. .



Лiцьвiны (лiтвiны, лiтвa) — гicтаpычная нaзвa бeларуcаў у Bялiкім Kняcтвe Лiтoўскім (1240—1795). У якaсьцi нaзвы бeларуcаў шыpaка ўжывaлаcя яшчэ нa пpацягу XIX cтагодзьдзя ды заxоўваeццa ў чаcтковым ужытку ў якаcьцi cаманaзвы вяcковагa жыxapства і цяпеp.




(http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Ліцьвіны)




10/2/11

БАЛЦКАЯ ТЭМА.


Сяргей Санько

            Тэма гэтага артыкулу наколькі істотная і, вядома, патрэбная дзеля разуменьня паходжаньня падставовых складнікаў нашае традыцыйнае культуры і культурнае традыцыі наагул, нагэтулькі і рызыкоўная ды «небясьпечная».

            Істотная яна дзеля адной простай прычыны, а менавіта той, што этнагенэз — гэта, па вялікаму  рахунку, адзіны надзейны, прынамсі, у нашым выпадку, ключ да разьвязаньня шмат якіх праблемаў нашага глота- і культурагенезу, а значыць — і да разуменьня таго, у якім стане знаходзіцца сёньня і нашая культура наагул, і традыцыйная культура ў прыватнасьці, і якія адна й другая маюць перспэктывы на будучыню.
            Ужо адзначалася, што багата якія элемэнты нашай традыцыйнай спадчыны бяруць свае вытокі ў такіх гістарычных відалях, далей за якія часта ўжо не сягаюць і самыя сучасныя рэканструкцыйныя мэтады. Аднак не забывайма, што між тымі далёкімі эпохамі, калі нашымі продкамі ды — ці не скажам мы на традыцыйны лад — багамі закладаліся першыя падваліны нашае культуры, і нашаю цяперачыняй пралеглі цэлыя тысячагодзьдзі, на працягу якіх былі і ўласнае эвалюцыйнае разьвіцьцё культуры, і выкліканыя вонкавымі прычынамі крутыя пераломы, калі шмат што адыходзіла ў нябыт назаўсёды, і ніякая рэканструкцыя тут аніколі ўжо ня зможа даць рады, а тое, што заставалася, магло да непазнавальнасьці зьмяняць сваё аблічча і ў гэтым новым абліччы даходзіць да нас. Усё гэта ўносіла «інфармацыйны шум» у камунікацыю нашых далёкіх продкаў са сваймі нашчадкамі, і цяпер часам ровень гэтага «шуму» перавышае ровень самога «паведамленьня».
            І гэта — адна з прычынаў, чаму разгляданая тэма становіцца даволі рызыкоўнаю і небясьпечнаю. Проста мы ўжо ня можам некрытычна паставіцца як да сьведчаньняў пісьмовых крыніцаў, якія, як вядома, падаюць не гэтулькі факты, колькі інтэрпрэтацыі (зрэшты, факт, як на сёньняшняе разуменьне, і ёсць так ці іначай праінтэрпрэтаванай падзеяй), гэтак і да сьведчаньняў самой традыцыі, прынамсі, у тым выглядзе, у якім гэтыя сведчаньні былі зафіксаваныя этнографамі й фалькларыстамі ХIХ і ХХ ст. Рызыкоўнасьць тут, у прыватнасьці, у тым, што гэтак пытаньне наагул ставіцца ўпершыню і мае відавочны кірунак на чарговае пераацэньваньне таго, што, здавалася б, добра ўжо ўклалася ў тую або іншую гістарычную ці культуралагічную парадыгму або схему.
            Але рызыкоўнасьць уздыманай тут тэмы зьвязаная не толькі з тымі або іншымі крытэрамі навуковай дакладнасьці й надзейнасьці рэканструкцыяў. Сталася гэтак — і ў гэтым таксама, відаць, быў наш лёс, — што праблема нашага паходжаньня ледзь не ад самага пачатку ўсьведамленьня яе як праблемы набывае выразную ідэалягічную афарбоўку, якая зь бегам стагодзьдзяў станавілася толькі ўсё больш інтэнсіўнай і насычанай. Прыгадайма, як яшчэ гэтак званы «пачатковы летапісец» вагаўся ў славянскай атрыбуцыі крывічоў і ў пераліку народаў УсходняеЭўропы не ўлучаў іх ані ў шэраг тых народаў, што маюць «словенеск язык», ані ў купу іншамоўных плямёнаў. А пры апісаньні звычаяў нашых продкаў характарызаваў іх як «зьвярыныя». Ясна, на якіх падставах. Так што праблема нашае самаідэнтыфікацыі й ідэнтыфікацыі нас нашымі суседзямі мае ўжо бадай тысячагадовую гісторыю. А ідэалягізму гэтай праблеме надавала, апроч іншага, адмысловае геаграфічнае становішча нашага этнічнага абшару. І разьмешчанасьць на галоўным эўрапейскім водападзеле, дзе бяруць вытокі найбольшыя эўрапейскія рэкі Дняпро, Дзьвіна, Волга, Нёман, вядомыя нават антычным географам, і сярэдзіннае становішча на скрыжаваньнях колішніх гандлёвых і камунікацыйных шляхоў між Поўначчу ды Поўднем, з аднаго боку, і Захадам ды Ўсходам, з другога, — усё гэта ў ранейшыя часы надавала асаблівага, сакральнага статусу нашай зямлі. Пачаткова калізія тут узьнікае пасьля пераасэнсаваньня сакральнага цэнтру Сусьвету як Эрусаліму, якое пашыралася ў Эўропе па меры распаўсюду хрысьціянства. Актуальным становіцца паўднёвы, міжземнаморскі вектар геапалітычных арыентацыяў. І летапісныя расповеды пра шматвяковую спрэчку Полацку зь Кіевам, а пазьней Літвы з Масквою, як пераемніцаю Візантыйскай імпэрыі за гегемонію на ўсходнеэўрапейскіх абшарах, — адбітак той першай сур’ёзнай калізіі.
            Менавіта ў гэтай метапалітычнай роўнядзі і трэба шукаць прычыны высокае заідэалягізаванасьці праблемы этнагенэзу беларусаў. Цікава адзначыць, што якія б гістарычныя або палітычныя рэаліі ні складваліся на абшарах Усходняе Эўропы, амаль падсьвядомая памяць пра колішнюю харызму насельнікаў «сакральнага цэнтру» так ці іначай захоўвалася й штурхала ды штурхае некаторых суседзяў на тое, каб зрабіць тутэйшых сваймі, «крэўнымі братамі». І цяпер гэтая «братэрская» рыторыка абслугоўвае геапалітычныя амбіцыі апошняй імпэрыі на ўсходзе Эўропы. Нешта падобнае назіралася й назіраецца яшчэ і цяпер у былой Брытанскай імпэрыі ў дачыненьні да рэштак аўтахтоннага валійскага, шатландзкага ды іншага насельніцтва, між іншага, адзначанага харызмаю належнасьці да легендарнай выспы Туле. І там, як і тут, даўняя калізія яшчэ вельмі далёкая ад свайго разьвязаньня.
            Катэгарычнасьць і рэпрэсіўнасьць фармулёвак «братэрскай фразеалёгіі» могуць, вядома, зьмяняцца з часам і са зьменамі ўрадаў. Мы памятаем, што бальшавікі ў гэтым пункце былі досыць бесцырымонныя і, напрыклад, проста забаранілі ў 1973 г. навуковую канфэрэнцыю «Этнагенэз беларусаў», што мела адбыцца ў Менску з удзелам спецыялістаў з усяго Савецкага Саюзу, а нашыя навуковыя «тузы» наагул аніколі не заахвочвалі грунтоўных і сумленных заняткаў гэтай праблемай, нават калі адкрыта і не забаранялі гэтага.
            Няўжо ж гэта адбывалася з чыста акадэмічных, навуковых прычынаў? Ці мо праблематыка дзеля важкіх прычынаў была падведзеная пад рубрыку «псеўдапраблемаў»? Зразумела, што не. Усё было куды больш празрыста. Проста за мінулае стагодзьдзе высілкамі соцень дасьледнікаў — лінгвістаў, этнографаў, фальклярыстаў, антраполягаў, гісторыкаў ды іншых — быў назапашаны вялізарны масіў матэрыялаў, якія адназначна сьведчаць, што ў этнагенэзе беларусаў значны (калі не вызначальны) удзел узялі мясцовыя балцкія плямёны, што спрадвеку жылі на нашых землях і пазней былі аславяненыя.
            Вось тая выснова, якой дагэтуль ня здолела «пераварыць» паноўная ідэалёгія, зь якою афарбоўкаю яна ні была б.
            Два дзесяцігодзьдзі мінулі, перш як рэпрэсаваная праблематыка была рэабілітаваная, не ў апошнюю чаргу дзякуючы актыўнасьці сябраў Цэнтру этнакасмалёгіі «Крыўя», якія ў 1993 г. у Менску правялі адмысловую міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Балты і этнагенэз беларусаў». Канфэрэнцыя не разьвязала цэлай гаймы праблемаў, некаторыя нават не былі закранутыя, і, тым ня меньш, пасьля яе адмаўляць удзел балтаў у беларускім этнагенэзе стала проста «кепскім тонам».
            Згадаем і іншы аспэкт праблемы нашага паходжаньня: пытаньні самаазначэньня й самасьвядомасьці. Iмi ў значнай ступенi абумоўлiваюцца i «плаксiвасьць» беларускае iнтэлiгенцыi, якая быццам бы ўсё жыцьцё адно і вучылася плакаць пра «гаротны лёс» бацькаўшчыны, i тая пасьпешлiвасьць, зь якою тая ж iнтэлiгенцыя манiцца ўсiх беларусаў хутчэй зрабiць бела-русамi. Аднак выдае на тое, што акурат iнтэлігенцыяй — гэтым «розумам» i «сумленьнем» нацыi — самі гэтыя праблемы так i не былi яшчэ дарэшты ўсьведамленыя як праблемы й пры гэтым праблемы экзістэнцыйныя.
            У чым найперш выяўляюцца гэтыя праблемы?
            Перадусiм — у той нясьпешнасьцi, зь якой сярэднестатыстычны тутэйшы бярэцца вызначаць сваю этнiчную й нацыянальную істу. Ён быццам адчувае, а то і проста ведае ўсю ўмоўнасць прапанаванага яму рэестру «самаазначэньняў». Больш за тое, ён заўсёды напаўсьведама ведае i пра iх iншакультурнасьць, неаўтэнтычнасьць, неўкарэненасьць у сваёй — вось тут iснай — зямлі.
            А прапанаваная яму дагэтуль была адзiная магчымасьць: пашукаць асноваў свайго існаваньня адно адштурхоўваючыся ад навязьлiвай апазіцыi Ўсход — Захад, што ў нашых варунках неўнiкнёна мела азначаць фатальнае прывязваньне або да Расеi, або да Польшчы. Але тутэйшы паводле самога складу сваёй натуры прынцыпова не здатны на выбар, калi выбiраць, па вялiкiм рахунку, няма з чаго: як ня згодны самавызначацца ў неўласьцiвых яму тэрмінах градацыяў «расійскасьцi» або «польскасьцi», ён нібы прапануе спынiцца, не сьпяшацца, паразважаць разам зь iм над істаю ягонай тутэйшасьцi i разам з гэтым перавесьцi гутарку зусiм у iншае рэчышча (параўн.: «Мы ня рускія й не палякі, а край наш забраны»).
            А што iншае магла сымбалізаваць гэтая ўпартая тутэйшасьць, як не жаданьне вызначаць сваю існасьць у адпаведнасьцi зь істаю сваёй зямлі, вось гэтага месца, гэтага тут, дзе спрадвеку жылi продкi i, дасьць Бог, будуць жыць наступнiкi?
            Але, на жаль, не пачутыя яшчэ гэтыя прапановы. I з падачы замежных «iдэолягаў» ды з ахвотнай згоды нашай iнтэлігенцыi ўсё ж замацоўваецца за тутэйшым назоў бела-рус, які мала што для яго значыць. А ён — гэты назоў — ужо шмат да чаго забавязвае. У прыватнасьцi, з гледзiшча нашай бела-рускасьцi, атрымаць права на існаваньне могуць адно тыя формы этнагенэтычных дыскурсаў, якiя, як той казаў, заднiм днём апраўдвалi б самую гэную бела-рускасьць.
            Аднак праблемаў з самасьвядомасьцю гэта не выпашае. Хутчэй, канчаткова заблытвае сьвядомасьць у лабiрынтах, ды нагэтулькi, што тутэйшы ўжо гатовы вызначаць сябе або як «рускага», або як «паляка», або як каго-колечы яшчэ, абы не закраналася ягоная аголеная нэрва, абы не раскрывалася вонкі цяпер ужо мала чым ахаваная душа.
            Тым ня меньш, калi назiраеш за падобнымi зьявамi, не пакiдае ўражаньне, што  ня цэлая нацыя пры кожнай сустрэчы з сучаснай цывiлiзацыяй i яе нормамі ды забабонамі нібы напаўсьвядома робіць вялікі epoche (супын) у самавызначэньнi, па якім настае самая радыкальная рэфлексія, роздум, поўны сумневаў і ваганьняў, над асновамі свайго iснаваньня.
            Праблемы паходжаньня беларусаў належаць да вельмі заблытаных i далёкiх ад свайго, хоць бы папярэдняга, разьвязаньня. Сярод вiдавочных i не надта вiдавочных прычынаў гэтага:
            -яўная слабасьць факталягiчнай базы, на якой грунтаваліся першыя канцэпцыi этнагенэзу беларусаў, амаль фатальная залежнасьць наступных тэорыяў ад гэтых першых этнагенэтычных штудыяў i, як вынiк, нарошчваньне камяка «неабдуманых дапушчэньняў»;
            -часьцяком вельмi некрытычнае выкарыстаньне зьвестак пiсьмовых крынiцаў;
            -метадалягiчна неправамернае зьмешваньне этна-, культура- ды глётагенэтычных праблематык i адпаведных iм працэсаў;
            -высокая iдэалягiчная абцяжаранасьць этнагенэтычных канцэпцыяў;
            -своеасаблiвая «рэпрэсіўнасьць» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспекцыi, што адштурхоўваецца ад «наяўнага» (у нашым разе — усходнеславянскага) стану, праектуючы яго на вялікія храналягічныя зрэзы ў мінуўшчыну.
            Менавiта гэткiх ды іншых «падводных камянёў» пакуль ня здолелi абмінуць усе тэорыi паходжаньня беларусаў.
            Але нам пашчасьцiла. Нашыя продкі захавалi ў сваёй традыцыi адмысловы этнагенэтычны мiт. І тут ёсьць сэнс даць кароткi яго пераказ.
            Як i належыць ядраваму мiту традыцыi, ён адсылае да «першых часоў», калi ня толькi ўсё ў сьвеце, але і сам гэты сьвет адно зачыналiся. Спачатку апавядаецца, як з пачатковых водаў з дапамогай Перуна ўтвараецца ўсё iснае, у тым лiку расьлiны, зьвяры ды сам чалавек.
            Першым насельнiкам нашае зямлi быў Бай (князь Бой, паводле iншай вэрсыi мiту), якi меў трох сыноў i двух любiмых сабакаў — Стаўрый Гаўры. Па сьмерцi бацькi два сыны спадкавалi ўсю ягоную маёмасьць, а малодшаму, Белаполю, якi ў гэты час аказаўся на паляваньнi з сабакамi, засталiся толькі гэныя сабакі ды бацькаў наказ: пусьцiць Стаўры й Гаўры на волю, i колькi яны зямлi абьбягуць за дзень, гэтулькi яму і дастанецца на спадчыну.
            Белаполь, злавiўшы дзвюх птушак, пусцiў адну на поўдзень, а другую на захад, а сьледам за iмi сваiх сабакаў. Куды пабеглi сабакi, пацяклi вялікія нашыя рэкi: Дзьвiна — на захад, Дняпро — на поўдзень. З тых часоў мiж гэтых рэк i пасялiўся Белаполь, ад якога «разьвяліся розныя пляменьня пад прозьвішчам Беларусы».
            Вiдавочна, што мiт гэты сцьвярджае нешта проста супрацьлеглае таму, што мы даведваемся зь пiсьмовых крынiцаў пра расьсяленьне на нашым абшары славянскiх плямёнаў. Аднак ёсьць усе падставы ўважаць гэтае сьведчаньне самой традыцыi за больш грунтоўнае, падставовае й аўтарытэтнае пры абмеркаваньнi праблемы паходжаньня беларусаў. У сваiм часе два вядомыя дасьледнiкi (А. Трубачоў, В. Абаеў) вылучылі тэзу пра прыярытэтнасьць нутраных сьведчаньняў пэўнай традыцыi менавiта ў пытаньнях этнагенэзу. Адсутнасьць у народнай памяцi паданьняў пра маштабнае перасяленьне аднекуль з зусiм iншых мясьцiнаў яны схiльныя былi прыймаць за галоўнае сьведчаньне аўтахтоннасьцi гэтага народу, яго спрадвечнага разьвiцьця на сваёй зямлi.
            Наш выпадак чыста адпавядае гэтай тэзе. Але зь яе вынiкаюць зусiм не бестурботныя нават для тутэйшых дасьледнiкаў наступствы. I найпершае зь iх — сцьверджаньне аўтахтоннасьці беларусаў. Апроч iншага гэта азначае, што нiякiя мiграцыi не маглi ў гiстарычна аглядныя часы істотна паўплываць на станаўленьне тутэйшага этнасу.
            Пацьвярджае гэта найперш фізічная антрапалёгiя. У яе асадах было зробленае неацэннае адкрыцьцё. Гэта выснова пра старажытнасьць i значную кансэрватыўнасьць антрапалягiчнага кшталту вясковага насельнiцтва Беларусi. Аналiз розных сэрыяў паказьнiкаў дазволiў адмыслоўцам зрабiць выснову, што антрапалягiчны кшталт сучасных жыхароў Беларусi практычна бязь зьменаў спадкуе кшталт яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва нашае тэрыторыi. А лабараторныя досьледы дазваляюць нават ацанiць «бiялягiчны век» генафонду сучасных беларусаў сама мала ў дзевяць тысячаў гадоў. Вынiкi фантастычныя! І на згаданай вышэй канфэрэнцыi 1993 г. яны яшчэ раз былi пацьверджаныя нашым вядомым антраполягам А. Мiкулiчам.
            У антрапалягiчнай лiтаратуры неаднаразова выказвалася думка, што кансэрватыўнасьць антрапалягiчнага кшталту насельнiцтва пэўнай тэрыторыi сьведчыць за тое, што ў яго разьвiцьцi мiграцыi ня мелі істотнай ролi. Як жа тады быць са славутай «славянскай мiграцыяй» ранняга сярэднявечча? А нiяк. Бо мiграцыi гэтай рыхтык і не было.
            Не фiксуецца гэтая мiграцыя i археалягiчна, хоць, здавалася б, менавiта археалёгiя найперш давала б довады на карысьць стандартнай мiграцыйнай мадэлi. Нiхто з археолягаў пакуль ня змог пераканаўча прадэманстраваць, адкуль i як маглi прыйсьцi шматлікія славянскiя плямёны на будучую Беларусь. Дарэчы, акурат гэтая акалiчнасьць прымушае некаторых дасьледнiкаў сцьвярджаць аўтахтоннасьць славянскага насельнiцтва на Беларусi сама мала пачынаючы з жалезнага веку. Але абгрунтаваць гэты варыянт аўтахтоннай мадэлi паходжаньня беларусаў не лягчэй за папярэдні ёй мiграцыйны. Бо ён адразу ўваходзiць у супярэчнасьць з цэлай гаймай фактаў, якiя іначай як у асадах балцкай прысутнасьцi на Беларусi з самых раннiх даступных аналiзу часоў вытлумачыць нельга. Славянская ж аўтахтонная мадэль грунтуецца ці не вылучна на адным «неаспрэчным» факце — на вiдавочным славянскiм характары гаворак Беларусi і беларускай лiтаратурнай мовы, прынамсi, у апошнiя некалькi стагодзьдзяў. Але гэта i ёсць прыклад той самай «рэпрэсіўнасьцi» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспэкцыi, якая гатовая безаглядна перавытлумачваць мiнулае, зыходзячы з наяўнага сёньняшняга стану, а не наадварот — тлумачыць сёньняшнi стан, зыходзячы з адпаведна зразумелай мiнуўшчыны. Гэта таксама і прыклад зьмешваньня этна- і глотагенэтычнай праблематыкі, то бок мяшаньне праблемаў паходжаньня этнасу й мовы.
            Паспрабуйма зусiм канспэктыўна прасачыць, якiя магчымасьцi дае этнагенэтычнаму пошуку тэза пра аўтахтоннасьць беларускага этнасу.
            Беларуская этнiчная тэрыторыя пачала складвацца ў глыбокай старажытнасьцi. Па апошнім ледавiковым пэрыядзе адбываецца шырокае засяленьне паўночнай часткi Ўсходняй Эўропы першабытным людам. На тэрыторыi будучай Беларусi з гэтага часу пачынаецца эпоха мезалiту.
            Слабыя сувязi мiж рознымi групоўкамi даволі рэдкага яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва, ландшафтавыя ды клiматычныя асаблiвасьцi рэгiёнаў Беларусi, наяўнасць або адсутнасьць пэўных вiдаў сыравiны для вытворчасьцi прыладаў працы ды iншыя чыньнiкi паўплывалi на складваньне вiдавочных лакальных асаблiвасьцяў мезалiтычных культураў на тэрыторыi Беларусi. Але наўрад каб гэта было сьведчаньнем рознаэтнiчнасьцi тагачаснага насельнiцтва.
            Iстотна, што з гэтага часу (позьнi мезалiт) пачынаецца пэрыяд пераважна аўтахтоннага разьвіцьця культураў насельнiкаў Беларусi, што на працягу шэрагу наступных тысячагодзьдзяў будзе вызначаць адметнасьць этнакультурных працэсаў на нашай зямлi.
            Гэтая — ведама, рызыкоўная з гледзiшча прыйманых сёньня за абгрунтаваныя этнагенэтычных канцэпцыяў — думка падмацоўваецца, апрача як матэрыяламі антрапалёгii, вiдавочным супадзеньнем рэгiянальнага падзелу культураў разьвiтога нэалiту Беларусi з арэаламi колiшнiх беларускiх мезалiтычных культураў, а таксама прыкметнай пераемнасьцю ў iх разьвіцьці (Э. Загарульскi). Нялiшне будзе заўважыць, што ўжо ў нэалiце (V — III тыс. да н. э.) усталёўваецца пэўная аднароднасьць археалягiчных культураў на тэрыторыi Беларусi (нарваўскай, нёманскай, дняпроўска-данецкай, верхнедняпроўскай), якой, на думку некаторых дасьледнiкаў, магла адпавядаць i пэўная лiнгвiстычная (моўная) аднароднасьць (М. Чарняўскi). Разнастайныя факты дазваляюць суаднесьцi носьбiтаў гэтых неалiтычных культураў з рознымi групоўкамi iндаэўрапейцаў, а дакладней — з протабалтамi.
            Нэалiтычная этнакультурная еднасьць нашага краю была часова парушаная ў III тыс. да н. э. у вынiку пранiкненьня на захад Беларусi з Усходняй Прыбалтыкi й Цэнтральнай Эўропы іншых iндаэўрапейскiх плямёнаў, носьбiтаў культуры шарападобных амфараў, якiя, верагодна, спрычынiлiся да фармаваньня некаторых асаблiвасьцяў позьняга этапу нёманскай культуры. Але ўжо на мяжы III i II тыс. да н. э. этнакультурная лучнасьць Беларусi ўзнаўляецца ў вынiку пашырэньня тут культуры «баявых сякераў» або «шнуравой керамiкi», што, як, мабыць, слушна заўважае Э. Загарульскi, было ня гэтулькi сьведчаньнем зьмены этнасу, колькі надыходу новае эпохі. Сапраўды, гэтым часам звычайна датуецца пачатак беларускага бронзавага веку.
            На пачатку бронзавага веку бальшыня будучай этнiчнай тэрыторыi беларусаў характарызуецца досыць аднароднымi помнікамі сярэднедняпроўскай культуры (III — пачатак II тыс. да н. э.), якая, праўдападобна, дала асноўныя iмпульсы да ўтварэньня ў пачатку II тыс. да н. э. шэрагу амаль тоесных i, бясспрэчна, генэтычна роднасных культураў (лубанскай у паўднёва-ўсходняй Латвii, паўночнабеларускай у Паазер’i i частцы Смаленскай ды Пскоўскай абласьцей, мар’янаўскай на Палесьсi i ў парэччы Дзясны, Сожу й Сейму, сосьнiцкай у Верхнiм i часткова Сярэднiм Падняпроўi), якiм, на думку шмат якіх дасьледнiкаў, ужо маглi адпавядаць пляменныя групоўкi ўсходнiх (дняпроўскiх) балтаў (В. Сядоў, I. Арцёменка, Э. Зайкоўскi, I. Лозэ ды iнш.).
            Пад тысячу год доўжылася амаль бесперапыннае разьвiцьцё гэтых культураў, ажно пакуль у першай палове I тыс. да н. э. на iх грунце не паўсталi культуры жалезнага веку — дняпроўска-дзьвiнская, што ахапiла смаленскае Падняпроўе, полацка-вiцебскую частку Падзьвiння ды паўднёвую частку Пскоўшчыны, юхнаўская ў басэйнах Дзясны й Сейму, вышнявоцкая ў вышнявінах Акi, мiлаградская ў басэйнах Прыпяцi й Дняпра ды штрыхаванай керамiкi ў цэнтральнай Беларусi i паўднёва-ўсходнiх раёнах сучасных Літвы й Латвii. Нягледзячы на пэўныя адрозьненьнi першых трох са згаданых культураў ад дзвюх апошнiх, ёсьць падставы меркаваць, што ўтвораныя яны былi блiзкароднаснымi групоўкамi плямёнаў, што размаўлялi на блiзкiх адна да адной мовах (адрозненьнi — на роўнi дыялектных). Бальшыня дасьледнiкаў не сумняецца, што носьбiтамi гэтых культураў былi плямёны ўсходнiх, пераважна дняпроўскiх балтаў (напрыклад, Я. Шмiт).
            Гэтая адносная этнакультурная й этналiнгвiстычная пераемнасьць была часткова парушаная ў канцы I тыс. да н. э. у вынiку мiграцыi ў раёны прыпяцкага Палесься i часткова ў Падняпроўе заходнябалцкiх (паводле В. Сядова), а, хутчэй, рознаэтнiчных плямёнаў, якiя спрычынiлiся да ўтварэньня так званай зарубiнецкай культуры. У гэтым жа часе перапыняе сваё існаваньне мiлаградская культура, носьбiты якой былi асімiляваныя часткова «штрыхавiкамi», а часткова «зарубiнцамi». Але й сама зарубiнецкая культура праіснавала ня доўга, спынiўшы сваё разьвiцьцё ў першыя вякі нашае эры. Верагодна, гэта было зьвязана з далейшай мiграцыяй яе носьбiтаў на ўсход i паўночны ўсход — у арэал пражываньня юхнаўскiх плямёнаў, дзе ў вынiку асімiляцыйных працэсаў паўстала мошчынская культура, якую атаесамляюць з культураю пазьнейшай летапiснай голядзi. Дняпроўска-дзьвiнская зона практычна не была закранутая мiграцыяй зарубiнецкiх плямёнаў i працягвала сваё нерупятлівае разьвiцьцё ажно да канца першай паловы I тыс. н. э.
            Сярэдзiна I тыс. н. э. стала пераломнаю ў этнiчнай гiсторыi нашых абшараў. Прыкладна ў гэтым часе адбываецца ўнiфiкацыя культураў ці не ўсяго разгляданага арэалу. Ёсць падставы зьвязваць гэтую зьяву з далейшым расьсяленьнем плямёнаў дняпроўскiх балтаў у паўночна-заходнiм i паўднёвым кiрунках. У вынiку гэтага пачынае складвацца культура, якая паводле найбольш тыповых яе помнiкаў атрымала назоў банцараўска-тушамлiнска-калочынскай. Сярод найбольш выразных «культуралагiчных» адметнасьцяў гэтае культуры кiдаюцца ў вочы яе арэальныя характарыстыкi. Гэта бадай адзiная з раннiх археалягiчных культураў, межы максымальнага пашырэньня якой амаль дакладна адпавядаюць пазьнейшым лiнгвiстычным, этнаграфiчным, фальклёрным ды iншым межам беларускага этнасу на ўсходзе. Не выклiкае сумневаў у дасьледнiкаў (з рэдкiм выняткам) балцкая моўная атрыбуцыя носьбiтаў гэтае культуры. Вiдавочна, што культуру кшталту Банцараўшчына — Тушамля — Калочын можна з поўным правам лiчыць ужо ўласна «протабеларускаю». Нездарма шмат хто з выступоўцаў на этналягічнай канфэрэнцыi 1993 г. у Менску зьвяртаўся менавiта да гэтае культуры з мэтаю прасачыць найранейшыя сьляды будучага беларускага этнасу (Ф. Клiмчук, М.Чарняўскi ды iнш.).
            Пазней, пад канец I тыс., лакальныя адменьнікі культуры тыпу Банцараўшчына — Тушамля — Калочын сталi тым грунтам, на якiм паўсталi i развiлiся культуры летапiсных крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў. І праўда, штудыі апошнiх дзесяцiгоддзяў выявiлi амаль поўную генетычную пераемнасць банцараўска-тушамлінскай культуры ды культуры крывiцкiх даўгiх курганоў. Адзначаецца ў лiтаратуры і пераемнасць у развiццi калочынскай культуры ды культуры летапiсных радзiмiчаў. Праблема генетычных сувязяў банцараўскай культуры i дрыгавiцкiх помнікаў пакуль слаба асветленая. Дарэчы, на генетычную лучнасць банцараўскай культуры з культурамi крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў абапiраўся ў сваiм часе Л. Побаль, аднак вылучна ў вiдалi аўтахтанiсцкай славянскай мадэлi.
            Прыкладна на мяжы I і II тыс. завяршаецца «балцкi» этап беларускага этнагенезу. Адна з галоўных прычынаў гэтага — карэнная змена ў эканамiчным і палiтычным жыццi ды iдэалогii бальшынi тагачасных грамадстваў Усходняй Еўропы. У гэтым часе адбываецца пераход да новых формаў грамадскага ладу (на змену былым аб’яднанням родавых i пляменных груповак прыходзяць першыя дзяржаўныя ўтварэннi) i да новага эканамічнага ўладкаваньня — феадальнага. Протагарадскiя паселiшчы ранейшага часу ператвараюцца ў гарады — адмiнiстрацыйныя, культурныя, рамеснiцкiя i гандлёвыя цэнтры. Гарады становяцца свайго роду пунктамi прыцягнення, «магнітамі» для «шукальнiкаў лепшага жыцця» з усiх куткоў тагачаснай айкумены. Шчыльныя гандлёвыя сувязi гарадоў Усходняй Еўропы спрыяюць тэндэнцыi сцiраньня рэгiянальных культурных асаблiвасцяў i фармавання адносна аднароднай гарадской культуры, што ў лiтаратуры атрымала назоў «старажытнарускай» (В. Сядоў).
            Апошняя была вiдавочным метаэтнiчным утварэньнем, яна ж патрабавала і пэўнай метаэтнiчнай лiнгвiстычнай бесперапыннасьці ды аднароднасьцi. Ролю своеасаблiвага моўнага iнтэгратара дзеля розных гiстарычных прычынаў пачалi выконваць розныя славянскiя гаворкі. Iх унiфiкацыi паспрыяла пашырэньне хрысцiянства амаль выключна ў асяродзьдзi гарадскога насельнiцтва. Славянская мова на вялiкiм усходнеэўрапейскiм абшары стала функцыянаваць як пэўнага кшталту lingua franca, якая гарантавала ўзаемапаразуменьне ня толькi славянам, але й балтам, германцам, фiнам ды прадстаўнiкам iншых этнасаў. Гэтая зьява мела вiдавочны эпахальны характар i была ў шчыльнай сувязі з адпаведнымi працэсамi ў іншых рэгіёнах Эўропы (прыгадайма адно ролю сярэднявечнай лацiны як культурнага iнтэгратара ў Заходняй Эўропе).
            Але адначасна гарады становяцца галоўнымi асяродкамi моўнай і культурнай асымiляцыi тутэйшага насельнiцтва, у Беларусi — балцкага. Асымiляцыйным працэсам спрыялi дзьве акалiчнасьцi:
            -генэтычная роднасьць i структурная блiзіня балцкiх i славянскiх моваў; з прычыны большай эвалюцыйнай «прагрэсіўнасьці» славянскiх моваў, асымiляцыйныя працэсы маглi перакрыжоўвацца з эвалюцыйнымi, прычым эвалюцыя тут была магчымая адно ў кiрунку балцкiя > славянскiя мовы i нiколi наадварот;
            -перасяленьне на тэрыторыю Беларусi нешматлiкiх груповак iншаэтнiчнага славянскамоўнага насельнiцтва.
            Асымiляцыйныя працэсы доўжыліся некалькi стагодзьдзяў i, праўдападобна, свайго крытычнага пункту дасягнулі ў ХIII — ХIV стст., пасьля чаго працэс славянiзацыi мясцовых балтаў стаў незваротным. У вынiку на вялiкiм абшары, яшчэ нядаўна занятым носьбiтамi балцкай банцараўскай культуры, запанаваў пэўны кшталт славянскай гаворкi, якую з адпаведнымi агаворкамi можна назваць «старабеларускай». Але балцкi лiнгвiстычны субстрат беларускае мовы яшчэ й сёньня выразна праяўляецца ў гайме лексічных балтызмаў, што захоўваюць i актыўна выкарыстоўваюць беларускiя дыялекты ды лiтаратурная мова, у фанэтычным, марфалягiчным ды сінтаксычным ладзе беларускае мовы, у беларускай гiдра-, топа- і антрапанiмii. Агульная колькасьць беларускiх лексічных балтызмаў, як адзначаюць дасьледнікі (В. Мартынаў, I. Лучыц-Федарэц, С. Прохарава, У. Тапароў, Ю. Адкупшчыкоў, С. Санько ды інш.), значна перавышае тыя некалькi соцень прыкладаў, якiя да нядаўняга часу фiгуравалi ў лiнгвiстычнай лiтаратуры (параўн. працы Ю. Лаўчуце). Ужо часткова апублiкаваныя матэрыялы «Этымалягiчнага слоўнiка беларускае мовы» павялiчваюць вядомыя сьпiсы цi не ўдвая (В. Мартынаў). Надзвычай перспэктыўнае ў гэтым стасунку дасьледаваньне сінтаксычных балтызмаў, наагул вывучаных яшчэ надта слаба (гэты прагал запоўнены толькі працамi С. Прохаравай). Адзначаныя акалiчнасьцi даюць падставы гаварыць не проста пра балцкi субстрат беларускае мовы, але й пра балцкi iнгрэдыент у ёй.
            Канчаткова ўласна беларускi этнас складваецца ў сваiх яшчэ дагiстарычных культурных межах (арэал банцараўскай культуры) за часамі Вялiкага Княства Лiтоўскага — супольнай дзяржавы продкаў сучасных беларусаў i лiтоўцаў, а часткова — расейцаў ды ўкраiнцаў. У гэтых спрадвечных межах i засьпяваюць беларусаў этнографы й дыялектолагi XIX — ХХ стст.
            Падводзячы вынікі вышэй сказанага, адзначым:
            -што ў аснове беларускага этнагенэзу былi, бясспрэчна, мясцовыя балцкамоўныя этнiчныя групоўкi;
            -што праўдзіваю праблемаю ёсьць ня гэтулькi высьвятленьне ролi балтаў у беларускiм этнагенэзе (яна вiдавочная), колькi ролi славянаў, а таксама таго, як, пры якiх умовах і калi адбывалася моўная (часткова — культурная) асымiляцыя (славянiзацыя) тутэйшага насельнiцтва, якая роля належала ў гэтым працэсе тым ня надта шматлiкiм, калi даваць веры археалягiчным крынiцам, славянскiм перасяленцам, пераважна ў паўднёва-заходнiх раёнах сучаснай Беларусi.
            Калi ж выказаць формулу беларускага этнагенэзу сьцісла, то можна сказаць, што беларусы — гэта славянамоўныя балты. Якiя гэта можа мець культуралагiчныя наступствы, пакажа будучыня. 

No comments:

Post a Comment

Папулярныя артыкулы