжо ўпэўніліся, славяне ішлі з розных бакоў, асабліва з поўдня, паўднёвага захаду й захаду, і балтам, па сутнасьці, не было куды ўцякаць. Хоць, вядома, нельга й поўнасьцю адмаўляць перамяшчэньне іх у паасобных месцах. Магчыма, што ў Волга-Окскае міжрэчча балты праніклі ў выніку славянскага націску з поўдня й захаду. Толькі пасьля ўжо, калі было зламана супраціўленьне балтаў і калі яны былі з усіх бакоў аточаны славянамі, маглі ўстанавіцца больш-менш мірныя адносіны паміж прышэльцамі і мясцовымі жыхарамі.
            Дарэчы тут трэба заўважыць, што спробы шэрагу дасьледчыкаў устанавіць пэўныя скразныя межы паміж балцкім і славянскім насельніцтвам у той ці іншы час зьяўляюцца марнымі, бо як славяне, так і балты былі разьмешчаны адны каля адных астравамі. I наогул нельга ўяўляць славянскую асіміляцыю балтаў просталінейным працэсам. У літаратуры зусім слушна ўказвалася, што «асімілёўвалі ня толькі славяне балтаў, але і ў шэрагу выпадкаў славяне былі асіміляваны балтамі».Толькі ў канчатковым выніку перамагла славянская стыхія.
            Славянска-балцкае сумеснае жыцьцё мела надзвычай важныя гістарычныя вынікі. Як сьведчыць археалёгія, істотнай розніцы ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця славянаў і балтаў не было. Як у адных, так і ў другіх земляробства й жывёлагадоўля зьяўляліся галоўнымі заняткамі, як адны, так і другія ўступалі ў стадыю разлажэньня родавага ладу. Усё гэта, вядома, не магло не садзейнічаць арганічнаму зрашчэньню славянскага й балцкага насельніцтва ў адзіны сацыяльна-эканамічны комплекс.
            Немалаважнае значэньне ў паскарэньні гэтага працэсу мела й аднолькавасьць рэлігійных вераваньняў. Як славяне, так і балты былі паганцамі. Ня выключана, што славяне, апынуўшыся сярод балтаў, маглі аказацца пад моцным уплывам паганства абарыгенаў і шмат чаго запазычыць у іх. Аднолькавая рэлігія спрыяла й этнічнаму збліжэньню славянаў з балтамі.
            Факты паказваюць, што ніяк нельга зьменшваць ролі балцкага субстрату ва ўтварэньні беларускага народа. На нашу думку, бессэнсоўна падзяляць усходнеславянскія плямёны ў час іх расьсяленьня на велікарускія, украінскія й беларускія, як гэта ў свой час рабілі А. А. Шахматаў і А. А. Сьпіцын. Так, напрыклад, яны да велікарускіх плямёнаў побач з наўгародцамі-славянамі адносілі ўсіх крывічоў, а да беларускіх (Шахматаў) — дрыгавічоў, радзімічаў і вяцічаў, Сьпіцын — радзімічаў і вяцічаў. Аднак гэта схема супярэчыла сапраўднасьці, і Сьпіцын заўважыў, што там, дзе археолягі выявілі пашырэньне крывіцкіх (полацкіх і смаленскіх) курганоў XI ст., у сучасны момант жывуць не вяліка-русы, а беларусы. I ён у роспачы адзначыў, што ня бачыць выхаду з гэтай дылемы. I ўсё ж выйсьце трэба шукаць. Справа ў тым, што славянскія плямёны сталі вялікарускімі, украінскімі й беларускімі не да перасяленьня ва Ўсходнюю Эўропу, а пасьля яго і ў залежнасьці ад таго, на якой тэрыторыі яны пасяліліся і зь якім карэнным насельніцтвам уступілі ў сумеснае жыцьцё. Вяцічы, як і радзімічы, зь якімі яны былі, відаць, вельмі блізкія, маглі стаць беларускім племем, калі б яны таксама пасяліліся на балцкай тэрыторыі. Аднак гэтага не адбылося, яны аселі на ўгра-фінскім субстраце і таму ўвайшлі ў склад вялікарусаў. У свой час П. Галубоўскі (ён быў першы, хто зьвярнуў увагу на значэньне балтаў ва ўтварэньні беларускага народа й мовы) выдатна праілюстраваў значэньне субстрату на лёсе крывічоў. Тая частка іх, якая пасялілася ў верхнім Паволжы, не ўвайшла ў склад беларусаў і гаворыць на вялікарускай мове. Прычына таму — гэтыя крывічы, у адрозненьне ад сваіх заходніх супляменьнікаў, аселі не на балцкай тэрыторыі, а на фіна-ўгорскай і таму сталі не беларусамі, а вялікарусамі. Іншы субстрат — іншы народ.
            На значэньне балтаў у фармаваньні беларусаў указвалі ў сваіх працах А. Качубінскі, А. Пагодзін, К. Буга, М. Фасмер. Зараз гэтае пытаньне ў цэлым вырашана, яно пацьверджана археалягічнымі, тапанімічнымі, этнаграфічнымі, антрапалягічнымі й лінгвістычнымі матэрыяламі, знайшло сваё найбольш поўнае выяўленьне ў кнізе В. Сядова «Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья». 3 шматлікіх зьмешчаных у ёй прыкладаў прывядзём адзін характэрны факт. Дасьледчык паказаў, як дрыгавічы, прасоўваючыся на поўнач, у глыбіню балцкай тэрыторыі, і асімілёўваючы балцкае насельніцтва, у той жа час самі засвойвалі паасобныя яго асаблівасьці, пра што сьведчаць іх пахаваньні з усходняй арыентацыяй ці наяўнасьць зольна-вугальнай праслойкі ў іх курганах. Але, падкрэсліваючы значэньне балцкага элемэнта ў фармаваньні беларусаў, мы адначасова не павінны й пераацэньваць яго, бо беларусы хутчэй за ўсё зьяўляюцца не збалтызаванымі славянамі, а аславяненымі балтамі. У гэтых адносінах асабліва каштоўныя сьведчаньні антрапалёгіі, якія паказваюць, што роля балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў меншая, чым, напрыклад, угра-фінаў у этнагенэзе вялікарусаў. Зьдзіўляе такса й малая ь балтыйскіх запазычаньняў у беларускай мове, хоць, на першы погляд, іх павінна быць значна болей, асабліва ўлічваючы вялікую колькасьць балцкіх гідронімаў у Беларусі. I гэта ня дзіўна. Як мы ўжо бачылі, Беларусь у сілу яе геаграфічнага становішча была месцам, дзе асабліва канцэнтраваўся славянскі элемэнт, і таму ён мог значна пераважаць і перамагаць балцкі. Нельга забывацца й пра слабую заселенасьць паасобных месц у балцкую эпоху. Так, землі на поўдзень ад Менска, міжрэчча Вяльлі ды Гайны й інш. амаль поўнасьцю пуставалі, мала было паселішчаў на поўдзень ад Полацка. Зразумела, што славяне, якія ў значнай колькасьці засялялі гэтыя мясцовасьці, толькі ў малой меры маглі ўбіраць балцкія рысы.
            Нельга пагадзіцца з тымі дасьледчыкамі, якія сцьвярджаюць, што асіміляцыя балтаў закончылася ў XII—XIII стст. Яна ішла на працягу ўсёй далейшай нашае гісторыі, ужо тады, калі сфармаваўся беларускі народ, і нават мела месца ў зусім нядаўнім мінулым, ужо ў нашым стагодзьдзі.

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы