. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




10/8/11

CТРУКТУРА ВОЙСКА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІV–ХV СТ.



Ю. М. Бохан — беларускі гісторык і археоляг.
 Доктар гістарычных навук (2003).

   Структура і прынцыпы камплектацыі войска Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХІV–ХV ст. адлюстраваныя ў пісьмовых крыніцах таго часу вельмі цьмяна. У прывілеі, выдадзеным Ягайлам пасьля заключэньня Крэўскай уніі, у 1387 г., агаворваецца, што ў выпадку ўварваньня непрыяцеля ў землі дзяржавы яе насельніцтва прыцягваецца "ad insequutionem huiusmodi, quod Pogonia uulgo dictur, non solum armigeri, uerum etiam omnis masculus, cujuscunque status aut conditions extiterit, dum modo arma bellicosa gestare poterit, proficici teneatur" [1, с. 2]. Слынны польскі дасьледчык Г.Лаўмяньскі атаясамляе згаданую "Пагоню" з паспалітым рушаньнем, добра знаным як асноўная форма вайсковай арганізацыі Вялікага княства ў ХVI ст. [2, с.225]. Аднак той факт, што ў ёй мусілі браць удзел ня толькі "armigeri", але і ўсё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю, а таксама надзвычай вузка акрэсленыя функцыі (пераследваньне адступаючага ворага) прымушае разглядаць яе не як спосаб камплектаваньня войска ў сьціслым разуменьні гэтага слова, а як форму арганізацыі мірнага па сутнасьці насельніцтва, закліканага да падтрыманьня чыста вайсковых фармаваньняў на этапе, калі разгром ворага быў, у асноўным, завершаны, альбо, прынамсі, было спынена яго прасоўваньне ўглыб тэрыторыі. У іншых выпадках, пры вядзеньні баявых дзеяньняў на непрыяцельскіх землях, а тым больш у выпадку мабілізацыі ў маштабах усёй дзяржавы, падобная форма арганізацыі вайсковых сілаў наўрад ці была магчымай. Такім чынам, "Пагоня" хутчэй набліжалася не да паспалітага рушаньня, а да г. зв. "абароны зямлі" (expeditio domestica, defensio terrae), добра вядомай, напрыклад, у Польшчы і сягаючай сваімі каранямі ў вельмі аддаленыя часы [3, с. 427; 4, с. 59–60; 5, с. 192–193].

   Са згаданага прывілея Ягайлы вынікае, што апалчэнцы, якія бралі ўдзел у "Пагоні", узбройваліся за свой кошт. Можна меркаваць, што тая частка гэтых апалчэнцаў, для якой ваенная служба зьяўлялася не асноўным заняткам, а, хутчэй, акцыяй надзвычайнай, выкарыстоўвала ўсе падручныя сродкі, прыдатныя ў той ці іншай ступені для ваенных мэтаў, у тым ліку ня толькі зброю, але й адпаведныя прылады працы.

Прынамсі ніякіх дакумэнтаў, рэглямэнтаваўшых узбраеньне непрафэсыйных удзельнікаў апалчэньня, на сёньняшні дзень ня выяўлена. Можна таксама меркаваць, што большасьць такіх імправізаваных ваяроў павінна была складаць пешую частку "Пагоні".
Пэўную глебу для разважаньняў аб магчымасьці прыцягненьня насельніцтва, змабілізаванага ў рамках "Пагоні", да ўдзелу ў доўгатэрміновых рэйдах даюць зьвесткі аб грунвальдскай выправе Вітаўта. Паводле ўскосных дадзеных, у ёй брала ўдзел як кавалерыя, так і пяхота. Так, комтур Рагнеты даносіў 27 лістапада 1409 г. маршалку Тэўтонскага ордэна, што вялікі князь загадаў кожнаму коннаму й пешаму ў рамках падрыхтоўкі да паходу мець свой правіянт; 18 сьнежня таго самага года комтур Астэродэ інфармаваў маршалка аб намерах Вітаўта й Ягайлы сабрацца ў Полацаку з конным і пешым войскамі [6, с. 204]. Разам з тым, Длугаш, падрабязна апісваючы шыхтаваньне вялікакняжацкага войска, характарызуе яго як выключна коннае [7, с. 19–20]. Адсюль вынікае, што пяхота, калі яна на самай справе была ў арміі Вітаўта пад Грунвальдам, не складала якой-кольвек асобнай фармацыі, не знаходзілася ў баявых шыхтах, значыць, выконвала толькі дапаможныя функцыі, напрыклад, па ахове абозу альбо па дабіваньню й пераследваньню ўжо разгромленага праціўніка, інакш кажучы, такія, якія ўскладаліся на непрафэсыйных удзельнікаў "Пагоні". Паводле зьвестак Длугаша, спэцыфічныя задачы выконвала пяхота падчас выправы Вітаўта на Ноўгарад у 1428 г. Каб забясьпечыць войску магчымасьць перасоўваньня па балоцістай мясцовасьці, вялікі князь выкарыстоўваў пехацінцаў (храніст называе лічбу 10 000 чалавек) для пабудовы грэблі ў Чорным Лесе [7, с. 362–363]. Трэба, аднак, заўважыць, што ў абодвух выпадках узьнікаюць вялікія сумнівы ў магчымасьці татальнай мабілізацыі ўсяго мужчынскага насельніцтва, у выніку якой краіна засталася б ня толькі без абаронцаў на выпадак узьнікненьня пагрозы зь іншага боку, але і ўвогуле без працоўных рук. Таму з большай доляй верагоднасьці можнa дапусьціць зварот да абмежаванай мабілізацыі альбо да прыцягненьня ў войска неваеннаабавязанага люду па-за рамкамі "Пагоні" і з вузка акрэсленымі задачамі, якія прадугледжвалі толькі дапаможна-тэхнічныя функцыі.
Як ужо адзначалася, аснову ўзброеных сілаў Вялікага княства Літоўскага, ці ўласна войска, складала кавалерыя. Нават калі дапусьціць, што непрафэсыйныя ваяры маглі раз-пораз выязджаць у "Пагоню" конна, то ўсё роўна давядзецца канстатаваць, што касьцяк рэгулярнай коньніцы дзяржавы фармаваўся за кошт асобаў, для якіх вайсковая служба зьяўлялася прафэсыйным абавязкам. Апроч згаданых у прывілеі 1387 г. рыцараў-"armigeri", гэта былі і прадстаўнікі некаторых іншых сацыяльных слаёў, валодаўшых зямельнай маёмасьцю на рыцарскім праве. У ХVI ст. яны служылі асабіста і выводзілі атрады-почты прапарцыйна колькасьці сялянскіх службаў, што меліся ў іх распараджэньні. Умовы адбываньня вaйсковай павіннасьці ваенна-служылым людам раней, у другой палове ХIV–ХV ст., выглядаюць менш акрэсленымі, бо агульнадзяржаўных актаў, якія б яе рэглямэнтавалі, не было. Хутчэй за ўсё, нормы рыцарскай службы ў кожным канкрэтным выпадку залежалі ад двухбаковага пагадненьня паміж сэньёрам і васалам, тады як адзінай нормы ўвогуле не існавала. У большасьці зямельных наданьняў ХV ст. пытаньне асабістага ўдзелу васала ў вайсковых выправах сэньёра не закранаецца, альбо, што радзей, агаворваецца выключна колькасьць выстаўляемых ім ваяроў, хаця ў шэрагу выпадкаў можна здагадацца і аб службе ўласнай персонай [8, с. 91; 9, с. 1286–1287; 10, с. 111]. На жаль, недахоп інфармацыі не дазваляе дакладна сказаць, ці існаваў у Вялікім княстве Літоўскім падзел на паспалітае рушаньне (expeditio generales), куды ўладальнік зямлі павінен ехаць асабіста, і выправу з маёнткаў, калі патрабавалася толькі выстаўленьне адпаведнай колькасьці ваяроў, як тое мела месца ў суседняй і саюзнай Польшчы [4, с. 56–60; 5, с. 192–193]. Уяўляецца, аднак, праўдападобным, што звычайнай была такая форма мабілізацыі, як паспалітае рушаньне, з патрабаваньнем асабістай службы, тады як выстаўленьне адных толькі почтаў практыкавалася, ізноў жа, у складзе паспалітага рушаньня, у досыць рэдкіх, выключных выпадках, напрыклад, у выпадку старасьці ці хваробы ваеннаабавязанай асобы, знаходжаньня маёнткаў у руках удоў альбо духавенства і г.д. Менавіта такая практыка фіксуецца нарматыўнымі актамі ўжо ў першай палове ХVI ст. [1, с. 170–173]. Надзвычай рэдка агаворваецца ў зямельных наданьнях характар узбраеньня падчас вайсковай службы. Акрамя тых выпадкаў, калі яны абмяжоўваліся патрабаваньнем служыць, безь ніякіх іншых удакладненьняў, тыповымі зьяўляюцца апеляцыі да традыцыі, г.зн. да нормаў службы, якія існавалі перад гэтым, альбо да нормаў, што прымяняліся ў дачыненьні іншых землеўладальнікаў [8, с. 18, 19, 21, 25, 27–30, 40, 43, 47–48; 10, с. 49, 104, 186]. Разам з тым, шэраг згадак аб падставовых прынцыпах рэглямэнтацыі ўзбраеньня ўжо ў другой палове ХІV–ХV ст. дазваляе заўважыць існаваньне ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час дзвюх асноўных катэгорыяў ваяроў. Так, Длугаш сцьвярджае, што Ягайла ў 1383 г. Здабываў Драгічын Надбужскі "cum triginta lanceis et sexaginta balistariis" [11, с. 133]. Паказальным зьяўляецца ня толькі перaлічэньне капійнікаў і стральцоў, менавіта арбалетчыкаў, але й іх прапорцыя - 1:2, якая, на думку многіх аўтараў, лічылася на Захадзе стандартнай. У рэальнасьці падобная прапорцыя магла вытрымлівацца не заўсёды і ў польскім войску, напрыклад, на аднаго капійніка ў сярэднім прыпадалі тры стральцы [4, с. 59–61; 5, с. 194].
Суадносіны капійнікаў і стральцоў у сярэднявечных эўрапейскіх арміях былі цесна зьвязаны з камплектацыяй драбнейшых арганізацыйных адзінак у выглядзе т.зв. "кап’я", якое складалася з аднаго цяжэй узброенага рыцара, забяспечанага дрэўкавай зброяй і спэцыялізаванага выключна ў рукапашным баі, а таксама некалькіх лягчэйшых стральцоў. Верагодна, такія адзінкі, правобраз почтаў, вядомых у Вялікім княстве Літоўскім у ХVI ст., меў на ўвазе солтыс Жамойцкі, калі пісаў у 1409 г. Сунігайлу, старасьце Ковенскаму, што ў яго адсутнасьць у Жамойці ліцьвіны аб’ездзілі гэты край, на той час падпарадкаваны крыжакам, уздоўж і ўпоперак - адны ў тры, а другія ў чатыры кані [6, с. 165].
Нягледзячы на існаваньне пэўных стандартаў у камплектацыі коп’яў, іх рэальны склад залежыў найперш ад фінансавых магчымасьцяў землеўладальнікаў, прычым найменьшая ўніфікацыя назіралася ў колькасьці стральцоў. Сустракаліся коп’і, складзеныя толькі з капійнікаў без стральцоў альбо нават выключна са стральцоў, прычым у апошнім выпадку стасаваньне тэрміна "кап’ё" выглядае вельмі ўмоўным і выступае, фактычна, толькі як даніна традыцыі [4, с. 49–50]. Падобная сытуацыя, як падаецца, мела месца і ў Вялікім княстве Літоўскім. Так, у 1424 г. Свідрыгайла, тады князь Чарнігаўскі, надаў нейкаму Максіму Драгасінавічу вёску Косава і іншыя ўладаньні ў Сьнятынскай воласьці з тым, каб ён "с того села служити к нашей потребизне копьем а двемя стрелци", г.зн. камплектным кап’ём. У 1438 г. Геранім Стрэчэнавіч за атрыманыя ад Сьвідрыгайлы вёскі Белікоўцы ды Слабодка ў Латычоўскім павеце абавязваўся служыць "с того именья копьем и где будет нам потребно". Ажно "двема копьи" павінен быў адбываць на карысьць Сьвідрыгайлы вайсковую павіннасьць кухмістр Пётр Мышковіч, які ў тым самым годзе атрымаў грамату на вёскі Баршчоўку, Барок і Кандзітава ў Крамянецкім павеце. У 1445 г. той самы князь жалаваў шляхціцу Фёдару Жуку з братам вотчыну Рычагаў, "а с того нам имают служити и нашим наместником двума стрелцема на заволаную войну, яко инии земяне служат". У 1425 г. Вітаўт надаў нейкаму Пятру з Гумова войтаўства Тыкоцінскае з патрабаваньнем службы ад згаданага Пятра "et sui succesors ad omnes expeditiones generales cum uno balistario" [10, с. 49, 59; 12, с. 28, 35; 13, с. 156].
Коп’і-почты арганізоўваліся ў буйнейшыя атрады - харугвы, якія выступалі ў якасьці асноўных арганізацыйна-тактычных адзінак войска Вялікага княства Літоўскага, таксама, як і войскаў яго галоўнага саюзніка й галоўнага праціўніка - Польшчы і Тэўтонскага ордэна. У Грунвальдскай біцьве ўдзельнічала 40 харугваў Княства, зь якіх Длугаш дакладна пералічвае 21. Харугвы арганізоўваліся паводле тэрытарыяльнай асаблівасьці альбо выстаўляліся буйнейшымі землеўладальнікамі. Колькасны склад харугваў залежаў найперш, як можна меркаваць, ад мабілізацыйных магчымасьцяў кожнага рэгіёну ці княжацкай вотчыны, хаця можна таксама дапусьціць існаваньне пэўнай стандартызацыі ў камплектаваньні гэтых адзінак. Пра гэта сьведчыць данясеньне комтура Рагнеты комтуру Брандэнбурга і маршалку Ордэна напярэдадні грунвальдскай выправы (14 чэрвеня 1410 г.), у якім сцьвярджаецца, што Вітаўт змабілізаваў на 5 тыдняў у Жамойці з кожнага краю па 300 чалавек, якія 13 чэрвеня ўжо рушылі ў паход. Не выключана, што падобная колькасьць ваяроў зьяўлялася для харугваў ліцьвінскага войска нормай [6, с. 209]. Формай баявога шыхтаваньня кожнай харугвы зьяўлялася звужаная наперадзе калёна - клін. Длугаш інфармуе, што падчас маршу саюзных войскаў да межаў Ордэна ў рамках Вялікай вайны Вітаўт "Lithuanicum ordinat exercitum, et dividens illum vetusto patriae more per cuneos et turmas, in quolibet cuneo milites in equis humilioribus, aut parum bene armis vestitos, in medio constituit, quos alii in equitatu potiori et insigniter armati includebant. Cunei autem huiusmodi pressi et glomerati ordinum raritatem abhorrebant: unus taten cuneus ab altero per late patens ac distinctum spatium tendebatur... Hos tandem cuneos... quadraginta signis, quae banderia vocitamus, attribuit..." [7, с. 19–20].
Падобная пабудова войска была добра вядомая ў некаторых краях тагачаснай Эўропы, у прыватнасьці, у Германіі й Польшчы. Яе сутнасьць заключалася ў размяшчэньні наперадзе калёны, а таксама, верагодна, па яе бакох - найбольш баяздольных у рукапашнай сутычцы рыцараў - капійнікаў, якія пракладалі шлях у непрыяцельскіх шыхтах і падтрымліваліся стральцамі, страляўшымі з глыбіні калёны навесам, паверх галоў пярэдніх ліній [4, с. 85–88]. Інфармацыя Длугаша аб разьмешчаных у сярэдзіне ліцьвінскіх кліноў недастаткова ўзброеных ваярах на горшых канях і атачаўшых іх рыцарах, забясьпечаных добрымі канямі ды выдатным узбраеньнем, а таксама зьвесткі, хаця й спарадычныя, аб існаваньні ў Вялікім княстве Літоўскім капійнікаў і стральцоў дазваляюць дапусьціць бытаваньне тут цяжкай ды лёгкай кавалерыі, якая адрозьнівалася ня толькі наступальнаю зброяю, але і комплексам ахоўных сродкаў і якасьцю выкарыстоўваемых каней. Эліту войска ў такім разе павінны былі б складаць цяжкаўзброеныя капійнікі на вынослівых канях і ў найбольш надзейным засьцерагальным узбраеньні, як тое мела месца на Захадзе. Разам з тым, як паказваюць дасьледаваньні апошняга часу, погляд на капійнікаў як на рыцараў, пагалоўна "закаваных у сталь", выглядае занадта спрошчаным; паміж гэтай катэгорыяй ваяроў і менш элітнымі стральцамі не існавала ў той час дакладнай мяжы ў пляне выкарыстоўваемага ахоўнага ўзбраеньня, бо найлепш экіпіраваныя стральцы маглі набліжацца ў гэтым сэнсе да некаторых ня самых заможных капійнікаў, аснову баявога касьцюма якіх складалі шлем і кальчуга, толькі часткова дапоўненыя пласьцінавымі элемэнтамі, у тым ліку дэталямі пакрыцьцяў рук і ног [3, с. 425–426; 5, с. 194].
Калі ж казаць пра войска Вялікага княства Літоўскага, то насычанасьць яго ўзбраеньнем была, як падаецца, яшчэ ніжэйшай, чым у бліжэйшых заходніх суседзяў гэтае дзяржавы, на што зьвярталі ўвагу сучасьнікі. А.Надольскі, імкнучыся рэабілітаваць Княства і абвергнуць сталае ўяўленьне аб прымітыўнасьці бытаваўшага тут узбраеньня, прапанаваў тэзу аб яго "рускім", усходнеэўрапейскім характары, за заходнеэўрапейскі нічым ня горшым, але іншым, прыстасаваным да адметных геастратэгічных умоваў [4, с. 81–83].
З гэтым меркаваньнем славутага польскага дасьледчыка можна пагадзіцца толькі зь вельмі сур’ёзнымі агаворкамі. Несумненна, палажэньне аб значных уплывах рускага элемэнта на фармаваньне агульнага аблічча ліцьвінскага войску немагчыма абвергнуць, асабліва прымаючы пад увагу тэрытарыяльную экспансію Вялікага княства Літоўскага на ўсход і ўключэньне вайсковых адзінак толькі што далучаных рускіх тэрыторыяў у вайсковую сістэму дзяржавы. Аднак у часы павелічэньня тэрыторыі Княства за кошт рускіх зямель шляхі ў эвалюцыі сродкаў вайны на захадзе й ўсходзе Эўропы яшчэ не пасьпелі кардынальна разысьціся. На Русі досыць шырока выкарыстоўваліся колкавыя дасьпехі, у тым ліку кальчужныя нагавіцы, пласьцінкавыя дасьпехі "на аснове" і раменнага мацаваньня, коп’і, арбалеты, шчыты, мячы і г.д., прычым варта падкрэсьліць, што некаторыя віды ўзбраеньня, трактуемыя часам як тыпова "рускія", такія, напрыклад, як лямелярныя дасьпехі, былі добра вядомы ў краёх "лацінскай" Эўропы яшчэ напрыканцы ХІV ст.
Поўны пласьцінавы дасьпех, які ў той час зьяўляўся найноўшым вынаходніцтвам заходняй платнерскай думкі, не атрымаў ва ўсходнерускіх княствах распаўсюджаньня, аднак, і традыцыйныя сродкі аховы дазвалялі стварыць тут дастаткова манумэнтальнае пакрыцьцё ваяроў, у дачыненьні якіх дакумэнты канца ХІV ст. адзначалі: "От глав их и до ногу все железно". Верагодна, атрады менавіта такіх байцоў акрэсьліваюцца ў творах Кулікоўскага цыкла як "каваная раць". Акрамя таго, у гэтых творах узгадваюцца і элемэнты ўзбраеньня яўна заходняга паходжаньня - "суліцы нямецкія", "шалёмы нямецкія", "корды ляцкія" і г.д. Нават калі дапусьціць, што падобная зброя тычыцца перадусім ліцьвінскіх атрадаў, прыведзеных на Кулікова поле Альгердавічамі, то й тады факт іх фіксацыі ўяўляецца вельмі паказальным, тым больш што Літва ў такім разе павінна была б выступаць як відавочны рэпрэзентант мілітарнай культуры Захаду [14].
Паміж іншым, гаворачы аб несумненных уплывах рускай вайсковай традыцыі на землях Вялікага княства Літоўскага, ня варта іх занадта перабольшваць. Уяўляецца, што ў першую чаргу тут былі пашыраныя тыя элемэнты ўсходняга ўзбраеньня, у тым ліку, напэўна, ня толькі рускага, якія па баявых якасцях набліжаліся да заходніх аналягаў - колкавыяй пласьцінкавыя дасьпехі, адкрытыя шлемы-шалёмы, абухова-ўдарная зброя і інш. Яны ня толькі прыжыліся на мясцовай глебе, але ў шэрагу выпадкаў трансфармаваліся, з улікам адметных геастратэгічных варункаў, у самабытныя віды зброі. І "рускае", і "літоўскае" ўзбраеньне, такое, як спічастыя шлемы "spiczenghelme" i "pekilhube", шчыты-павезы альбо кароткія коп’і-суліцы ня толькі даказала сваю эфэктыўнасьць у барацьбе з заходнім праціўнікам, але нават было ў шэрагу выпадкаў ім перанятае. Калі ж закрануць тэзу аб перавазе ў ліцьвінскім войску ў другой палове ХІV - першай палове ХV ст. тых усходніх відаў зброі, якія не мелі аналягаў на Захадзе, то ён уяўляецца, хутчэй, вынікам непаразуменьня. Гэта тычыцца, напрыклад, шабляў, якія і ў другой палове ХVІ ст., калі засваеньне падобнай клінковай зброі праходзіла асабліва шпаркімі тэмпамі, прычым ня толькі ў Княстве, выразна дамінавалі толькі на поўдні дзяржавы. Прыярытэтнае выкарыстаньне ў ліцьвінскім войску мячоў, кордаў і цесакоў пацьвярджаецца і археалягічнымі крыніцамі.
Няшмат можна сказаць аб працэнтных суадносінах у ліцьвінскім войску лукаў і арбалетаў. Апошнія, несумненна, ужываліся тут ужо ў другой палове ХІV ст. даволі шырока. Сярод найбольш яскравых прыкладаў іх выкарыстаньня трэба назваць бітвы на Сініх Водах і на Ворскле, а таксама выправу Ягайлы на Драгічын Надбужскі (1383 г.). Такім чынам, лук не зьяўляўся манапалістам сярод ручных відаў кідальнай зброі, хаця як важны элемэнт рускай вайсковай традыцыі павінен прысутнічаць прынамсі на ўсходніх абшарах Княства. Разам з тым, лук нельга лічыць зброяй выключна ўсходняй. Ён быў добра вядомы, у тым ліку і як кавалерыйская прылада, у розных краях "лацінскай" Эўропы, уключаючы бліжэйшых заходніх суседзяў Вялікага княства Літоўскага, хаця і не заўсёды зьяўляўся там падставовым відам зброі далёкага бою [15, с. 28; 16, с. 215–216].
З улікам вышэйсказанага, традыцыйны набор узбраеньня ваяроў Вялікага княства Літоўскага можна трактаваць як дастаткова эўрапейскі, хаця і архаічны з пункту гледжаньня найноўшых дасягненьняў тагачаснай тэхнічнай думкі Захаду. Дадаўшы да гэтага спэцыфічныя арганізацыйна-тактычныя прынцыпы, якія ляжалі ў аснове фармаваньня ліцьвінскіх збройных сілаў, давядзецца прызнаць іх адметны характар у параўнаньні з войскам Усходняй Русі. Вельмі паказальнай у гэтым сэнсе зьяўляецца інфармацыя Патрыяршага альбо Ніканаўскага летапісу аб прыезьдзе на службу да вялікага князя маскоўскага ў 1435 г. Івана Бабы, "Дрютских князей, и той изрядив свой полк с копьи по-литовски" [17, с. 22]. Калі б атрад згаданага князя нічым не адрозьніваўся ад маскоўскіх вайсковых адзінак, то наўрад ці была б патрэба акцэнтаваць увагу на яго "літоўскасьці". Цікава таксама, што летапісец падкрэсьлівае капійнічы характар палка (харугвы?) Бабы, уласцівы, як вядома, і заходнім арміям. Няясна, праўда, што дакладна тут маецца на ўвазе пад коп’ямі: драбнейшыя арганізацыйныя адзінкі ці спэцыфічны від дрэўкавай зброі, але, несумненна, гаворка ня ідзе пра тыповыя для балтаў кароткія вошчапы-суліцы, для акрэсленьня якіх на Русі ўжываўся асобны тэрмін.
У адрозненьне ад зямель Маскоўскай Русі, якая не сутыкалася непасрэдна з войскамі "лацінскай" Эўропы, Вялікае княства Літоўскае мела зь імі справу пастаянна, што ня толькі патрабавала імкненьня да пэўнага стандарта баявога рыштунка, але й стварала магчымасьці для здабыцьця заходняга ўзбраеньня ў выглядзе трафэяў. Вядомым фактам зьяўляецца зьбядненьне асартыменту крыжацкіх арсэналяў пасьля Вялікай вайны [18, с. 92–93], прычым зброя палеглых у Грунвальдскай біцьве братоў Ордэна мусіла трапіць у рукі ня толькі палякаў, але й падданых Вітаўта, якія пэўна ж мелі ў ёй ня меньшую патрэбу. Здабываньне сродкаў вядзеньня вайны ў якасьці трафэю мела месца і пасьля бітвы пад Вількамірам у 1435 г., калі, па словах Длугаша, палякі ды ліцьвіны ўзбагаціліся зброяй і канямі пераможаных прыхільнікаў Свідрыгайлы, сярод якіх былі, апроч русінаў і татараў, чэхі, сілезцы, інфлянцкія і прускія рыцары, а таксама наёмнікі зь іншых краёў Эўропы [7, с. 565].
Падобныя факты ўяўляюцца вельмі важнымі, паколькі яны сьведчаць аб тым, што заходняе ўзбраеньне не разглядалася ў Вялікім княстве Літоўскім як нешта чужароднае, абсалютна непрыймальнае як з пункту гледжаньня адметнай вайсковай традыцыі, так і па ідэалягічных меркаваньнях. У сувязі з гэтым варта прывесьці адваротныя прыклады, калі па прашэсьці амаль ста гадоў пасьля Кулікоўскай бітвы, падчас якой рускія воі яшчэ ня грэбавалі "чужынскай" зброяй, масквічы палілі баявы рыштунак наўгародцаў як непатрэбны трафэй. Яшчэ больш красамоўным зьяўляецца кур’ёз, што адбыўся ў другой палове ХVI ст. падчас бітвы пад Чашнікамі ў 1564 г., калі войскі Вялікага княства Літоўскага перабілі маскоўскі атрад, які знаходзіўся на літоўскай службе, але змагаўся ў сваім нацыянальным узбраеньні. З гэтае нагоды адзін з сучаснікаў не бязь зьедлівасці заўважыў: "каб тое прадбачылі няшчасныя, згадзіліся б хутчэй хоць на апрананьне на спосаб бруншвіцкі, якога найбольш Масква ненавідзіць, чым загінуць ад сваіх, каторыя адзеньнем прыведзеныя ў зман, за непрыяцеля іх палічылі" [19, с. 34–35]. Гатоўнасьць войска Вялікага княства Літоўскага да запазычаньня заходніх мадэляў узбраеньня яскрава праявілася таксама ў імпарце вайсковага рыштунку з Польшчы, які ў шырокіх маштабах разгарнуўся пасьля заключэньня Крэўскай уніі і знайшоў адлюстраваньне ў наратыўных крыніцах і рахунках польскага каралеўскага двара. У асобных выпадках польскія майстры імкнуліся дагаджаць дастаткова спэцыфічным, арыентальным густам заказчыкаў, аднак, у сваёй масе, як падаецца, пастаўлялася тыповае ўзбраеньне, выкананае па заходняму cтандарту, асабліва ў выпадках высылкі буйных партый зброі. Разам з тым, як сьведчаць рахункі, далёка не ва ўсіх выпадках на землі Вялікага княства Літоўскага завозіліся выключна найноўшыя элемэнты ўзбраеньня, рэпрэзентаваўшыя апошнія дасягненьні заходняй тэхнічнай думкі, такія, напрыклад, як пласьцінавыя дасьпехі ці агнястрэльная зброя. Сярод амуніцыі трапляліся й дастаткова шэраговыя рэчы - адкрытыя шлемы-шалёмы альбо колкавыя панцыры, якія не былі нечым незвычайным і на ўсходнеэўрапейскіх землях, прычым камплект набытага такім чынам асобнымі ліцьвінамі ўзбраеньня мог быць даволі сціплым. Відавочна, што даўзбраеньне вялікакняжацкага войска за кошт польскага імпарту мела на мэце ня толькі забесьпячэньне ваяроў Княства перадавой эўрапейскай зброяй, але й задавальненьне вострай патрэбы ва ўзбраеньні навогул. Размова пра пастаўку вайсковага рыштунку з Польшчы ў Літву была б няпоўнай бяз згадкі аб скарзе крыжакоў на Канстанцкім саборы ў 1416 г., дзе яны жаліліся, што палякі адпраўляюць літоўцам, схізматыкам і ерэтыкам вайсковыя прылады, у тым ліку "armis, armigeris, instrumentis variis bellicis, studiosis artibus, artificibus, thoracibus, cassidibus, loricis, pixidibus, bombardis, equis, gladiis, bombardarum pulveribus, balistis, machinis", і г.д. [6, с. 1027–1028].
Высьветліць, зь якой інтэнсіўнасьцю ішло насычэньне войска Вялікага княства Літоўскага заходняй зброяй, на сёньняшні дзень не ўяўляецца магчымым. Мелі яе, відавочна, прадстаўнікі палітычнае эліты дзяржавы, аб чым сьведчаць выявы на пячатках літоўскіх князёў канца ХІV - першай паловы ХV ст., дзе адлюстраваны, між іншым, пласьцінавыя дасьпехі, шалёмы-баскінеты, прыльбіцы, конскія папоны-"кропежы".
Ужо на Грунвальдскім полі ўзбраеньне, аналягічнае заходняму ня толькі па баявых якасьцях, але й па зьнешнім выглядзе, не зьяўлялася ў харугвах Вітаўта, як падаецца, нечым выключна рэдкім. На гэта ўказвае адзін з эпізодаў бітвы, калі палякі нейкі час прымалі атакуючыя крыжацкія рэзэрвы за ліцьвінаў, якія вярталіся на поле бою, і толькі нападзеньне ордэнскага даводца на Дабяслава Алясьніцкага, выехаўшага яму насустрач, выявіла памылку [7, с. 59]. На ўзьнікненьне непаразуменьня ў дадзеным выпадку ў значнай меры паўплывала наяўнасьць у крыжацкіх шыхтах вялікай колькасьці лёгкіх коп’яў-суліц, аднак, калі б іншае іх узбраеньне, у тым ліку засьцерагальнае, кардынальна адрозьнівалася ад таго, якое палякі разьлічвалі знайсьці ў атрадах Вітаўта, блытаніна наўрад ці была б магчымай. Таму можна дапусьціць, што прынамсі першыя лініі харугваў Вялікага княства Літоўскага былі ў дастатковай ступені ўкамплектаваны першаклясным эўрапейскім узбраеньнем, што, між іншым, не супярэчыць і ўжо прыведзенаму вышэй апісаньню Длугашам ліцьвінскіх кліноў, у якіх найлепш узброеныя рыцары разьмяшчаліся наперадзе і, верагодна, па флянгах.
Адметную частку войска Вялікага княства Літоўскага, прынамсі, пачынаючы з часоў Вітаўта, складалі татары, безь якіх не абыходзілася ніводная сур’ёзная экспэдыцыя гэтага славутага вялікага князя [6]. На жаль, крыніцы не даюць матэрыялу для рэканструкцыі ўзбраеньня і вайсковай манеры менавіта літоўскіх татараў, аднак, прымаючы пад увагу той факт, што яны на мяжы ХІV–ХV ст. толькі зьявіліся на абшарах Княства і наўрад ці пасьпелі адразу ж адысьці ад мілітарных традыцыяў сваіх качавых супляменьнікаў, можна з дастатковай доляй верагоднасьці апеляваць да адпаведных залатаардынскіх аналёгій. Татарскае ўзбраеньне ХІV–ХV ст. на сёньняшні дзень даволі добра вывучана, прычым даследаваньні абвяргаюць погляд на татарскіх ваяроў як на выключна лёгкіх коньнікаў. Даказана, між іншым, што ў залежнасьці ад сацыяльнай прыналежнасьці і матэрыяльных магчымасьцяў татары ўжывалі вельмі шырокі спэктр узбраеньня, у тым ліку засьцерагальнае, што дазваляе выдзеліць у іх асяродзьдзі лёгкую ды цяжкую кавалерыю, хаця дакладную мяжу паміж першай ды другой правесьці цяжка. Да ахоўных сродкаў, вядомых татарам у другой палове ХІV - першай палове ХV ст., можна аднесьці кальчугу, лямелярны і лямінарны дасьпехі, пласьцінкі якіх вырабляліся як з жалезу, так і зь цьвёрдае скуры, камбінаваныя віды баявых пакрыцьцяў, у тым ліку колкава-пласьцінкавыя, мяккія неметалёвыя дасьпехі зь лямцу, скуры ці тканіны, часам падбітыя металёвымі пласьцінкамі, што набліжала іх да эўрапейскіх платаў. Бытавалі металёвыя пакрыцьці канечнасьцяў і шчыты акруглай формы. Шлемы пераважна мелі сфэраканічныя абрысы, хаця выкарыстоўваліся і нізкія яйкападобныя нагалоўі з кальчужнай аховай твару. Практыкавалася таксама пакрыцьцё дасьпехам баявых каней.
Асноўным відам наступальнага ўзбраеньня татараў зьяўляўся складаны лук, які мелі ўсе ваяры. Досыць шырока ўжываліся коп’і, аднак, капійнікаў у эўрапейскім разуменьні гэтага слова татары ня ведалі, паколькі спалучэньне дрэўкавай зброі з лукам сьведчыць, хутчэй, не аб капійнічым, а аб унівэрсальным характары ўзбраеньня ўладальніка. Комплекс наступальных сродкаў дапаўняла клінковая зброя, у пераважнай большасьці шаблі, абухова-ўдарная зброя й арканы [20].
Такім чынам, можна дапусьціць існаваньне ў Вялікім княстве Літоўскім да сярэдзіны ХV ст., прынамсі, трох відаў кавалерыі - капійнічай, стрэльчай і унівэрсальнай. Разам з тым, адсутнасьць у большасьці надаўчых актаў, рэгламэнтаваўшых умовы вайсковай службы, якога б то ні было акрэсленьня баявых сродкаў, якія павінен быў мець кожны канкрэтны прадстаўнік ваенна-служылага люду, стварала ўмовы для надзвычайнай стракатасьці войска. Асабліва гэта тычыцца засьцерагальнага ўзбраеньня, якое ніяк не рэгламэнтавалася. У выніку аўтаматычнае атаясамленьне капійнікаў зь цяжкаўзброенымі, а стральцоў – з лёгкаўзброенымі кавалерыстамі можа разглядацца толькі як даніна традыцыі.
У сярэдзіне ХV ст. у рэглямэнтацыі ўзбраеньня ваяроў Вялікага княства Літоўскага на першае месца выступае новы прынцып - характар засьцерагальных сродкаў. Ужо ў 1448 г. у грамаце вялікага князя Казіміра Ягелончыка магілёўскім баярам Ільінічам, валодаўшым Семянчыньскай зямлёю, прадпісывалася: "Нехай они нам по тому служат, как из своее отчизны, доспехом". За дазвол нейкаму Андрэю Івашковічу купіць у 1487 г. сяло ў Смаленскім павеце Казімір патрабаваў: "нехай от тое селцо держит, а нам с того служит трема панцыры". Несьці вялікаму князю службу "доспешную" абавязваўся за наданьне яму ў 1494 г. сяла Залатовіч у Смаленскім павеце пісар ваяводы Віленскага Сенка Цераховіч. У тым самым годзе намесьнік Смаленскі Юры Глябовіч надаў смаленскаму баярыну Цішку Дукіну сяло Каханоўскае ў Еленскай воласьці, зь якога ішла "шчытная" служба. У 1495 г. быў выдадзены дазвол дваранам Яну Катовічу й Мікалаю Завішычу апекавацца маёнткамі сваіх будучых жонак, дачок Яна Мышковіча Яковіча, за што яны мусілі "с тых именей службу заступовати по осми коней у зброях". Годам пазьней вялікі князь Аляксандр абавязваў служыць "доспехом, а конем" троцкага баярына Мікалая Яновіча і г.д. [8, с. 8, 24, 44, 48, 49, 90, 91].
Ва ўсіх прыведзеных выпадках "дасьпешная", "панцырная" і "шчытная" службы не зьяўляліся сынонімамі і абазначалі, відавочна, розныя мадэлі адбываньня вайсковай павіннасьці. На гэта выразна ўказвае складзены ў канцы ХV ст. "рэестр смаленскіх князёў, баяраў і слуг", на жаль, не датаваны дакладна.
Характар службы князёў і баяраў у гэтым дакумэнце не ўдакладняецца, затое слугі падзяляюцца на тры вышэйзгаданыя катэгорыі. Так, сярод слугаў "Радщинского пути" пералічаны 13 "даспешных" і 9 "шчытных", "Молоховского пути" - 8 "панцырных" і 16 "шчытных" слуг. "Слуги Светеславскии" неслі 14 "шчытных", 5 "панцырных" і 1 "даспешную" службу, "Мащинскии слуги" - 132 "панцырных" і 50 "шчытных" службаў і г.д. [21, к. 477–508].
Крытэрыі й прычыны выдзяленьня падобных катэгорыяў выглядаюць дастаткова зразумелымі. Рэглямэнтацыя засьцерагальнага ўзбраеньня дазваляла вызначыць мінімальныя стандарты ў забеспячэньні ваяроў гэтым адным з найбольш каштоўных складнікаў баявога рыштунку і стварыць рэальныя грунты для падзелу кавалерыі на цяжкую й лёгкую. Аднак застаецца не да канца зразумелым, ці ўвязвалася рэглямэнтацыя засьцерагальнага ўзбраеньня з характарам наступальнай зброі. Для высьвятленьня гэтага моманту можна зьвярнуцца да польскіх рэалій, а менавіта да распрацовак вядомага тэарэтыка арганізацыі войска Яна Астрарога. Падобны зварот тым больш апраўданы, што ў часы кіраваньня Казімірa Ягелончыка Польшча ды Вялікае княства Літоўскае зноў зьядналіся пад уладай аднаго манарха, які пры раздаваньні зямельнай маёмасьці ў Літве мог агаворваць умовы вайсковай службы з улікам польскага вопыту, які пастаянна меў перад сабой. Паводле ўжо згаданых распрацовак Астрарога, зробленых ім, верагодна, у 1447–1454, альбо, што найпазьней, у 1455–1460 г., выдзялялася некалькі катэгорый збройных з дакладна акрэсьленым комплексам наступальнага й засьцерагальнага ўзбраеньня. Ён лічыў, што капійнік павінен мець поўны дасьпех (arma integra), паўкапійнік (semihastarius) - кальчугу, нагруднік, абойчык, рукавіцы й шлем (galea et loricam, thoracem et torquem, vulgariter oboyczyk, cum chyrothecis), стралец - шлем, панцыр і ручніцу ці арбалет з 20 балтамі (galeam, loricam et bombardam vel balistam cum viginti sagittis). Асобна вылучае Астрарог таксама г.зв. "фехтавальшчыкаў" (gladiator), комплекс узбраеньня якіх складаўся з шлему, шчыта ды мяча (galeam, scutum et ensem) [22, с. 256–257].
Пра надзённасьць рэкамэндацый Астрарога ва ўмовах настойлівай неабходнасьці ў больш акрэсленай рэглямэнтацыі засьцерагальнага ўзбраеньня сьведчыць ухвала аднаго зь вялікапольскіх сеймікаў за 1458 г., якая абавязвала кожнага ўладальніка гадавога даходу ў 100 грывен выстаўляць на вайну аднаго капійніка ў поўным дасьпеху на добрым кані (hastarium in integris armis bene fulcitum in bonoequo) разам з двума коннымі стральцамі ў колкавых панцырах, абойчыках і шлемах (in loricis colleriis, galeis). Даход у 20 грывен прадугледжваў выстаўленьне аднаго коннага стральца з арбалетам, у панцыры, абойчыку й шлеме, тады як асобы, якія ня мелі даходаў з чыншу, выпраўлялі з кожных 20 ланаў пехтура з шчытом, шлемам і кордам (cum clipeo, galea et cultro) [23, с. 385].
Такім чынам, зыходзячы з тэндэнцый па ўнармаваньню вайсковай павіннасьці на землях бліжэйшага суседа й саюзьніка, у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове ХV ст. пад "дасьпешнымі" варта разумець ранейшых капійнікаў, а пад "панцырнымі" - стральцоў. На жаль, недахоп надаўчых актаў з разгорнутым апісаньнем вайсковага рыштунку не дазваляе прывесьці больш вычарпальную аргумэнтацыю на карысьць гэтага дапушчэньня. Выключэньне складае наданьне ў 1469 г. Якубам Неміровічам Шчытом войтаўства ў сяле Баціковічы Бельскага павета ягонаму дзяку Фёдару, за што апошні абавязваўся "с нами або нашими наследки на войну с кушею у панцерю з обсеичом и с прилбицою на нашей справе служити, ...на своем коне добром..." [19, к. 1286–1287]. Калі ж гаварыць пра поўны дасьпех, то погляд на яго як на прыналежнасьць капійніка замацаваўся настолькі стала, што ў дакумэнтах Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ён напрыканцы ХV ст. і пазьней выступае пераважна як "капійнічы дасьпех". Такі дасьпех зьяўляўся найбольш манумэнтальным відам пакрыцьця цела, які ахоўваў рыцара з ног да галавы і не патрабаваў дадатковага засьцерагальнага элемэнту ў выглядзе шчыта, рэкамэндуемага Астрарогам для ўжываньня найлягчэйшым вершнікам, а згаданай ухвалай вялікапольскага сейміка - увогуле пехацінцам. Разам з тым, як сьведчаць польскія рэаліі, шчыты працягвалі бытаваць нават у асяродзьдзі лёгкіх капійнікаў. Так, паводле статута 1474 г., прадстаўнікі гэтае катэгорыі кавалерыстаў, ня меўшыя сялян, павінны былі служыць "cum iopula, torace, clipeo et pileo, glyczam habeat, in equo" [22, с. 268]. Мелі шчыты, раз-пораз, і польскія беспанцырныя стральцы. Таму можна меркаваць, што ў Вялікім княстве Літоўскім характар наступальнага ўзбраеньня "шчытных" таксама ня быў ва ўсіх выпадках аднолькавы.
Нягледзячы на фіксацыю ў дакумэнтах другой паловы ХV ст. катэгорый ваяроў, адметных па характару засьцеpагальнага ўзбраеньня, большасьць надаўчых актаў у вызначэньні нормаў вайсковае службы па-ранейшаму апелявала да традыцый, якія маглі быць трактаваныя досыць шырока. Выдзеліць усе магчымыя мадэлі ўзбраеньня, бытаваўшыя ў гэты час у Княстве, не ўяўляецца магчымым, але верагодна, што сытуацыя тут у нечым нагадвала польскае паспалітае рушаньне, дзе пры існаваньні ваяроў, забясьпечаных дрэўкавай зброяй, зброяй далёкага бою, альбо толькі мячамі, налічвалася больш за дзесяць падвідаў кавалерыі, якія адрозьніваліся найперш характарам ахоўных сродкаў, прычым некаторыя вершнікі ня мелі іх зусім [24, с. 13]. Несумненна, што найлепш былі забясьпечаныя баявымі пакрыцьцямі цела заможныя феадалы й іх атрады. У якасьці прыкладу можна прывесьці адлюстраваны ў Пскоўскім першым летапісе эпізод, зьвязаны з ад’ездам з Пскова ў 1460 г. літоўскага князя Аляксандра Чартарыйскага і "двора его кованой рати боевых людей 300 человек, оприч кошевых" [25, с. 219]. Пры ўсім тым, што прынцыпы, якія абумовілі выдзяленьне катэгорыяў ваяроў у другой палове ХV ст., не знайшлі адлюстраваньня ва ўсіх надаўчых актах гэтага часу, акцэнтаваньне ўвагі на норме засьцерагальнага ўзбраеньня вершнікаў лягло ў аснову нарматыўных патрабаваньняў да вайсковага рыштунку ў пазьнейшыя часы, калі рэглямэнтацыя баявых сродкаў замацоўвалася агульнадзяржаўнымі актамі.

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы